Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Маніфеста́цыя ’публічнае масавае выступленне для выражэння салідарнасці або пратэсту’ (ТСБМ), ст.-бел. манифестацыя (XVII ст.) ’тс’ са ст.-польск. manifestacyja, якое з лац. manifestātio ’выяўленне’ (Булыка, Лекс. запазыч., 32).

Ма́ніца ’майнік, Majanthemum bifolium (L.) Fr.’ (навагр., Сцяшк. Сл.; в. Сляпянка, мін., КЭС). З ⁺майніца, якое з ма́йнік (гл.).

Мані́цца ’мець намер, збірацца рабіць што-небудзь; планаваць’, ’спрабаваць’, ’абяцаць, цешыць надзеяй’, (ТСБМ, Сл. ПЗБ; міёр., Нар. сл.; КЭС, лаг.; мядз., Нар. словатв.; Жд. 1), ’хацецца’ (шальч., Сл. ПЗБ), заману́тысь ’захацецца’ (драг., КЭС), ма́ніцца ’мецца (аб тым, што павінна быць)’ (Нар. Гом.). Укр. ману́тися ’хацецца, цягнуць да чаго-небудзь’, рус. пск., цвяр., маск., кур., дан. мани́тся ’хочацца, цягне да чаго-небудзь’. Балтызм. Параўн. літ. manýtis ’хацецца’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 3, 30).

Мані́цы ’мужчынскія калівы канапель’, ’валакно з іх’ (ТСБМ, Сцяшк., Жд. 1, Шчарб.; івян., дзярж., уздз., мін., каліну., ДАБМ, к. 286). Да мані́ць (гл.): мужчынскія асобіны канапель цвітуць, але не даюць пладоў, нібыта «падманваюць» (Вярэніч, вусн. паведамл.).

Мані́ць ’падзываць, клікаць, падклікаць (качак, курэй, сабак)’ (Касп., Шат., Юрч., Сцяшк. Сл.), ’прыцягваць, прынаджваць’, манлі́ву ’прываблівы’ (ТС), беласт. мані́ті ’прывабліваць, спакушаць’ (Сл. ПЗБ); мана́ ’прываба, пахучая прыманю’ (ТС); мані́ць, мані́ці ’хлусіць’, мана́, мына́ ’хлусня, наўмыснае скажэнне ісціны’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Растарг., Яруш., Сцяшк., КЭС, лаг.; ЛАПП, ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Янк. 1), мань, май ’хлусня, хлус’ (кліч., Жыв. сл.; Яруш., Мікуц., Нас., Шат.). Укр. мани́ти, рус. мани́ть ’тс’, паўн. ма́нкий ’спакушальны, прыцягальны’, валаг. манно́ ’прывабліва, прыемна’, алан., наўг., калін. ман ’хлус’, алан., смал., укр. мана ’хлусня’, польск., в.-луж. manić, н.-луж. maniś ’падманваць, ашукваць; прывабліваць, спакушаць, цешыць сябе чым-небудзь’, польск. man ’уведзены ў зман’, ’падман’, manicielstwo ’тс’, ’спакуса’, чэш. ‑maniti: ляш. podmanic ’падбухторыць да нечага’, podmana ’хітры ашуканец’, славац. obmantať ’ашукаць’, umantať ’заваражыць, зачараваць’. Да групы слав. лексем з асновай man‑ трэба яшчэ далучыць бел. мана́ ’пустата’, ’прывід, здань’ (Нас.), ’чары, насланнё’ (Ян.), ’азарт, прыцягальная сіла’ (карэліц., Марц.), ’ахвота, жаданне’ (Сцяшк. Сл.), мані́ць ’трызніць’ (Сцяшк.; іўеў., Сл. ПЗБ), мін. манаецца ’здаецца’ (КЭС) і аналагічныя да іх укр. мана́ ’прывід, здань, ілюзія’, рус. смал. ’насланне, нешта нерэальнае’, ’хмара’; ’прынада, спакуса’ (Даль); тамб. ’слодыч’, наўг. ман ’нячысцік, які жыве ў званіцы, у хаце або ў лазні’, уладз., валаг., наўг. мани́ть, безасаб. ма́нит ’здавацца, мроіцца’, манной ’шалёны’, а таксама польск. man ’ілюзія’, серб.-харв. не̏ман (з адмоўнай прыстаўкай, як, напр., нябога) ’страшыдла, прывід’, ’волат, калос’, ’нячысцік, д’ябал’, у якім (паводле Скока, 2, 366) адбылася дысіміляцыя mm > mn. Ван–Вейк (RÉS, 14, 73) таксама мяркуе, што паўн.-слав. maniti ўтварылася ў выніку дысіміляцыі з mamiti, прадстаўленага на зах.- і паўд.-слав. моўнай тэрыторыі, параўн. польск. mamić ’падманваць, уводзіць у зман’, ’прывабліваць’, чэш. mámiti ’выманьваць, выцягваць’, ’абдурманьваць’, славац. mámiť ’тс’, ’прывабліваць’, mam ’прывід, міраж’; славен. mámiti ’завабліваць, спакушаць’, ст.-славен. mama ’балбатун’, серб.-харв. ма́мити ’заманьваць, прывабліваць’, ’выманьваць’, ’раз’юшваць’, ма̏ма ’дурны’, ’шаленства’, ма̑ма ’прынада’, макед. мами ’хлусіць, ашукваць, махляваць, заманьваць’, балг. ма́мя ’тс’, ’прыручаць’, ’парушыць клятву’, ’вадзіць за сабой’, ’падзываць, клікаць (свойскія жывёлы і птушкі)’, ст.-слав. мамьнъ ’дурны’, ц.-слав. мамити і манити. Махэк₂ (350 і 351) мяркуе, аднак, што зыходнай формай для дзеяслова з’яўляецца прасл. manъ, якое пад уплывам сіноніма klamъ змяніла свой канчатак (‑nъ у ‑mъ) > ‑maniti. БЕР (3, 635) дае дзве прасл. формы дзеяслова: mamiti і maniti. І.‑е. асновай для першай з’яўляецца *ma‑ ’узмах рукою’ > прасл. majati, maxati, літ. móti, лат. māt ’махаць, ківаць’ з фармантам ‑mo‑ (параўн. ст.-грэч. μῑμος ’пераймальнік, імітатар, мім’, лац. mīmos ’тс’, месапск. mimeteos (Р. скл.) ’тс’ (Крае, IF, 49, 268; Бязлай, 2, 164–165). Роднаснымі да прасл. maniti будуць: ст.-інд. māyā́ ’чары, падман, ілюзія’, авест. māyā‑, лат. mãnît ’уводзіць у зман, падманваць’, mani, якому адпавядае бел. мань (Карскі, Труды, 456), ст.-в.-ням. mein ’ілжывы, падманлівы’, ст.-ісл. mein ’страта, шкода, няшчасце’, ст.-англ. mān, ст.-сакс. men ’хлусня’, ням. Mein‑eid ’клятвапарушэнне’ (Мюленбах-Эндзелін, 2, 582; Бернекер, 2; Фасмер, 2, 569).

Мані́шка ’нагруднік, прышыты (прышпілены) да мужчынскай кашулі’, ’накладка на правую частку прарэха ў мужчынскіх штанах’ (ТСБМ, Жд. 1, Бяльк., Сл. ПЗБ). Укр. мани́шка, букав. мані́шка ’кветка, вышытая на матэрыі і прышытая да адзежы’, рус. манишка ’нашыўка на грудзях’. Польск. maniszka з рус. мовы. Відавочна, рускае з-за суфікса ‑ішк‑а. Да мана́ < мані́ць (гл.) у першасным значэнні ’нешта прыцягальнае, прывабнае’ (КЭСРЯ, 192–193).

Ма́нія1 ’псіхічны стан’, ’незвычайная цяга, слабасць да чаго-небудзь’ (ТСБМ). З польск. mania ’тс’ або з рус. мания (Крукоўскі, Уплыў, 88), якія з лац. mania < ст.-грэч. μανία ’шаленства’, ’захапленне, цяга’ < μαίνομαι ’шалею, вар’яцею’ (Брукнер, 322; Фасмер, 2, 569). Сюды ж манья́к, ст.-бел. маньякъ ’шалёны’, якое з с.-лац. maniacus ’тс’.

Ма́нія2 ’здань, прывід’ (Ян.). Укр. манія́ ’тс’, рус. паўн., усх., перм. манья́ ’прывід (звычайна ў выглядзе старой кволай жанчыны)’, варон., паўд., зах. манья́к ’прывід, які з’яўляецца перад жнеямі’, тул. ’злы дух у выглядзе знічкі’. У выніку кантамінацыі мана́ (< мані́ць) і ма́нія1. Гл. таксама маняя́.

Ма́нка1 ’манная каша’ (Мат. Гом.). З рус. ма́нка ’тс’, якое са словазлучэння манная крупа. Да ма́нна (гл.).

Ма́нка2, манко растрата’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. manko, якое з італ. тапсо ’тс’.

Манке́т, манке́ты, малар. манкэ́та, манкатэ́ ’канцавая частка рукава, манжэт’ (Касп., Сл. Брэс., Сцяц., Сл. ПЗБ; гродз., Мат. АС; в.-дзв., Шатал.; гродз., дзярж., Нар. сл.; КЭС, лаг.; слонім., Шн. 3), ’частка рукавіцы’ (Жд. 1). Рус. ёнаўск. (ЛітССР) манке́та ’манжэта’. Запазычана з польск. mankiet ’тс’ (Кюнэ, 76; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 3, 31), якое з італ. manichetta ’рукаўчык’.

Манкі́раваць ’грэбаваць, нядбайна адносіцца да чаго-небудзь’ (ТСБМ), ’хлусіць, падманваць, фальшывіць’ (Нас.; іўеў., Сл. ПЗБ). З рус. манки́ровать ’адсутнічаць, ухіляцца’, якое з франц. manquer ’не хапаць’ < італ. mancare > лац. mancus ’пакалечаны’ (Фасмер, 2, 570).