Ма́нна1 ’ежа’, таксама ў выразе: манна нябесная (біблейскі, (разм.), ’манныя крупы’ (ТСБМ, смарг., Сл. ПЗБ). Укр. манна (небесна) ’тс’, рус. манна ’манна нябесная’, ст.-рус. мана, манна, маньна ’манна’, ст.-слав. ман(ъ)на; маньна (Пацлава, Paleoslov., 120). З грэч. μάννα ’ежа’, якое з арам. mannā́ ’дар, ежа’. У зах.-слав. мовах mana, manna з с.-лац. manna, якое таксама з грэч. мовы. Разглядаючы італ. manna Бацісці–Алесьё (3, 2351), дапускаюць, што біблейская манна суадносіцца з раслінай Lecanora esculenta (гл. манна2).

Ма́нна2 ’маннік наплываючы, Glyceria fluitans (L.) R. Br.’, ’застылы сок гэтай і некаторых іншых раслін’ (маг., Кіс.; ТСБМ). Укр. манна, манна трава, маннова трава, польск. manna, mannianka, słodycz ’маннік’, чэш. manna, польск. manna samorodna ’расічка, Digitaria, рус. манна, славац. manna jeḋla ’манна ядомая, Lecanora esculenta’ і інш. — да прасл. mana (гл. мані́цы). Раней у жыцці старажытных славян (на Беларусі нават і ў XIX ст.) маннік шырока выкарыстоўваўся ў ежы ў выглядзе каш, а з застылага соку, які збіралі перад узыходам сонца, рабілі напіткі («мяды»), параўн. рус. мёд из манны (Махэк, Jména rostl., 280 і 294).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)