Мазур-полька, мазурко́вая полька ’від полькі-мазуркі, якую танцавалі трасучыся’ (капыл., Жыв. сл.; круп., Сл. ПЗБ). Да мазур 1 (гл.).
Мазу́т, мазу́та ’астатак ад нафты пасля адгонкі бензіну, газы і газаліну’ (ТСБМ, Мат. Гом.). Запазычана з рус. мазут ’тс’, якое, паводле Ушакова (Толк. сл., 2, 118), — з араб. makhzulāt ’адыходы’ > тур. mazut, mazot (Фасмер, 2, 558; Лёхін, 417).
Мазу́ха ’суп, запраўлены льняной макухай’ (акц., Мат. Гом.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад ма́заць ’брудзіць’ (гл.) і суф. зніжаючай ацэнкі ‑уха, як і маку́ха (гл.) (ільняная макуха мае цёмна-карычневы колер).
Мазы́ ’бруд, плямы на кашулі’ (Нас.). Беларускае. Да мазаць (гл.).
Мазы́рка ’бочка для дабра, збожжа’ (браг., Мат. Гом.). Відавочна, ад назвы горада Мазыр. Гэта бочка павінна была чымсьці адрознівацца ад немазырскіх.
Мазь ’сумесь тлушчу з лекавымі сродкамі’, ’густое тлустае рэчыва для замазкі чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., ТС). Укр. мазь, рус. мазь, ст.-рус., ц.-слав. мазь, польск. maź, н.-луж., в.-луж. maz ’тс’, чэш. maz ’машыннае масла’, славац. maz ’мазь’, славен. máz ’мазь, памада’, серб.-харв. ма̑з ’мазь, падмазка’, балг. маз. Прасл. mazь утворана ад асновы дзеяслова mazati > ма́заць (гл.) і суф. ‑ь.
Мазю́ка ’плаксун’, ’капрызніца, песта’ (слонім., Жыв. сл.) — да ма́заць (гл.). Аб суфіксе ‑юка гл. Сцяцко, Афікс. наз., 78.
Ма́зя ’размазня, плаксун’ (пін., Нар. лекс., драг. КЭС), укр. мазя́ (н. р.), Р. скл. мазя́ти ’бруднае, неакуратнае дзіцё’. Бел.-укр. ізалекса, утвораная ад ма́заць (гл.) і суф. ‑я (параўн. соня). Гл. ма́за 2.