Гаржэ́тка ’гаржэтка’ (БРС). Запазычанне з рус. горже́тка ’тс’ (у рус. мове ўтварэнне на базе франц. gorgerette > горжет + суф. ‑ка; аб складанай гісторыі слова гл. у Шанскага, 1, Г, 133).
Гарзо́ліць ’балбатаць, гаварыць абы-што’ (Сл. паўн.-зах.). Няясна.
Га́ріда ’дрэнь’ (Бяльк.). Кантэкст: «Гаріда ты, што ты мне сьвіньню пыдкладывыіш!» Відавочна, тое ж, што і рус. а́ред ’вельмі стары чалавек, стары скнара, буркун, злы чараўнік’, паходжанне якога спрэчнае (гл. Фасмер, 1, 85: магчыма, ад біблейскага імя Ίάρεδ; параўн. яшчэ Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 122) і якое ўжываецца і як лаянка.
Га́рка ’нізкае месца, дзе вясной доўга стаіць вада; багністае месца, балота’ (Яшкін). Магчыма, з *garьka (памяншальная форма да *garь < *gorěti).
Гарка́вы 1, гарка́віць (БРС). Гл. га́ркаць.
Гарка́вы 2 ’гаркаваты, горкі’ (Нас., Бяльк., Касп.). Здаецца, прасл. слова *gorьkavъjь; серб.-харв. го̏ркав, чэш. hořkavý, польск. gorzkawy. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 55. Далей сюды рус. назва рыбы горька́вка (там жа), бел. назва расліны гарка́ўка (параўн. у Бяльк.: «Калі сырваць яе — унізе выступаем горкае малако»).
Га́ркаць ’гаркаць (пра сабаку); лаяцца’ (БРС, Нас., Сцяшк., Касп.). Сюды ж дыял. гарка́ць ’гаркавіць’; адсюль утворана гарка́вы, ад якога атрымаўся дзеяслоў гарка́віць (БРС). Параўн. яшчэ гаркава́ць ’варкаваць’ (Бяльк.). Прасл. *gъrkati (для перадачы розных гукаў) са шматлікім адлюстраваннем у слав. мовах. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 209.
Гарла́н, гарла́ніць (БРС, Шат.). Рус. горла́н, горла́нить. Паводле Шанскага (1, Г, 135), рус. горла́н утворана ад го́рло (у значэнні ’сварлівы чалавек’) суфіксам ‑ан.
Гарлапа́н ’гарлапан’ (БРС, Бяльк.), гарлапа́ніць (БРС). Рус. горлопа́н ’тс’. Паводле Фасмера (1, 442, са спасылкай на Сабалеўскага, РФВ, 71, 443), складанае слова: горло + пан. Іначай Шанскі, 1, Г, 136: утварэнне суфіксам ‑ан ад *горлопа ’крыкун’ (< горло).
Гарла́ты. Гэта бел. дыял. слова Трубачоў (Эт. сл., 7, 203) адносіць да ліку прасл. дыялектызмаў: прасл. *gъrdlatъ(jь): серб.-харв. гр̀лат, чэш. hrdlatý, польск. gardłaty, рус. горла́тый і г. д.
Гарла́ць ’гарланіць’ (Нас.). Рус. дыял. горла́ть, укр. горла́ти ’тс’. Здаецца, усх.-слав. утварэнне ад *gъrdlo ’горла’.