Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Віст ’карцёжная гульня’ (БРС, КТС), укр. віст, руск. вист, польск. wist і г. д. Запазычана праз рускую ці польскую мову з англ. whist ’карцёжная гульня’ < whist ’тсс!..’ — гукапераймальны выклічнік, які ўжывалі ў час гульні для падтрымання цішыні (Шанскі, 1, В, 107).

Вістэ́рко ’люстэрка’ (Жд., 1) пашкоджанае (народнае). Ад люстэ́рка (гл.) < польск. lusterko < іт. lustro. Пачатковае в‑ прыстаўное: лʼ магло адпадаць; параўн. драг. ю́стро ’люстэрка’, тады на месцы зіяння ўзнікала в‑.

Ві́сус ’свавольнік, гарэза, жэўжык, распуснік’ (БРС, КТС, міёр., З нар. сл.); ’жорсткі, бязлітасны чалавек’ (Жд., 2); ’вісельнік’ (Нас.), зах.-укр. висус ’гультай, вісус, гарэза’. Запазычана з польск. wisus ’тс’ < wisuć (Брукнер, 618).

Вісу́чы ’вісячы’ (Касп.), рус. паўн., смал. висучий ’тс’. Да вісець (гл.).

Вісцёбка ’стопка, камора, варыўня’ (Тарн., ДАБМ), як і вусцё́пка, вістэ́пка і інш., з’яўляецца фанетычным варыянтам да стопка (гл.), істобка (гл.), ізба́ < jьstъba (Мартынаў, Лекс. взаим., 120–126; Лекс. Палесся, 160).

Вісюлька ’лядзяш’; ’упрыгожанне ў выглядзе невялікіх падвесак’ (КТС), рус. висулька, висюлька ’тс’, паўн. ’шкляная вісячая завушніца’. Утворана ад вісець (гл.) і суф. ‑ʼуль‑к‑а.

Вісю́чы ’вісячы’ (Нас.) — дзеепрыметнік той жа, што і вісучы, аднак пад уплывам вісячы ‑с‑ набыло мяккасць.

Віс-віс-віс ’падзыўныя словы для кароў’ (ДАБМ, 895), відазмененае зах.-палес. быцю‑быцю. Параўн. мсцісл. бысь‑бысь‑бысь ’тс’. Аб магчымасці такіх фармальных фанетычных змен гл. Смаль–Стоцкі, Словотвір, 145.