Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Агрэ́х ’прапушчаная баразна’ (БРС, Шат., Гарэц., КЭС) кантамінаваная форма арэх (< араць) і агрэх (< грэх) (Выг. дыс.). Словаўтваральная мадэль застаецца няяснай.

Агу́ ’так’ (Касп., Гарэц.). Гукапераймальнае.

Агу́дзіць ’асудзіць, абгаварыць, зганіць’ (Нас., Гарэц., Бяльк.), агужываць ’тс’ (Нас.) да гудзіць (гл.).

Агулы́м-быза́р ’бязладдзе’ (Арх. Бяльк.). Першая частка да агул, другая — цюрк. bazar.

Агу́льны, агулам ’супольна’, агул ’гурт’ (Нас., Др.-Падб.), ’круг’ (Яруш.), ст.-бел. огуломъ (1579) (Нас. гіст.), укр. вогул ’талака’, огулом ’агулам’, рус. огул, огулом, польск. ogół, ogółem, ст.-польск. oguł. Нельга разглядаць польскія словы як крыніцу ўсходнеславянскіх, паколькі ó < u (Развадоўскі, Wybór, 1, 300). Няма таксама іншых аргументаў у карысць запазычання насуперак Фартунатаву, BB, 6, 218 і Ягічу, AfslPh, 17, 292. Фартунатаў звязвае з разглядаемай групай слоў ц.-слав. глота ’натоўп’ (< gъlota, параўн. балг. глота ’чарада, натоўп’, серб.-харв. гло̏та ’сям’я, галота’, славен. gtota ’мноства’) і ст.-інд. gaṇáḥ ’натоўп’ і голы (праз такія формы, як чэш. zhola ’поўнасцю’). Не выключана, аднак, сувязь агул з прасл. gъlota (< gъl‑ota). Больш верагодным здаецца агул да гуляць (гл.) (Бернекер, 1, 361). Сумненне тут выключна семантычнага характару. Наступная семантычная паралель, магчыма, пацвярджае сутнасць гэтага супастаўлення. Прасл. kolo ’кола’ мае па розных дыялектах наступныя найбольш пашыраныя значэнні: ’круг, гурт, грамада, танец’, ст.-грэч. κύκλος мае тыя ж значэнні. Так, бел. агул ’круг, гурт’ можна генетычна звязаць з бел. гуляць ’іграць, танцаваць (штосьці рабіць калектыўна)’.

Агу́ндыр ’сабака (лаянка), сабачы сын’ (Бяльк.). Слова запазычана з ідыш а hund der. Гл. Вінэр, ЖС, 1, 1895, 58; Карскі, Белорусы, 172. Гл. цугундыр.

Агу́раць ’надаесці’ (Бір. дыс.), агурэць ’разленавацца, стаць непаваротлівым’ (КЭС, лаг.), агурыцца ’абвыкнуцца, апусціцца’ (Бір. дыс., Нас.), агура ’неслух, непаслухмяны’ (Бяльк.), агурань ’грубіян, неслух’, агурства (Нас.), ст.-бел. огурный ’непаслухмяны, бестурботны’ (Гарб.), огуритися ’не слухацца, упірацца’ (1557), огурство ’ўпартасць’ (1554) (Нас. гіст.), рус. огурь ’упартасць, ленасць’, огурный ’упарты, гультай’ і інш. (гл. Львоў, Зб. Вінаградаву, 172), укр. огурний, угурний ’упарты, непаслухмяны’ (гл. Патабня, Из записок, 3, 51). Булахаў (Бел. мова, 46–47) параўноўвае беларускія словы з велягурісты (гл.). Супрун, Веснік БДУ, 1, 2, 69 — з славац. ohurny ’магутны, бялізны, грубы’, ohurit ’аглушыць, заблытаць’, але дапускае і прэфіксальны характар a‑. Тады супастаўляюцца таксама рус. гуряться ’паводзіць сябе нахабна’, палаб. *gorniti ’гаварыць’, славац. hurny ’магутны, бялізны, грубы’, серб.-харв. гу́рати ’штурхаць, пхаць’ (гэта супастаўленне зроблена ўпершыню Патабнёй), балг. гурам ’хадзіць’. Пералічэння словы, вельмі далёкія семантычна, трэба размежаваць. Паўднёваславянскія формы звязваюцца з літ. gū́ra ’сутулы чалавек, чалавек, які ходзіць сагнуўшыся’, gū̃rinti ’хадзіць сагнуўшыся’ (Буга, RR, 1, 441), лат. gūrât ’марудна рухацца, ляніцца’ (Эндзелін, KZ, 44, 68), лат. guôrît ’марудзіць, вагацца’, guoris ’гультай, лодар’. Апошнія балтыйскія паралелі непасрэдна звязаны з беларускімі і рускімі словамі. Эндзелін таксама супастаўляе латышскія формы, серб.-харв. гӳритисе ’згібацца’ з ст.-грэч. γυρός ’сагнуты, гарбаты’, нарв. kūra ’згібацца’ і г. д. (Параўн. яшчэ Фрэнкель, 177; Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 96). Што датычыць семантычнага пераходу ад серб.-харв. гӳрити се ’згібацца’, балг. погурен ’сутулы’ да серб.-харв. гу́рати ’штурхаць, пхаць, туліць’, балг. гурам ’хадзіць’, параўн. сутулы, туліць і туляцца. Польск. ohurstwo, відавочна, з беларускага (г — фрыкатыўнае), а палаб. *gorniti да гэтай лексічнай групы не адносіцца. Такім чынам, формы яшчэ індаеўрапейскія (*gau̯/gu‑r). Рэканструкцыя Львова (*agh‑) неверагодная. Супраць апошняй таксама Трубачоў, Дополн., 3, 121.

Агу́рнік ’Trifolium arvense L.’ (Кіс.), да агурок (гл.).

Агуро́к, укр. огурок, рус. огурок, огурец, польск. ogórek, славен. ogurek < ст.-грэч. άγουρος, Фасмер, ИОРЯ, 12, 2, 260; Фасмер, 3, 120.

Агы́нь ’вокліч для адгону гусей’ (Бяльк.), сюды ж агыля: агылʼа (КСТ). Гл. агіль, гыля.