Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Палудна́ць ’палуднаваць’ (Мат. Гом.), палу́ннаць ’тс’ (Сл. Брэс.). З палуднаваць (гл. папярэдняе) у выніку асіміляцыі дн > нн у форме палу́ннаць і скарачэння.

*Палужаві́на, полужавіна ’нізіна’ (ТС). Да луг© (гл.).

Палу́каш ’плецены кораб, які ўстаўляецца ў драбіны воза або ў сані’ (ТСБМ, Янк. 3.; Сл. ПЗБ, Нар. сл.), палу́кашак ’тс’ (Дразд., Сержп. Земл., Яруш., Федар. VI). З пол(у) і кош (гл.).

Палу́ндра выкл. ’у мове маракоў і партовых грузчыкаў — вокрык, які ўжываецца ў значэнні «беражыся, падае зверху» або наогул перасцерагае аб небяспецы’ (ТСБМ). Праз рус. полу́ндра ’тс’, якое з гал. van onderen ’знізу’ з дысіміляцыяй н‑н > л‑н (гл. Фасмер, 3, 319).

Палуні́ца ’ягада’ (Мат. Гом.). З кантэкста відаць, што маюцца на ўвазе палявыя трускалкі. Полуні́ця ’суніца’ (Крачк.). Рус. полени́ка ’марошка’, наўг. ’кастяница’, паўдн. полуни́ца ’трускалкі’, кур. поле(о)ви́чник, наўг. полевни́ца ’тс’, укр. полени́чник ’трускалкі (сама расліна)’. Ад поле (Даль, 3, 258).

Палу́нія ’лунацізм’ (Сл. ПЗБ). Да лу́на (гл.). Відаць, са скажонага рус. полнолуние.

Па́лупка ’драўляная аправа ў жорнах’ (Сл. ПЗБ). Да луб2 (гл.).

Палу́чка ’заработная плата’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. разм. полу́чка ’тс’. Дзеяслоў палуча́ць ’атрымліваць’, палучы́ць ’атрымаць’, відаць, таксама з рус. получи́ть.

Па́лушкі ’паланкі’ (Сл. ПЗБ), цалушкы, полышкы (Сл. Брэс.), палошэчка (З нар. сл., палес.; ТС). Гл. апалушкі.

Палы́н ’пустазелле з моцным пахам і горкім смакам’. Рус. полы́нь, укр. поли́н, ст.-рус. пелынъ, пелынь, польск. piołun, ст.-польск. piołyn, чэш. peluň, pelyněk, серб.-харв. пѐлин ’шалфей’, славен. pelin ’тс’, балг. пели́н ’палынь’. Якой была прасл. форма, не зусім ясна. Звязваюць з polěti ’гарэць, палаць’ (Младэнаў, 417; Махэк, 443) або з назвамі колеру тыпу polvь (гл. пало́вы) (Праабражэнскі, 2, 103). Паралелі ўказваюць толькі ў лат.: pelane ’палын’, pelȇjums (мн.) ’тс’ (Мейе–Эндзелін, 3, 194). Гл. яшчэ Фасмер, 3, 320.