Кош 1 ’плеценая з лазы, карэння і інш. круглая пасудзіна для складання і пераноскі чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., ТС, Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Бяльк., Сцяшк., КЭС, лаг., Мат. Гом., Яруш.). Укр. кіш, рус. кош, ст.-рус. кошь ’тс’, ст.-слав. кошь, балг. кош, макед. кош, серб.-харв. ко̏ш, славен. kòš ’тс’, польск. kosz, чэш. koš, славац. koš, в.-луж. koš, н.-луж. kós ’тс’. Паколькі прасл. košь не мае адпаведнікаў у іншых індаеўрапейскіх мовах і ў той жа час нібы вытворнае ад яго košelь мае надзейны лацінскі адпаведнік (гл. кашэль), можна меркаваць, што ў даным выпадку маем справу са зваротным словаўтварэннем: košelь > košь. Прасл. košelь разглядаем як пранікненне з італійскіх моў (∼ лац. quālum < *ku̯aslom) (Мартынаў, Изоглоссы, 10), якое ў працэсе адаптацыі на славянскай моўнай глебе стала разглядацца як вытворнае з суфіксам ‑elь (гл. SP, 1, 208).
Кош 2 ’Вялікая Мядзведзіца’ (Нар. лекс.). Да коўш. Параўн. коўшык (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)