Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ба́хур1 ’распуснік, любоўнік’ (Нас., Мядзв., Яруш., Гарэц.), ’яўрэйскі хлопчык’ (Гарэц.), баху́р ’любоўнік’ (Федар., Др.-Падб.), ’байструк, пазашлюбнае дзіця’ (Жд., Сцяшк. МГ, Др.-Падб.), ’яўрэйскі хлопчык’ (Др.-Падб., Бесар.), баху́р (пра малых дзяцей; Сцяц.). Рус. ба́хур ’любоўнік, франт, малады яўрэй; таўсцяк’, укр. ба́хур, ба́хурь ’распуснік, лавелас; байструк; яўрэйскае дзіця; дзіця, хлопчык’, польск. bachur, bachor. Запазычанне з ст.-яўр. bāchūr (яўр.-ням. Bacher) ’малады чалавек; настаўнік’. Гл. Вінер, ЖСт, 1895, 1, 59; Брукнер, 10; Фасмер, 1, 137. Запазычанне праз польск. мову (параўн. ст.-бел. бохур ’франт, малады яўрэй’, XVI ст.; Булыка, Запазыч.).

Ба́хур2 ’пакладзены кабан’ (Нас.). Відавочна, метафара да ба́хур1 (гл.).

Ба́хус ’п’яніца; высокі, мажны мужчына’ (Нас.); Бахус ’Вакх’. Укр. бахусува́тий ’той, што мае сляды п’янства’. Запазычанне з польск. Bachus ’Вакх’ (< лац. Bacchus < грэч. Βάκχος).

Бахча́. Рус. бахча́, бакча́, бакша́. Запазычанне з цюрк. моў (параўн. тур. bahçe, bahça ’сад’ < перс.; Бернекер, 39; Фасмер, 1, 111; Локач, 15). Іншая версія: запазычанне з крым.- тат. мовы (гл. Шанскі, 1, Б, 60–61, там і літ-ра).

Бац1 ’пацук’ (Касп., Сцяшк. МГ, Янк. Мат., Інстр. II). Параўн. і бацу́к ’вадзяны пацук’ (Лысенка, ССП). Усё гэта формы з азванчэннем да пацук, пац ’тс’ (гл.).

Бац2 ’малое дзіця, вельмі рухавае’ (Янк. Мат.). Гэта пераноснае ўжыванне слова бац ’пацук’. Магчыма, далей сюды адносяцца таксама (спачатку як пераносныя назвы) бацю́к, бацю́та хлопчык’ (Касп.), бацю́та ’перарослы гарэза’ (Нас.). Але не выключаецца, што апошнія словы — утварэнне ад ба́ця, ба́цька. Параўн. бацю́та, бацю́ля ’сын, які падобны да бацькі тварам ці ўчынкамі’ (Яўс.).

Бацві́нне. Гл. батва́.

Бацёха ’зацірка’ (Жд.). Няясна.

Ба́цца напэўна, відаць што, здаецца’ (Нас., Бяльк., Шпіл., Мядзв.). Скарачэнне з ба́чыцца.

Ба́цька, таксама ба́ця. Рус. ба́тя, ба́тько, ба́тька, укр. ба́тько, ба́тя; чэш. báťa ’брат, родзіч, сябар’, дыял. дзядзька’; балг. баща́, серб.-харв. bȁћa ’брат’. Прасл. batʼa, batę (гл. Бернекер, 46; але праформа batę няпэўная, гл. Полак, RS, 18, 28–29; Трубачоў, История терм., 21). Параўн. далей Голуб-Копечны, 66, 76; Махэк₁, 26; Трубачоў, там жа. Вельмі загадкавае слова. Большасць даследчыкаў лічыць, што прасл. batʼa (batę) з’яўляюцца гіпакарыстычнымі формамі ад прасл. brat(r)ъ ’брат’. Але з фанетычнага пункту погляду гэта тлумачэнне не вельмі надзейнае (надта складаная дысіміляцыя плаўных). Геаргіеў (ВЯ, 1952, № 6, 52–53) лічыў, што прасл. формы разам з грэч. (мінойск.) βάττος ’цар’ паходзяць ад і.-е. bhati̯a, якое не захавалася ў іншых мовах (ад гэтай этымалогіі адмовіліся ў БЕР, 1, 37). Полак (RS, 18, 29) думаў пра субстратнае слова. Лаўроўскі (Назв. родства, 13) лічыў (вельмі няпэўна!), што слав. слова адлюстроўвае і.-е. *pəter‑ ’бацька’. Таксама не пераконваюць спробы лічыць batʼa запазычаннем: з цюрк. моў (Міклашыч, 8), іранскай (Сабалеўскі, РФВ, 64, 149), венгерскай (Міклашыч, Fremdw., 5; супраць гэтага Мацэнаўэр, Cizí sl., 18–19). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 135. Адносіны паміж слав. batʼa і венг. bátya ’старэйшы брат’ вельмі складаныя (параўн. Кёвешы, SSlav., 8, 409–419; Кніежа, SSlav., 8, 421–435; Кніежа, 794). Але хутчэй за ўсё венг. слова ўзнікла самастойна і паходзіць з дзіцячай мовы (гл. MESz, 1, 259–260, там і іншая літ-pa). Можна паставіць пытанне, ці не такога ж паходжання і слав. слова batʼa.

Бацькі́1 ’parentes’ (Нас., Касп., Шат., Сцяшк. МГ, Бяльк., БРС, Гарэц.), укр. батьки́ ’тс’ (да геаграфіі ўкр. слова гл. Бурачок, Назви, 24–25, карта). У рус. мове няма (параўн. толькі батьки́ ’бацькі’ з гаворак у Літве). Ужыванне мн. ліку ад ба́цька (гл.) з новай семантыкай (’бацька і маці’). Такое словаўжыванне вядома і ў іншых і.-е. мовах (параўн. Гуер, LF, 42, 421–433, Přispěvky, 63–74). Крымскі (Тюрки, II, 208–209) вылучыў неверагодную ідэю растлумачыць значэнне слова бацькі калькіраваннем з араб. мовы (праз цюрк. пасрэдніцтва). Крытыку гл. Бялецкі, Принципы, 214–219.

Бацькі2 ’расліна спарыння, Claviceps purpurea L.’ (цэнтр.-палес.; Выгонная, Лекс. Палесся). Выгонная, там жа, мяркуе, што гэта назва, як і іншыя назвы раслін, herba sacra, дзе выкарыстоўваюцца тэрміны роднасці, абумоўлена яе папераджаючай зло функцыяй.

Бацю́та ’хлопчык’, бацю́ля, бацю́к. Гл. бац2.