Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Свя́тцы ‘святыя’ (Бяльк.), ‘веруючыя, багамольныя’ (Ян.), параўн. рус. свя́тцы ‘кніга святых і царкоўных свят’, што ад свя́тец ‘святы, праведнік’ < ст.-слав. свѧтьць ‘тс’ (Трубачоў, Дополн., 3, 584). Апошняе ад святы́. Гл. Фасмер, 3, 584.

Святы́ ‘надзелены абсалютнай дасканаласцю і чыстатой, боскай сілай’, ‘нябесны заступнік веруючых’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.), сьвяты́й ‘тс’ (Бяльк.), у розных спалучэннях: святы́ Еры ‘свята Юр’я’, святы́ ве́чар ‘вечары ад Каляд да Новага года’ (Скарбы), святы́ дух ‘Тройца’ (Сл. ПЗБ), свята́я зямля́ ‘зямля-маці’ (там жа) і пад., ст.-бел. свѧтыи (Альтбаўэр); свентый ‘святы, свяшчэнны’ (Ст.-бел. лексікон) — з польскай. Укр. святи́й, рус. свято́й, ст.-рус. святъ, польск. święty, в.-луж. swjaty, н.-луж. swěty, чэш. svatý, славац. svätý, серб.-харв. све̑т, славен. svȇt, балг. свет, све́ти, макед. свет, ст.-слав. свѧтъ, свѧтыи, ‘тс’. Прасл. *svętъ ‘святы’. Бліжэйшыя адпаведнікі: літ. šveñtas ‘святы’, ст.-прус. swenta‑ у мясцовых назвах, ст.-інд. śvantas ‘працвітаючы’; гл. Траўтман, 311; Покарны, 630; Фасмер, 3, 585. Лат. svèts ‘святы, свяшчэнны’ запазычана, паводле Мюленбаха і Эндзеліна (3, 1156), з славянскіх моў. Паводле Брукнера (537), Махэка₂ (594), сакральны сэнс славянскае слова набыло толькі пасля прыняцця хрысціянства. Як сведчаць язычніцкія імёны Святаполк, Святавіт, паралельныя імёнам Яраполк, Яравіт, слав. *svęt‑ значыла ‘моцны’; Святаполк — ‘моцны сваімі палкамі, маючы моцныя палкі’. Адносна польск. święty выказваецца меркаванне пра першапачатковае значэнне ‘моцны ў стасунку да магіі’, якое пры хрысціянізацыі пад чэшскім уплывам было заменена значэннем ‘кананізаваны за маральную чысціню і дабрадзейнасць’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 386). Глухак (597–598), Сной₁ (623), Борысь (623) прасл. *svętъ узводзяць далей да і.-е. *kʼu̯en‑to‑ ‘святкаваць, урачыста прыходзіць’. Агляд семантыкі індаеўрапейскіх і славянскага слова гл. Тапароў, Этимология–1986–1987, 3 і наст.; Шустар-Шэўц, 1390; БЕР, 6, 541–542; Астроўскі, Этимология–2003–2005, 162–173.

Святы́ня ‘святое, асвечанае месца, храм’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Стан.), ст.-бел. свѧтынѧ ‘тс’. Кніжнае запазычанне з рус. святыня ‘тс’ (< ц.-слав. свѧтыни ‘тс’) або з польск. świątynia ‘тс’, што лічыцца запазычаннем з ст.-чэш. svatyně, svatina ‘тс’ у сувязі з агульным кірункам запазычвання хрысціянскай тэрміналогіі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 383).

Свяце́ц ‘падстаўка для лучыны’ (рас., Шатал.), ‘свяцільня з лучынай’ (Анім. дад.). Рус. свете́ц ‘тс’. Ад свет‑ з суф. ‑ец‑.

*Свяцілка, свеці́лка, свецёлка ‘дружка; дзяўчына з боку маладога, якая несла вясельны хлеб з свечкамі’ (ТС, Ян.), свяці́ліца ‘дзяўчына, што трымае запалёную свечку, калі ўбіраюць нявесту’ (Нар. Гом.), укр. світилка ‘дзяўчына, што выконвае абрад трымання шаблі з прывязанай да яе свечкай’. Падрабязна аб семантыцы гл. Гура, С і БФ, 1995, 318–321. Да свяціць (гл.).

Свяці́ць ‘выпраменьваць святло; ззяць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.). Укр. світи́ти, рус. свети́ть, стараж.-рус., ст.-слав. свѣтити, польск. świecić, в.-луж. swecić, н.-луж. swesiś, чэш. svítiti, славац. svietiť, серб.-харв. svétiti, славен. světili, балг. све́тя ‘тс’. Прасл. *světiti ‘свяціць’. Роднасныя літ. švaitýti, švaitaũ ‘свяціць’, ст.-інд. 3 а. адз. л. aş́vait ‘заблішчаў’; гл. Траўтман, 310; Фасмер, 3, 575. Сной₁ (623) узводзіць да і.-е. базы *ku̯ei̯t‑ ‘свяціцца; светлы, белы’. Іншая ступень чаргавання ў світаць, свіцецца (гл.). Аддзеяслоўныя ўтварэнні свяці́ла ‘светач для лучыны’ (гарад., Нар. лекс.), свеце́льнік ‘прыстасаванне для асвятлення хаты лучынай’ (ТС), якому адпавядаюць ст.-польск. świetelnik ‘падсвечнік’, серб. дыял. светелник ‘металічная падстаўка для лучыны пры асвятленні хаты’ (СДЗб, 29, 525) і інш.

Свяча́ ‘свечка; рытуальная святочная свечка’ (Нас.), свеча́ ‘свечка’, ‘прамы сук у сасне’ (ТС). Гл. свечка.

Се1, сё ‘вось’: Се і хлеба нетуці; Сё прыду (Ласт.); ‘гэта, гэтак’: се дзеўка роўная з ею; се кажуць міншчане (Ян.), у спалучэннях асё, асёж ‘вось, глянь’: Асё маці мая; Дзе нож? — Асё‑ж ляжыць (Ласт.), о се ж ‘вось тут’, до се ‘дасюль’ (ТС), ст.-бел. се ‘вось гэта’: чиѧ молодица се (Альтбаўэр), ‘вось, так, цяпер’ (Ст.-бел. лексікон), параўн. укр. се ‘гэта’, старое рус. сё, стараж.-рус. се, ст.-чэш. se, палаб. , ст.-польск. sie, серб.-харв. се, балг. дыял. со, ст.-слав. се ‘тс’. Прасл. *se ‘гэта’ роднаснае літ. še ‘вось табе на’, лат. še ‘тс’ (Буга, Rinkt., 2, 481). Гл. сей, ся.

Се2 ‘калі’ (умоўны злучнік): “ой, се моя сестра, то прашу я да хаты, а се сивая зазулька, то ляти ў луги кавати” (беласт., у запісах Раманава, гл. Карскі 2-3, 497), у спалучэннях себ ‘калі б’, се хоч ‘калі’, не се ‘быццам; здаецца’ (Список слов… Гродн. и Минск. губ., рукапіс). Паводле Патабні (Из записок, 1–2, 294), аналагічны злучнік, вядомы ў паўночна-заходніх украінскіх гаворках, паходзіць з се, осе (“из се, осе, асе, как указания на недавнее или наличное, произошло се… если”), гл. се1. Інакш укр. се, се‑б, ся‑б ‘калі’ разглядае ЕСУМ (5, 200) (рэдукцыя если б, што малаверагодна).

Се3 ‘сябе’: ты сʼе́ ў абʼиду нʼи давай (Сцяшк. Сл.), звычайна ў спалучэнні з прыназоўнікамі: цягня да се́ (Скарбы), śmièrci na sie spadziewàŭsie; starỳ maładùju żuònku bierè nie dzieła sie (Федар. 4), сам за се заступіцца ні можа (шчуч., Нар. лекс.), параўн. укр. за ся, ст.-рус. на ся, польск. дыял. na się, в.-луж. na so, н.-луж na se, палаб. püd są, серб.-харв. пода̄ се, славен. zase, ст.-слав. на сѧ. Прасл. *sę ‘сябе’, націскная (неэнклітычная) форма В. скл. адз. л. (ESSJ SG, 2, 599), роднасная ст.-прус. sien ‘сябе’, лат. ‘тс’, гоц. sik ‘тс’ (Фасмер, 3, 823). Беларуская форма звычайна разглядаецца як другасная, узнікшая ў выніку сцягвання сябе > се, паколькі нармальным усходнеславянскім рэфлексам *sę з’яўляецца ся, параўн. -ся (гл.); аднак нельга выключыць уплыў се1 (гл.) або энклітычнай формы зваротнага займенніка *se, да якой узводзяць беларускія і ўкраінскія зваротныя формы се, сё (ESSJ SG, 2, 599; ESJSt, 13, 812). Гл. таксама свой, сябе.

Себр ‘сябар, пабрацім, родзіч’ (Нас.). Гл. сябар.

Се́бра ‘талака, калектыўная дапамога’ (карэл., кліч., бялын., мазыр., ДАБМ, камент., 905). Рус. валаг., алан. себра́ ‘праца грамадой, сумесна; талака’. Даль (4, 169) узводзіць да сябр (гл. сябар). Рус. слова сумесна з алан. себра́, сябра́, ся́бра ‘абшчына, арцель, сумесная справа’ разглядалі як запазычанне з вепск. sebr‑ (sebra‑) ‘калектыўная праца’; гл. Фасмер, 3, 586. Трубачоў (История терм., 165) усе гэтыя словы звязвае са слав. *sębrъ ‘сябра’. Фрэнкель (768–769) лічыць магчымым балцкае паходжанне: параўн. літ. sébras ‘саўдзельнік, супольнік’, лат. sēbrs ‘сусед, прыяцель’. Лаўчутэ (Балтизмы, 148) балцкае паходжанне слова разглядае як недостаткова аргументаванае.