Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Таро́каць ’размаўляць памяркоўна, спакойна, пра не вельмі важнае’ (Янк. 3.), таро́къць, таро́къцца ’марудзіць, затрымлівацца’ (мёрск., Нар. сл.), таро́кацца ’доўга гаварыць, дамаўляцца, спрачацца, марудзіць’ (ТСБМ), ’таргавацца, доўга дамаўляцца, упірацца’ (Кал., Барад.), ’спрачацца’ (Жд. 2), ’барукацца’ (швянч., Сл. ПЗБ), сюды ж торо́ка ’балбатуха’ (іван., бяроз., ЖНС). Параўн. рус. дыял. тара́кать, тарара́кать ’балбатаць’, серб.-харв. торо̀кати ’балбатаць, пляткарыць’. Дзеясловы гукапераймальнага паходжання (Фасмер, 4, 21; Скок, 3, 485). Параўн. тарочыць2 (гл.).

Таро́кі ’рамяні каля задняй лукі сядла’ (ТСБМ), ’паляўнічая сетка (для здабычы)’ (Сцяшк.), ст.-бел. торока ’шаўковы шнур’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж торочкі́, тро́чкі ’завязкі ў спадніцы, фартуху, штанах’ (Лекс. Бел. Палесся). Укр. тороки́ ’рамяні ззаду сядла для прывязвання рэчаў; махры’, то́рок ’махры; аблямоўка’, рус. торока́ ’рамяні ззаду сядла’, дыял. торо́ка ’аблямоўка, махры’, стараж.-рус. торокъ ’рамяні ззаду сядла’, ’стужка, якая навязвалася на лоб’, польск. trok, troki ’раменчыкі, матузкі; путы’, каш. trok ’пала; паясок’, в.-луж., н.-луж. trok ’матуз, завязка’, чэш. trak, trák ’лямка’, старое tráky ’падцяжкі, шлейкі’, славац. trak, tráky ’тс’, славен. trak ’стужка, вузкая палоска, тасёмка’, серб.-харв. тра̑к, тра̏ка ’тс’, балг. дыял. трак ’шнур у цадзілцы’, макед. трака ’стужка’. З прасл. *torkъ ’матузоў завязка’, якое роднаснае прус. tarkue (tarkne?) ’рэмень у вупражы’, лат. tę̃rka ’матузок для прывязвання буйкоў у рыбалоўнай сеткі’, ст.-інд. tarkúḥ ’верацяно’, грэч. άτρακτος ’тс, лац. torquēre ’круціць, віць’, torques ’ланцуг’, ст.-в.-ням. drāhsil ’токар’, нова-в.-ням. drechseln ’тачыць’, алб. tjerr ’праду’, ірл. torc ’каса’ з і.-е. *tork‑ ’круціць, віць’, тады першаснае значэнне ’шнур, скручаны з некалькіх пасмаў’, або і.-е. terk‑ з *ter‑ ’церці’ (Покарны, 1077; Міклашыч, 359; Фасмер, 4, 85; Махэк₂, 649; Голуб-Копечны, 388; Шустар-Шэўц, 1533; Борысь, 642; Сной₂, 776; SEK, 5, 171; Новое в рус. этим., 233–234; ЕСУМ, 5, 604).

Таро́піцца ’ўглядацца’ (ганц., Ск. нар. мовы), таро́піць ’утаропліваць (вочы)’ (ТСБМ, Нар. Гом.) звязана з торап ’сполах, перапуд, страх’, першапачаткова ’глядзець са страхам, застыўшы ад нечаканасці’. Гл. тарапіцца2, утаропіцца.

Таро́пкі ’які спяшаецца, робіць паспешна’ (ТСБМ). Гл. тарапіцца1.

Таро́пна ’страшна’ (Скарбы). Гл. тарапі́цца2.

Таро́чыць1 ’везці (з грукатам)’ (лях., Сл. ПЗБ), тара́чыць ’цягнуць, несці, везці’ (Сержп. Прык., Бяльк., Юрч., Нар. Гом.). Параўноўваюць з літ. taračkinti ’цягнуць, валачы’, taračkénti ’цягнуць па зямлі з шумам’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1971, 1, 94), што наўрад ці магло быць крыніцай запазычання. Хутчэй гукапераймальнае, гл. наступнае слова.

Таро́чыць2 ’сакатаць (пра курэй)’ (віц., сен., лёзн., ЛА, 1), ’трашчаць’: у выгарі лягушкі тарочуць (Касп.), ’квакаць, крахтаць (пра жаб)’ (лёзн., Жыв. св.), ’гаварыць’ (гродз., ЖНС; Жд. 1), ’балбатаць’ (Мат. Гом.), тарочыць ’гаварыць абы-што, задурваць галаву’ (ТС), торо́чыті ’тс’ (Вруб.), торо́чыты ’расказваць, даказваць’ (Сл. Брэс.; Горбач, Зах.-пол. гов.), ’гаварыць’, ’дзяўбці’ (Клім.), ’дурыць, абдурваць, казаць бязглуздасць’ (драг., Жыв. НС), ’цвярдзіць, назаляць адным і тым жа’ (пін., Нар. лекс.), ’дакучліва гаварыць, расказваць’ (драг., Нар. лекс.), тарачы́ць ’сакатаць; бурчаць, сварыцца; размаўляць з прыемнасцю’ (Яўс.), ’многа раз гаварыць’ (Шатал.). Параўн. укр. торо́чити ’гаварыць тое самае шмат разоў, гаварыць глупства’, рус. торо́чить ’тс’. Гукапераймальнае, суадносіцца з тарокаць, гл.

Тарпа1 ’вялікая сцірта снапоў або саломы пад адкрытым небам’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Байк. і Некр.), ’куча снапоў, складзеная камлямі навонкі, а каласамі ў сярэдзіну’ (Варл.), ’застаронак у гумне’ (тураў., ЛА, 2), ’частка ў гумне, якая заложана адным відам збожжа’ (кругл., валож., ЛА, 5), ’прыстаронак, месца ў гумне паабапал току, дзе складваецца збожжа’ (Сл. ПЗБ, Шатал.), ’сцірта, складзеная ў гумне паміж дзвюх супрацьлеглых сцен вузкай паласой; дах на слупах без сцен, дзе складалі сена’ (Касп.), торп ’сцірта снапоў у гумне’ (ТСБМ, Тур., Сцяшк.; ашм., Стан.), ’адгароджаная частка гумна, застаронак’ (Сл. ПЗБ), тарпі́на ’застаронак’ (гродз., Сл. ПЗБ), торпы́на ’сцірта (сена, саломы, збожжа)’ (стол., ЛА, 2), ст.-бел. торпъ ’тс’ і адзінка для вымярэння неабмалочанага збожжа’. Фіксуецца з 1539 г. і лічыцца запазычаннем з літ. tárpas (Буга, Rinkt. 2, 630; Булыка, Лекс. запазыч., 95; Лаўчутэ, Балтизмы, 34; Гутшміт, ZfSl, 19, 269), дзе развіццё значэння ад ’прамежак’ да ’застаронак’, гл. Анікін, Опыт, 288. Разглядаецца як балта-фрака-беларуская ізаглоса, параўн. фрак. tarpas, terpas ’зазор, прамежак’, гл. Санько, Бел. гіст. агляд, 14, 1–2, 329.

Тарпа2 ’торф’ (Сцяшк., Сл. Брэс., Янк. 2; дзятл., маст., брасл., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’тарфяное балота’ (брасл., Сл. ПЗБ), торпа́ ’торф, іл’ (жыт., Жыв. НС). Адаптаванае ў народнай мове торф (гл.; замена ф > п, канчатак ж. р. ‑а з-за фанетычна не ўласцівага канцавога спалучэння ‑рп, перанос націску на канцавы склад), гл. таксама торп2.

Тарпа́к ’спружыноўка’, тарпа́чыць ’баранаваць спружыноўкай’ (мёрск., ЖНС), сюды ж тарпа́чык (тырпа́чык) ’зламаны ножык’ (Бяльк.). Няясна; параўн. польск. дыял. tarpać ’рваць, драць, тармасіць, тузаць’, параўн. іншую назву спружыноўкі — драпа́к (ТСБМ).

Тарпа́н ’дзікі конь, які вадзіўся ў Еўропе і быў вынішчаны ў канцы XIX ст.’ (ТСБМ). Праз рус. тарпа́н з кірг. тарпан ’дзікі конь; конь, які не церпіць на сабе вершніка’, роднаснага да казах. тарпан ’наравісты конь’, тарпы ’біць пярэднімі нагамі’ (Фасмер, 4, 24; ЕСУМ, 5, 524).

Тарпане́т ’партаманет’ (Растарг.). З метатэзай у народнай мове ад партамент ’тс’, гл. партаманет.