Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Маля́ўка1, мыля́ўка, маля́ўкі ’малёк, маленькая рыбка, якая толькі што выйшла з ікры’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’дробязь, малеча’ (Бяльк.), рус. маля́вка, кастр., ярасл., валаг. маля́ва, моля́ва ’маленькая рыбка’, тамб., тул. малявка, молявка ’вельмі маленькая істота (рыбка, птушачка, зверына)’, паўн.-дзв., ленінгр. ’галавасцікі’, укр. малявка ’дробная рыба’; бел. маляўка ’рыба гарчак, Rhodeus sericeus amarus’ (Жук., БелСЭ), рус. малявка ’тс’; бел. маля́ўка ’рыба Leucaspius delinateus’ (Жук., 214), рус. маск. малявка ’тс’; бел. маляўка ’рыба гальян звычайны, Phoxinus phoxinus (L.)’, рус., урал., бас. р. Камы малявка ’тс’; польск. malawka, mulawka ’від рыбы’, molawka ’дробная рыбка’. Утварэнне з суфіксам ‑к‑а ад прыметніка ⁺малявы. Параўн. рус. калуж. маля́вочный, маля́вошный ’малыш, малы (у звяртанні да дзіцяці)’, макед. малав ’малы’, серб.-харв. ма̏љав ’пушысты, які аброс валаскамі, пухам’.

Маля́ўка2 ’хвароба рожа’ (шчуч., Сцяшк. Сл.) утворана ад (на)‑маляваны: плямы на скуры выглядаюць, як памаляваныя. Да малява́ць (гл.).

Маляўнічы ’прыгожы, эфектны з пункту погляду мастака’ (ТСБМ). Паланізм. Параўн. польск. malowniczy ’які годны таго, каб быць перанесеным на палатно, прыемны для погляду, прыгожы, цудоўны’, ’жывы, каляровы, вобразны’.

Ма́ма, ма ’маці’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’дарослая дзеўка’ (Нас.), ма́мка ’мама’, ’жанчына, якая корміць чужое дзіця, нянька’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Шат., ТС, Бяльк., Сл. ПЗБ), ’гумавая соска’ (трак., беласт., Сл. ПЗБ), ’пчала-карміцелька’ (Анох.); смарг. маманя ’матуля’ (Сл. ПЗБ), мамуля (Грыг., ТСБМ), мамулька (Бяльк.), матуля ’тс’ (ТСБМ); ма́мачка, ма́міначка, ма́монька, маму́ленька ’ласкавы зварот да любой жанчыны, да дзяўчынкі, дзіцяці’, ’выказванне бясконцага захаплення, здзіўлення, спалоху, жалю’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., ТС, Ян.). Укр., рус. ма́ма, польск. mama (mameczka, [mamula], mamulińka, [mamka]), каш. mama < mëma, mëmka, н.- і в.-луж. mama, чэш. máma, славац. mama, славен. máma, серб.-харв. ма̏ма, макед., балг. мама. Слова з мовы дзіцяці. Аналагічна літ. mamà, усх.-літ. momà, лат. mama, ст.-в.-ням. muoma ’цётка’, новав.-ням. Mamme ’тс’, лац. mama ’тс’, ’грудзі’, ’мамка’, ірл. mam, н.-перс. mām, māmā, māmi ’маці’, ст.-грэч. μάμμα, μάμμη ’маці, матухна, бабуля’, алб. mëmë ’маці’, ст.-інд. māma ’дзядзька’ (Бернекер, 2, 14; Траўтман, 168; Фасмер, 2, 565; Голуб-Копечны, 215; Скок, 2, 365; Бязлай, 2, 164).

Мама́й ’дужы, здаровы, але неразумны’ (Янк. 3.). Укр., рус. дан. мама́й ’каменная баба ў стэпе’, славац. mamaj ’дурны, боўдзіла’. З тат. Mamai ’страшыдла, якім палохаюць дзяцей’ (Фасмер, 2, 565). Параўн. таксама ст.-цюрк. mama ’бык, які знаходзіцца ў цэнтры тока ў час малацьбы’.

Ма́мант ’жывёліна ледавіковага перыяду’ (ТСБМ). З рус. мамонт ’тс’, якое з зах.-тунгуск. ηamendi ’мядзведзь’ (Расянен ZfSlPh, 21, 293). На фанетыку лексемы ўплывалі і імя Мамонт, ст.-рус. Мамонтъ (са ст.-грэч. Μάμας, ‑αντος — гл. Сабалеўскі, РФВ, 65, 415; Фасмер, ZfSlPh, 21, 295). Кіпарскі (там жа, 26, 296–300) крыніцу гэтага слова бачыць у нянецк. (jĕåη) ηammuroťeə ’пажыральнік (зямлі)’ (Фасмер, 2, 566). Параўн. якуцк. mamut ’мамант’.

Мамаранкі ’неўрадлівыя ягады’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Параўн. рус. паўн., наўг. маму́ра ’ягады касцяніцы, марошкі, абляпіхі’. Уграфінізм. Параўн. фін. maamuurain ’касцяніца’; ‑к‑, магчыма, з памяншальнага суфікса (параўн. эст. mari ’ягады’ — marjake ’ягадка’). Гл. Каліма, 162; Фасмер, 2, 566.

Маме́й ’нямы’ (чачэр., Жыв. сл.). Гукапераймальнае, як і рус. арл. мамы́ка ’коснаязыкі’, польск. mamot, momot ’заіка’. Не выключана, аднак, паходжанне ад прыметніка нямы́ (пры дапамозе суфікса ‑ей — гл. Сцяцко, Афікс. наз., 98) з пазнейшай асіміляцыяй нм > мм.

Мамента́льны ’вельмі хуткі, імгненны’ (ТСБМ). З рус. моментальный ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 77). З рус. мовы пранікла і маме́нтам ’тс, мігам, умомант’ (докш., Янк. Мат.; калінк., З нар. сл.). Да момант (гл.).

Мамзэль ’маленькі гаршчок ёмістасцю ў 1 кг’, мамзэлік ’гаршчочак на 2 фунта жыта і меншы’ (Вяр.Крыв., Сл. Брэс.). Няясна. Можна, аднак, дапусціць семантычны перанос паводле падабенства (знешні выгляд, фігура) з рус. мамзель ’гувернантка’, якое з ням. Mamséll ’гувернантка-францужанка’ < франц. mademoiselle ’паненка’ (складаецца з ma ’мая’ і demoiselle < лац. domonicella — памяншальнае да domina ’пані дому’).

Ма́міс ’падкладачная тканіна’ (іўеў., Сл. ПЗБ; бабр., Запіскі). Няясна. Магчыма, з польск. mamis ’рэдкая, недарагая баваўняная тканіна’, якое таксама этымалагічна цёмнае слова.