Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Туды́жні ‘далёка’, ‘у пэўным напрамку’: як не хочацца тудыжні за травою йці (калінк., З нар. сл.). Да туды́ (гл.), заканчэнне слова не яснае, магчыма, у выніку зліцця з дэфармаваным ажні́, гл. аж, ажыо.

Туды́й ‘які пралягае там (аб шляху, дарозе)’: туда́я дарога калю́гвіста (Нас.). Прыметнік, утвораны ад прыслоўя туды́ (гл.) і неасабовага займенніка *jь ‘той’, які ўтвараў поўныя прыметнікі (*novъ + ‘новы’, у паўночна-ўсходніх гаворках — новый).

Туды́ліча ‘ў той старане’ (Сл. рэг. лекс.). Да туды́ (гл.), ускладненага часціцай ‑лі‑ (гл. ль), параўн. адсю́ліка, адсю́ль ‘з гэтага месца’ (Касп.), і часціцай ‑ча, варыянт ‑чы (параўн. тутачы, гл.).

Тудэ́й ‘там’ (Нас., Мат. Гом.). Гл. тудой.

Тудэ́мі ‘тудою’ (ганц., Ск. нар. мовы), ‘туды’ (Сцяшк. Сл.), ‘у тым напрамку, у той бок, па тым шляху’ (Сл. ПЗБ, Сцяц., Скарбы). Гл. тудама.

Ту́ебень ‘дурань, тунеядзец’ (Мат. Маг. 2), ту́ібень ‘гультай’ (Юрч. Фраз. 1). Відаць, не можа разглядацца асобна ад сту́ібень ‘дурань’ (гл.), магчыма, варыянта з s‑mobile ў выразе стаяць як статуй, стуібень, стуіб (Вушац. сл.). Параўн. рус. дыял. ту́ебень лесно — лаянкавы выраз, ту́ймень ‘дурнаваты, гультаяваты і непаваротлівы’ (СРНГ). Няясна, параўн. тую́ба, гл.

Ту́жа ‘туга, сум, журба’ (лід., Арх. Федар.), н.-луж. tuža ‘тс’, в.-луж. tuža ‘сум’, ‘непрыемнасць, трывога, хваляванне’. Паўночнаславянскае рэгіянальнае ўтварэнне ад асновы прасл. *tǫg‑ і суф. *‑ja (як лу́жа, сажа і інш.), параўн. туга (гл.), або незалежныя дэрываты ад тужы́ць, гл.

Ту́жба ‘смутак, маркота’, ‘клопат’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Байк. і Некр., Янк. БП): u dware służba ni wielika tużba (Арх. Федар.). Укр. тужба́ ‘журба, маркота’, рус. тужба́ ‘клопат’, польск. tużba ‘смутак’, в.-луж. tužba ‘сум, журба, маркота’, чэш. tužba ‘моцнае жаданне’, tužby ‘спадзяванне’, славац. túžba ‘сон, мара’, ‘цяга, імкненне да чаго-небудзь’, ‘смутак, туга’, харв. tùžba, чак. tužbȁ ‘скарга, нараканне’, серб. ту̀жба ‘скарга, іск’, балг. тъ́жба ‘скарга’, ‘сум, журба, гора’, макед. тужба ‘судовы іск’. Прасл. *tǫg‑ьba > *tǫžьba. Да туга́, тужыць1, 2 (гл.). Літ. tūžbà ‘злосць’ запазычана з беларускай, гл. Фрэнкель, 2, 1147.

Тужу́рка ‘двухбортная форменная або дамашняя куртка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.; віл., Сл. ПЗБ), ‘скураная куртка’ (Растарг.). Запазычана з рускай мовы (Сл. ПЗБ, 5, 114), у якой тужу́рка спачатку абазначала ‘будзённае, хатняе адзенне’. Узыходзіць да франц. toujours ‘заўсёды’, ‘штодня’ (Фасмер, 4, 115; Чарных, 2, 269; ЕСУМ, 5, 669). Па фармальных і семантычных прычынах малаверагодна запазычанне праз польск. tużurek ‘доўгі чорны сурдут для візітаў і ўрачыстых выпадкаў’, якое паходзіць ад спалучэння франц. robe de toujours ‘штодзённае адзенне’ (ад tour jour ‘кожны дзень’), гл. Брукнер, 586; Арол, 4, 114.

Тужылец, ст.-бел. тужылецъ ‘туземец’ (Скарына, ГСБМ). Адзінкавая фіксацыя ў Скарыны ставіць пытанне пра калькаванне больш распаўсюджанага тубылец (гл.), відаць, пад уплывам чэш. bydliti, bydleti ‘жыць’. Пра канкурэнцыю жыць і быць на балцка-славянскай тэрыторыі гл. Суднік, Полесье и этногенез славян. 1983, 59–61, параўн.: My тут век жыво́м, то му ту́больцы (ТС). Гл. жылец, жыць.