Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Таўро́ ’кляймо, распазнавальны знак’ (ТСБМ, Ласт.), ’кляймо, штэмпель’ (Некр. і Байк.). Укр., рус. тавро́ ’тс’. Тлумачаць з тур. tuɣra ’манаграма султана’ (Фасмер, 4, 8; Анікін, 521), параўн. ст.-цюрк. tuɣraɣ ’манаграма, пячатка хана, распараджэнне хана’.

Та́ўрыць ’чэзнуць, чарнець, сохнуць ад скрухі ці працяглай хваробы, марнець, сохнуць’: таврить надъ грошами (Нас.), таўры́ць ’чэзнуць, сохнуць ад скрухі’ (Бяльк. і Некр.). Няясна; відаць, звязана з ча́ўраць ’чахнуць’ (гл.), параўн. твэ́рыць/чвэ́рыць (гл.); адносна магчымага t < č у балтыйскіх мовах гл. Смачынскі, 696.

Таўсма́ты ’таўставаты; моцна складзены (пра чалавека)’ (ТСБМ), ’прысадзісты, моцны (пра асобу, жывёлу, дрэва)’ (Янк. 1), ’таўставаты’ (Сл. ПЗБ), ’тоўсты’ (Сцяшк.), ’пушысты’ (чырв., З нар. сл.), сюды ж таўсма́ны ’таўставаты’ (Сцяц. Сл.), таўсма́ч ’здаравяк’ (Янк. 3.). Трубачоў (Слав. языкозн. V, 183; Труды, 1, 284), побач з позняй кантамінацыяй (напрыклад, тоўсты і калматы, гл.), разглядае як праславянскі дыялектызм *tъlsmatъ(jь) ад назоўнікаў *tъlsmъ/*tъlsmo, параўн. лат. tulzums ’пухліна’. Ліуканен (Отглаг. сущ., 169–170) лічыць вытворным ад прасл. *tъlsmъ/*tъlsma < *tъlst‑mъ/*tъlst‑ma, старых дзеепрыметнікаў ад *tъlstiti ’рабіць тоўстым’ (гл. таўсціць), што, у сваю чаргу, утвораны ад прыметніка *tъlstъ (гл. тоўсты). Страчаны дзеяслоў з асновай *tъlz‑ меў дакладныя адпаведнікі ў літ. tulžti ’размакаць, разбухаць’, лат. tùlzt ’пухнуць’. На карысць апошняй версіі сведчыць і варыянтнасць фармантаў n/t. Кантамінацыя з тоўсты ў таўстама́ты ’таўставаты’ (карэліц., Нар. лекс.).

Таўстагры́бы ’той, у каго тоўстыя вусны’ (арш., ЛА, 3). Да тоўсты (гл.) і грыбы́ ’губы’ (гл. грыб, губа), параўн. грыба́ты ’таўстагубы’ (віц., бялын., шкл., ЛА, 3).

Таўстадзю́бец ’крыжадзюб’ (ПСл). Да тоўсты і дзюба (гл.) з суф. ‑ец, што абазначае носьбіта прыкметы (ад *тоўстадзюбы).

*Таўстако́ра, тоўстоко́ра ’буйная плотка’ (Крыв.), тоўстоко́ра, тоўстоко́рка ’галавень’ (ТС). Да тоўсты (гл.) і кора́ ’луска’ (гл. кара), у выніку семантычнай кандэнсацыі з тоўстоко́ра плотка ’тс’ (Крывіцкі, Зб. Крапіве, 202), параўн. аналагічныя ўтварэнні серб. дыял. дебелоко̑рка ’гарбуз з тоўстай скуркай’, танкоко̑рка ’гарбуз з тонкай лупінай’ (Элезавіч, 2).

Таўсталу́пы ’той, у каго тоўстыя вусны’ (паст., брасл., кругл., ЛА, 3). Да тоўсты і лупы ’губы’, гл.

Таўста́я ’цяжарная (жанчына)’ (докш., Янк. Мат.), ’цяжарная’ (Барад.; віл., гродз., Сл. ПЗБ), ’котная, цяжарная (пра авечку)’ (віл. Жыв. св.). Гл. тоўстая.

Таўсто́е ’тлустае сала’ (мядз., ЛА, 4), ’тлустае, цяжкае для стрававання’ (Барад.). Гл. тоўсты.

Таўсту́ха1 ’грыб сямейства павуціннікавых’ (ТСБМ), ’павуціннік страўны, Cortinarius esculentus Lebed.’ (Сярж.–Яшк.), ’чорны грузд, малачай, Lactarius necator (Fr.)’ (там жа), таўсту́хі ’грузды’ (Сцяшк., Мат. Гом.). Да тоўсты (гл.), названы паводле тоўстай ножкі ці тоўстай шапачкі.

Таўсту́ха2 ’брыца, дробнае пустазеллле, плашчуга, пласкуша’ (стол., Расл. св.), ’гарычка, Gentiana cruciata L.’ (Касп.), таўсту́шка ’тс’ (Кіс.). Да тоўсты (гл.), параўн. пузатка ’брыца’, гл.