Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рамшту́к, рамчу́к ’палачка на раму’ (Сл. ПЗБ). Вельмі падобна на германізм, параўн. ням. Rahmen, ням.-аўстр. Rahm ’рама’, ст.-в.-ням. ram ’падпора’ і ням. Stock ’палка’. Рамчук магло б разглядацца як адаптацыя замежнай словаформы з выкарыстаннем малапрадуктыўнага, але блізкага па гучанні суф. ‑чук, што тут не нясе памяншальнай семантыкі, уласцівай гэтаму элементу. Цяжка пагадзіцца з Лаўчутэ (Балтизмы, 129), што гэта літуанізм і дэмінутыўнае ўтварэнне ад рама (гл.) з элементам ‑амшт‑ балтыйскага паходжання, параўн. літ. ramstùkas ’тс’ < ramstis ’папярочная планка, падпорка, апора’, remti ’падпіраць’.

Ра́мы мн. л. ’прыстасаванне (дуга з пераплеценымі вяроўкамі), у якім носяць сена’ (полац., ДАБМ, камент.). Да рама1 (гл.).

*Рамяна, ст.-бел. рамяно ’вельмі, моцна’ (Ст.-бел. лексікон), параўн. старое рус. рамя́но ’вельмі’, ц.-слав. рамѣно ’тс’, славен. rámeno ’моцна, вельмі, далёка’, славац. ramenito ’моцна’. Звязваюць з ст.-ісл. rammr ’моцны, востры’, ст.-в.-ням. irmin ’моцны’, алб. jerm ’шаленства’, літ. er̃mas ’пачвара, жах’, ę̃rms, ęr̃ms ’малпа; незвычайная з’ява’, арм. arman ’цуд’ (Міклашыч, 273; Фасмер, 3, 441; Бязлай, 3, 149).

Рамяне́ц ’стужачны чарвяк’ (ТСБМ); ’змеі?’: “у гэтых камянях і шчуры, і рамянцы” (Дзядзька Квас, Роздум на калёсах, Беласток, 1995, 17). Відавочна, форма чарвяка або змяі нагадвае рамень (гл.), адсюль дэмінутыўнае ўтварэнне, параўн. рамяне́ц ’раменьчык’ (слуц., Шн. 2), рамянцы́ мн. л. ’прывязкі ў лыжах’ (Мат. Гом.).

Рамя́нка ’раменная вяроўка, пераплецены доўгі і вузкі рамень’ (Мат. Гом.). Гл. раме́нь.

Рамяно́ ’плячо’, ’частка адзежы, што на плячо надзяецца’ (воран., іўеў., астрав., Сл. ПЗБ). Праўн. рус. плечики ’тс’. Перанос ад ра́ме (гл.) і выраўноўванне асноў з Н. скл. мн. л. рамёны.

Рамяство́ ’вытворчасць вырабаў ручным саматужным спосабам; саматужніцтва’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп.), рамясло́ ’тс’, рэмясло́ ’ручное майстэрства, умельства’ (Ласт., Сл. ПЗБ), рэмесло́ ’рамяство, занятак’ (ТС), раме́сніцтва ’занятак рамяством’ (Байк. і Некр.). Параўн. укр. ремесло́, реме́ство ’тс’, рус. ремесло́, дыял. ремество́, польск. rzemiosło, в.-луж. rjemjesło, н.-луж. ŕemesło ’тс’, чэш. řemeslo, славац. remeslo, ст.-серб. ремезьство, ст.-слав. ремьство. Параўн. таксама ст.-літ. remẽsas ’рамеснік’, remẽstas ’рамяство’, лат. remêsis ’цясляр’, ramtýti ’секчы сякерай’, лат. ram̃stît ’секчы тупой сякерай, пілаваць тупой пілой’, ст.-прус. romestue ’сякера’, англ.-сакс. remian ’напраўляць, аднаўляць’. Фасмер (3, 469) мяркуе пра сувязь са ст.-рус. ремезъ (адзіная фіксацыя XIV ст.), рус. цвяр. ремеза́ ’спраўны, дзелавы чалавек’, што няпэўна. Паводле Віткоўскага (Зб. Русэку, 237), форма ремесло з’яўляецца з XVI ст. паланізмам ва ўсходнеславянскіх мовах, які ў пачатку XIX ст. канчаткова выцясніў з ужывання ў рускай мове формы на ‑ство (ремьство, ремество).