Рамшту́к, рамчу́к ’палачка на раму’ (Сл. ПЗБ). Вельмі падобна на германізм, параўн. ням. Rahmen, ням.-аўстр. Rahm ’рама’, ст.-в.-ням. ram ’падпора’ і ням. Stock ’палка’. Рамчук магло б разглядацца як адаптацыя замежнай словаформы з выкарыстаннем малапрадуктыўнага, але блізкага па гучанні суф. ‑чук, што тут не нясе памяншальнай семантыкі, уласцівай гэтаму элементу. Цяжка пагадзіцца з Лаўчутэ (Балтизмы, 129), што гэта літуанізм і дэмінутыўнае ўтварэнне ад рама (гл.) з элементам ‑амшт‑ балтыйскага паходжання, параўн. літ. ramstùkas ’тс’ < ramstis ’папярочная планка, падпорка, апора’, remti ’падпіраць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)