Ра́ма 1 ’драўляны прамавугольнік для розных патрэб і мэт’, ’перакладзіна’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), ’рама (акна і інш.)’ (ТС). Распаўсюджана вывядзенне з ням. Rahmen ’устойлівая апора, абрамленне, рама, рамка’ (у тым ліку Брукнер, 453). У беларускіх помніках сустракаецца з пачатку XVII ст. і разглядаецца як запазычанае праз польск. rama з ням. Rahmen (Булыка, Запазыч., 273; параўн. Фасмер, 3, 440). Нельга выключаць запазычанне праз дыялектныя формы, параўн. ст.-в.-ням. rama ’падпора, калона, абрамленне’, с.-в.-ням. rame ’тс’, ням.-аўстр. Rahm ’рама’, параўн. нідэрландскае raam ’рама, акно’ (параўн. Лявіцкі, 2, 93; Сной, 544).
Ра́ма 2 ’прасла’, ’частка ткацкага станка, дзе ёсць ніты’ (Ласт.). Гл. ра́ма 1.
Ра́ма 3 ’машына для падоўжнага распілоўвання бярвення’, ’прыстасаванне з вертыкальнай рамай, у якой рухаюцца пілы’ (ТСБМ). Гл. ра́ма 1.
Ра́ма 4 ’прыстасаванне з жэрдак для сушкі траў’ (Сл. ПЗБ). Гл. ра́ма 1.
Ра́ма 5 ’дзве жэрдкі, замацавання папярочнай планкай, якія кладуцца на сані’ (рас., Шатал.). Гл. ра́ма 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)