Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Га́лас ’крык, шум, бойка і да т. п.’ (БРС, Нас., Шат.), таксама гала́с (Нас., Сцяшк. МГ). Шатэрнік выводзіў гэта слова з польск. hałas, але апошняе само запазычана (h‑) з усх.-слав. (бел., укр.) моў (гл. Слаўскі, 1, 397, які, праўда, услед за іншымі даследчыкамі лічыць, што польск. слова ўзята з укр. мовы). Этымалогія ўсх.-слав. слова няпэўная. Магчыма, гэта гукапераймальнае ўтварэнне (ад выклічніка hala!). Іншыя шматлікія версіі (агляд іх гл. у Слаўскага, 1, 397–398) пераконваюць менш. З га́ла́с звязана бел. дыял. галасава́ць ’гучна крычаць’ (Шатал.); параўн. і ўкр. галасува́ти ’тс’.

Галасава́ць1 (на выбарах) (БРС). Рус. голосова́ть, укр. голосува́ти. Паводле Шанскага (1, Г, 121), з’яўляецца ўласна рус. словам (зафіксавана з 1863 г.). Як мяркуе Шанскі (там жа), паралельныя ўтварэнні ў іншых слав. мовах, магчыма, узніклі па рускай мадэлі.

Галасава́ць2 ’гучна крычаць’ (Шатал.). Да галас ’крык, шум, бойка і да т. п.’ (гл). Невядома, аднак, дакладна, ці галасава́ць ад га́ла́с, ці га́ла́с ад галасава́ць?

Галасі́ць ’галасіць’ (БРС, Касп., Шат., Нас.), рус. голоси́ть, укр. голоси́ти. З рознымі значэннямі, якія ўваходзяць у кола семантыкі зыходнага *golsъ ’голас’, сюды адносяцца польск. głosić, чэш. hlásiti, серб.-харв. гла́сити, царк.-слав. гласити. Звязана з *golsъ ’голас’ (гл.). Слаўскі, 1, 292.

Галасні́к ’грыф (у скрыпцы)’ (Шат.). Параўн. укр. голосни́к ’адтуліна ў сярэдзіне дэкі бандуры, гітары і г. д.’ (Грынч.). Ці не запазычанне гэта з польск. głośnik?

Галаснікі́ ’доўгае пер’е ў хвасце пеўня’ (Шатал.). Гэтага слова няма ў іншых слав. мовах, невядома яго гісторыя, матывацыя (унутраная форма).

Галата́ ’беднасць; бедната, галота’ (Шат.). Як і гало́та, утварэнне ад *golъ ’голы; бедны’ (суф. ‑ota). Параўн. рус. го́ло́та́ ’бедната’, укр. голо́та ’тс’. Хістанне ў націску адлюстроўвае дыферэнцыяцыю значэнняў гэтага ўтварэння (у некаторых мовах), ‑otá (для абстрактных назваў), ‑óta (для канкрэтных назваў). Матэрыял з іншых слав. моў (але без рус. мовы) і агляд этымалогій гл. у Слаўскага, 1, 426–427 Фантастычна Фасмер, 1, 431 (да ц.-слав. глота, балг. гло́та ’натоўп, стада’, серб.-харв. гло̏та ’сямейства’ і г. д. < прасл. *gъlota).

Галаўня́1 ’спарыння’ (Сцяшк. МГ, Шатал.), галаве́нька ’тс’ (Шатал.). Гэта назва сустракаецца ў радзе слав. моў. Параўн. рус. головня́, укр. голо́вня́, польск. głownia, балг. главня́ ’тс’. Гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76–79; Трубачоў, Эт. сл., 7, 12–13. У гэтай жа форме, але з іншым значэннем (’галавешка’) *golvьńa сустракаецца ў многіх слав. мовах і дыялектах (агляд гл. Трубачоў, там жа). Гэта значэнне лічыцца зыходным, а ’Ustilago, хвароба зерневых, спарыння’ — другаснае. Гл. Выгонная, там жа; Трубачоў, Эт. сл., 7, 13. Будзішэўска (Słown., 300) меркавала, што значэнне ’Ustilago’ — гэта інавацыя, што, бясспрэчна, няправільна (параўн. геаграфію слова і семантычныя паралелі, якія прыводзіць Выгонная, там жа, с. 77).

Галаўня́2 ’верхні вушак у дзвярах’ (Шатал.). Можна меркаваць, што тут, магчыма, захоўваецца адно з архаічных значэнняў слова *golvьńa, менавіта ’штосьці важнае, галоўнае і да т. п.’ Гэта значэнне не зафіксавана ў Трубачова (Эт. сл., 7, 12–13), што, аднак, не сведчыць аб немагчымасці яго існавання ў мінулыя часы. Менш верагодным здаецца вывядзенне «верхняга вушака ў дзвярах» з якога-небудзь вядомага значэння прасл. *golьbńa.

Галашча́чка ’непакрытая карова’ (Сцяц.). Няяснае слова. Сувязь з голы, здаецца, бясспрэчная, але словаўтварэнне вытлумачыць цяжка. Магчыма, складанае слова. Можна асцярожна ставіць пытанне: ці няма тут нейкай сувязі са словам галашчок (гл.)? У аснове такога называння мог ляжаць метафарычны перанос значэння ’непакрыты’: ’непакрытая (снегам) зямля (і таму замёрзлая)’ → ’непакрытая карова’ (гл. меркаванні адносна першаснай семантыкі слова галашчок).

Галашчо́к ’моцны мароз’ (Шат., Яшкін), таксама ’замёрзлая зямля без снегу’ (Шатал.), ’першы лёд на балоце, на рацэ’, ’мёрзлыя рунныя палі, груд з азімымі пасевамі’, ’адкрытае месца, узгорак, дзе вецер здзімае снег; гальнае замёрзлае балота’ (гл. у Яшкіна, там і геаграфія слова). Сустракаецца і форма галашчо́ка (Яшкін). Аналагічныя словы ёсць у іншых усх.-слав. мовах. Параўн. рус. голоще́к ’галалёдзіца; чысты тонкі лёд без снегу’, укр. голощі́к, голощо́к ’галалёдзіца; лёд, непакрыты снегам’. Можна меркаваць, што ў аснове назвы ляжыць вобраз: ’голыя, замёрзлыя шчокі’, ’шчокі непакрытыя, таму замёрзлыя’. Усе іншыя значэнні другасныя, узніклі пры дапамозе метафарызацыі. Гэта асабліва адносіцца да розных назваў рэльефу.

Галгая́нка ’дурнаватая жанчына’ (Жд. 2). Слова невядомага паходжання: не знаходзіцца роднасных або падобных лексем, якія маглі б праясніць этымалогію галгая́нкі.