Вінегрэ́т ’халодная страва, прыгатаваная з дробных кавалачкаў парэзанай гародніны (з рыбай ці з мясам), запраўленая алеем ці воцатам; сумесь розных прадметаў’ (БРС, КТС), гродз. вінагрэ́т (Сцяшк. МГ), усх.-маг. вінігрэт (Бяльк.). Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 80). Гродз. вінагрэт, магчыма, з польск. winegret (цвёрдае ‑н‑) < франц. vinaigrette ’соус з воцату, алею і солі’ < франц. vinaigre ’воцат’ < vin ’віно’ і aigre ’кіслы’ (Даза, 752; Фасмер, 1, 316; Шанскі, 1, В, 99–100; КЭСРЯ, 82).
Вінен 1 ’павінен’ (БРС, КТС, Яруш., Шат.), ст.-бел. виненъ (з XVI ст.). Запазычана з польск. winien (Карскі, Труды, 204).
Вінен 2 ’вінаваты’ (Янк. II). Укр. ви́нен, ви́ннен, польск. winien ’тс’, славац. vinen, ст.-слав. виньнъ. Да віна 1 (гл.).
Вінёўка ’гатунак позніх кісла-салодкіх груш’ (БРС, КТС, Мат. Гом.), укр. винню́ха ’гатунак віннакіслых яблык’, винни́чки ’тс’, рус. варон. виновна ’гатунак вінных яблык’, польск. winniczka, windyczka ’гатунак дрэва і фруктаў грушы, Pirus communis’, winnik ’гатунак яблык’, славен. vínica ’тс’. Утворана ад прыметніка *віновы. Да віно (гл.). Мяккае ‑н‑, відавочна, пад уплывам вішнёўка.
Вініл і вытворныя вініліт, вінілхларыд і шэраг іншых хімічных злучэнняў. Запазычана з ням. Vinyl < лац. vinum ’віно’ + грэч. ὕλη ’матэрыя, аснова’ (праз рускую мову, рус. винил і інш.).
Вініцца ’прызнавацца ў віне’; ’слухацца, падпарадкоўвацца’; ’правініцца’ (КТС). Укр. вини́тися ’прызнавацца ў віне’, рус. виниться ’прызнаваць за сабою віну, прасіць прабачэння’; ’быць абвінавачаным’, смал. ’прызнаваць чыю-небудзь уладу, падпарадкоўвацца’, польск. winić się ’прызнаваць сваю віну’. Зваротная форма да вініць (гл.).
Вініць ’вінаваціць’ (БРС, КТС, Нас., Бяльк.), укр. винити ’вініць’, рус. винить, арханг. винуть ’тс’, ст.-рус. винити ’быць прычынай чаго-небудзь, вінаваціць, абвінавачваць, асуджаць, караць’, польск. winić ’прызнаваць вінаватым, абвінавачваць’; ’караць, абкладваць штрафам’; ’плаціць за шкоду, кампенсаваць’, в.-луж. winić ’абвінавачваць’, чэш. viniti ’вініць, лічыць каго-небудзь вінаватым, прыпісваць каму-небудзь адмоўную рысу’, славац. viniť ’абвінавачваць’, макед. вини ’вініць каго-небудзь’, балг. виня ’вініць, абвінавачваць’. Прасл. viniti ўтворана ад назоўніка віна 1 (гл.) і суф. ‑iti.
Ві́нкель ’дэталь у плузе, да якой прымацоўваюцца падэшва і паліца’ (маст., Шатал.), усх.-беласт. vʼínkʼel (Смул.) ’вугольнік для вымярэння вуглоў’ (Сцяшк. МГ, Інстр. II, БРС, КТС). Укр. вінкель ’вугольнік’, рус. винкель ’тс’, польск. winkiel ’вугольнік’. Запазычана з ням. Winkel ’вугал, вугольнік’. Пра шлях запазычання меркаваць цяжка, таму што ў помніках ст.-бел. пісьменнасці слова не адзначана; у рус. літаратурнай мове яно фіксуецца з 1709 г. У бел. гаворкі лексема вінкель магла трапіць з мовы рамеснікаў (нямецкіх каланістаў) або праз польскую мову значна раней.
Ві́ннасць ’віна’ (Гарэц., Нас.); ’пакора, пакорнасць, абавязак’ (Нас.). Укр. винність ’вінаватасць’, паўн.-рус. винность ’стан вінаватага’, уладз., арханг., перм., арл. ’вінаватасць, віна’, ст.-рус. винность ’тс’ (з XVII ст.), польск. winność ’абавязак вярнуць доўг’; ’віна’. Запазычана з польскай мовы, дзе семантыка лексемы бліжэй да бел., чым у рускай.
Ві́ннік 1 ’чалавек, які ўзяў на сябе якія-небудзь абавязацельствы’ (Гарэц.). Вытворнае з суф. ‑нік (< ьnъ + ikъ) ад назоўніка віна́ 1 ’доўг, абавязак’; параўн. рус. пск. вина ’тс’. Такім жа чынам утварылася блізкае да вышэйадзначанага ўкр. ви́нник ’даўжнік’, ст.-рус. винникъ ’віноўнік, вінаваты’ (XII ст.), польск. winnik ’вінаваты’, чэш. vinník, славац. vinník ’тс’.
Віннік 2 ’вінакур, майстар па вырабу гарэлкі’ (Нас., КТС, КЭС, лаг.). Укр. винник, рус. винник ’тс’, паўн.-дзвін. ’рамізнік, які возіць віно (гарэлку)’, урал. ’чалавек, які патаемна гандлюе віном (гарэлкай)’, ст.-рус. винникъ ’віначэрп’ (з XI ст.); ’вінакур’ (з XVI ст.), польск. winnik ’вінакур’. Утворана пры дапамозе суф. ‑нік ад віно́ (гл.).
Ві́нніца ’вінакурня’ (Нас., КТС, Карл.), укр. ви́нниця, рус. смал., кур., сіб. винница, ст.-рус. винница ’тс’ (з XVII ст.). Узнікла шляхам семантычнага пераносу з вінніца ’вінаграднік’; ’месца на вінаградніку, дзе гналі віно (гарэлку)’. Ст.-бел. винница ’вінаграднік, вінаград’ запазычана з польск. winnica (Булыка, Запазыч., 64; Карскі, Труды, 310).