Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ві́льгаць ’сырасць, макрата; вада, вадкасць’ (БРС, КТС, Нас.; КЭС, лаг.; Мал., Бяльк., Шат., Касп.); ’адліга’ (Нас.). Укр. ві́льгість ’вільгаць, сырасць’. Лексема запазычана з польск. wilgoć ’тс’ (Шатэрнік, 46; Пальцаў, Лекс. і грам., 38; Цвяткоў, 60) ці дакладней са ст.-польск.: ст.-бел. вилкость (з XV ст.) ст.-польск. wilkość (Карскі, Труды, 310). У сучаснай бел. мове маецца вельмі шмат новаўтварэнняў з пачатковым вільгаць‑: вільгатнець, вільгацеабмен, вільгацеаддача, вільгацелюбівы, вільгацепадʼёмны, вільгаціць, вільгацеёмістасць, вільгацястойкі, вільгацяўстойлівы і інш.

Вільго́та1 ’адліга’ (Яруш., Нас., КТС). Запазычана з польск. wilgota ’макрата, вільгаць, вільготнасць’.

Вільго́та2 ’ільгота, аблягчэнне’ (Нас.); ’выгада’ (карм., Мат. Гом.), перан. ’прыволле, раздолле’ (Юрч.). Укр. вільгота ’ільгота, аблягчэнне’, палес. вильгота ’тс’, рус. вольгота ’вольнае жыццё, воля, вольнасць, аблягчэнне’; ’прастор’; ’вызваленне ад дзяржаўнай павіннасці’. Беларуская лексема ўзнікла з ільгота з прыстаўным в‑. Рускія дыялектныя формы, магчыма, з’яўляюцца вынікам кантамінацыі з лексемай воля. Параўн., аднак (Шанскі, 1, В, 154–155). Украінская лексема, відаць, запазычана з бел. мовы.

Вільготнасць ’сырасць’ (КТС), ст.-бел. вилготность, вилкготность запазычаны з польск. wilgotność (Булыка, Запазыч., 63; Гіст. лекс., 73).

Вільго́тны ’сыры, мокры, пранізлівы’ (Шат., Нас.), ст.-бел. вилкготный, вильготный (з XVII ст.). Запазычаны з польск. мовы (Шатэрнік, 46; Булыка, Запазыч., 63). Сюды ж прыслоўе вільго́тна ’насычана вільгаццю’ (КТС, Касп.).

Вільжэ́ць1 ’рабіцца вільготным’ (Нас.). Утворана ад (незафіксаванага) прыметніка *вільгі, які ўзыходзіць да ст.-польск. wilgi ’сыры, мокры, вільготны’ < польск. wilż ’вільгаць’.

Вільжэ́ць2 ’слабець (аб марозе)’ (Нас.) з’яўляецца пераносным або ўтвораным ад ві́льгаць ’адліга’ (гл.).

Вількалак ’ваўкалак, звер’; ’паўчалавек і паўвоўк’ (Кольб., 52). Запазычана з польск. wilkołak ’тс’. Гл. ваўкала́к.

Вільна ’ямка ў зямлі пры гульні і для гульні ў «вільну»’ (Шн., Мат., 3). Няясна.

Вільнік ’дзяржанне ў вілках’ (віц., добр., Шат., Мат. Гом.) — вытворнае з суф. ‑нік (< ьn‑ikъ) ад ві́лы (гл.). Параўн. славен. vȋlnik ’галіна, якая можа служыць асновай у вілах для сена’; ’дзяржанне ў вілах для гною’.

Ві́льня ’жанчына, якая бессаромна падладжваецца да каго-небудзь, каб пажывіцца, мець выйгрыш; хітруе’ (Янк. III). Утворана пры дапамозе суф. Nomen actionis ‑ня ад віля́ць (гл.). З-за значэння неадабральнасці лексемы віляць слова вільня таксама атрымала адценне зневажальнасці.

Вільца ’вечарынка перад вяселлем у нявесты’ (Інстр. II). Укр. вильце́, ві́льце ’абрадавае дрэўца ўкраінскага вяселля: галіна хваіны або іншага дрэва, якая ўтыкаецца ў вясельны каравай і аздабляецца кветкамі, калоссямі, калінавай ягадай з хмелем, каляровымі ніткамі і паперай’. Да ві́лы (гл.). Слова ўзыходзіць да прасл. vidlo, якое пры дапамозе дэмінутыўнага суф. ‑ьce дало бел. вільца. Магчыма, бел. вільца запазычана з укр., якое паходзіць з ги́льце//гі́льце (< гі́лка ’галінка’) як вынік ілжэпратэзы г → в.