*Відныня, выдныня́ ’святло, наяўнасць дастатковага асвятлення’ (Клім.). Утворана ад прыметніка vidьnъ і абстрактнага суф. ‑ыня < ‑ynʼi; параўн. такое ж утварэнне драг. тыплыне́ ’цёпла, цёплае надвор’е’.
Відо́вішча ’тое, што паўстае, адкрываецца перад вачамі’; ’паказ, прадстаўленне’ (БРС, КТС). Укр. видовище ’відовішча’, макед. видовиште ’бачанне; пабачанне’. Прасл. vidovišče утворана ад *vid‑u > vid‑ov‑ і суф. ‑išče, першасным значэннем якога было ’месца, дзе бачна відовішча’ → ’тое, што бачна, што паказваецца, адкрываецца’.
Відок 1 ’віднае месца, відовішча’; ’адкрытае, высокае месца’ (Бел.-польск. ізал.), ст.-бел. видокъ ’відовішча, агляд’ (з XVIII ст.) запазычана з польск. widok ’тс’ (Булыка, Запазыч., 62).
Відок 2 ’чалавек, які добра бачыць’ утворана ад відзець (< видети) і суф. ‑ок (паводле тыпу ходо́к). Такім жа чынам можна тлумачыць паходжанне польск. widok (Дарашэўскі, Podstawy, 1, 287).
Відо́ка ’віднае з усіх бакоў, адкрытае, высокае месца’ (слаўг., Яшк.), драг. выдо́ка, на выдо́цэ ’асветленае, адкрытае месца’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Да відок 1 (гл.). У сувязі з тым, што суфікс ‑ок (< окъ) з’яўляецца суфіксам Nomina agentis, а лексема відок — Nomen acti, на беларускай глебе атрымала канчатак ‑а.
Відоліца ’віднае з усіх бакоў, адкрытае, высокае месца’ (стол., Яшк.). Утворана ў выніку узаемадзеяння лексем від і аколіца (гл.).
Відо́ма ’відаць, відавочна’ (Нас.), параўн. ст.-бел. видоме ’яўна, бачна, відавочна’ (1596 г.) < ст.-польск. widomie ’відавочна, бачна, даступна зроку’ (Булыка, Запазыч., 62).
Відо́мец 1 ’Parnassia L.’ (БРС), відомец балотны ’Parnassia palustris L.’ (гродз., Кіс.). Не мае адпаведнікаў у іншых слав. мовах. Відавочна, паходзіць ад відомы ’відны, бачны, светлы, прыкметы’ < viděti > vidom‑ъ і суф. ‑ьcь. Параўн. яшчэ рус. белозор, укр. білозор, рус. белоцвет, белоцветка, матывацыя наймення якіх падобна да называння відо́мец.
Відомец 2 ’Angelica silvestris’ (маг., гом., Кіс.). Узнікла ў выніку пераносу значэння паводле колеру кветкі.
Відомый ’бачны, даступны зроку’ (Нас.). Запазычана са ст.-польск. widomy ’бачны’.
Відочак ’карціна на сцяну, пераважна пейзаж’ (гродз., Сцяц. Словаўтв.). Запазычана з польск. widoczek ’тс’.
Відочны 1 ’вядомы ў аколіцы чалавек’ (Шат.). З польск. widoczny ’бачны, які можна бачыць, дасягнуць (вокам)’.
Відочны 2 ’наяўны, відавочны’ (КТС, Сцяшк., Яруш.; КЭС, лаг.). Запазычана з польск. widoczny ’відны, ясны, пышны, прыгожы’.