Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ванта́жыцца ’сур’ёзна, не на жарт бароцца’ (Мядзв.). Можна вылучыць некалькі версій, звязваемых з рознымі значэннямі гэтага слова. Рус. вантажиться, вантажничать ’адводзіць шмат часу заляцанням’ (адкуль вальтажиться ’тс’), укр. вантаж ’карысць, выгада’ да франц. avantager ’садзейнічаць; павялічваць долю’ (Фасмер, 1, 270); параўн. польск. (у сярэднія вякі) awantaż ’даход, набытак’. Укр. вантаж, вантага ’груз’, вантажити ’грузіць’. Рудніцкі (1, 309) услед за Шавялёвым (ZfslPh, 23, 146–167) выводзіць з ватага, тлумачачы ‑н‑ як аргатычны інфікс; параўн. рус. ватажаться ’вадзіцца’ (Дабр., 53). Гэту версію аспрэчвае Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 130), які схіляецца да думкі, што зыходным значэннем укр. вантажити было ’звязваць, абмотваць, загортваць’, вантажити да вантух ’вялікі мех, грубае палатно для запакоўкі’. З апошняй версіі і трэба, відаць, выводзіць бел. вантажыцца з развіццём значэння ’звязвацца > вазіцца > бароцца’.

Вантрабя́нка ’страўнік або тоўстая кішка, начыненая вантробамі’ (БРС, Вешт., Інстр. I); ’каўбаса з вантробаў’ (КСТ). Утворана марфолага-сінтаксічным спосабам ад вантрабяная (каўбаса).

Вантро́ба (БРС, Бір. Дзярж., Інстр. I, Нас.), вантробʼе ’тс’ (Касп.), вантробкі ’лівер’ (Малч., Нас.), вантробы ’трыбухі’ (Сцяшк. МГ, Шн., 2). З польск. wątroba (Жакава, Бел.-рус. ізал., 47–48; Кюнэ, Poln., 115; Брукнер, 605; Рудніцкі, 1, 309).

Ванту́ра. Гл. авантура.

Ванту́рнік ’авантурыст’ (Нас.). Вантурнік < авантурнік < авантурны (чалавек) у выніку універбізацыі.

Ванту́рыць ’быць авантурыстам’ (Нас.). Уласнабел. < авантурыць да авантура (гл.).

Ва́нтух ’мех’ (КЭС). Праз польск. wantuch, wańtuch ’грубае палатно’ < ням. Wagentuch (Брукнер, 601). Гл. таксама лантух ’мех; трыбух, жывот, страўнік’ (Бяльк.). Параўн. Рудніцкі, 1, 310; Брукнер, 601.

Ва́нты ’марскія снасці’ (КТС). Праз. рус. ванты з галанд. want (Фасмер, 1, 272; Крукоўскі, Уплыў, 82; Рудніцкі, 1, 309).

Вануглік ’чалавек, ад якога смярдзіць’ (Касп.). Да ванець (ванець > вануга > ванугаць > вануглы > вануглік).

Ванцак ’хвароба жывата’ (Сцяшк. МГ); ’падучая’ (Шат., Касп.); ’рэзь у жываце’ (БРС). Фанетычна пераробленае запазычанне з польскай мовы, на што ўказвае, у прыватнасці, наяўнасць насавога. Польск. wąsad і памылковае wąsacz ’боль у крыжы’ (адкуль беларускае ванцак ’хвароба жывата’). Брукнер (605) тлумачыць wąsad, як ’тое, што ўсаджана’ і параўноўвае з чэш. úsad ’боль у крыжы’, балг. усади ’хвароба скаціны’. Форма ванцак тлумачыцца перараскладаннем запазычанага слова на ванц‑ і ‑ак, на падставе чаго ўзніклі ванцяць ’абняславіць’ (гл.) і ванцаты ’нервовы, шалёны’ (гл.). Параўн. Вярэніч, БЛ, 11, 66.