Бонк, бо́нка ’авадзень’ (Сцяшк. МГ). Таго ж паходжання, што і бомк (гл.), г. зн. запазычанне з польск. bąk ’тс’ (гукапераймальнае, ад bąkać, гл. Слаўскі, 1, 29; Брукнер, 19).
Бо́нна ’нянька, якая вучыла дзяцей замежным мовам’ (БРС). Рус. бо́нна, укр. бо́нна. Запазычанне з франц. (можа, і праз ням. Bonne < франц.; Фасмер, 1, 192) bonne ’няня’ (а гэта ад франц. bonne ’добрая’). Гл. Шанскі, 1, Б, 164. Ці не сюды бо́нка ’палюбоўніца’ (Нас.)?
Бонова́ты ’буяніць’ (палес., Клім., 22). Мяркуем, што гэта слова (праўда, крыху з іншай фанетыкай) таго ж паходжання, што і бунава́ць ’сварыцца, лаяць, шумець і г. д.’ (гл.), якое мае адпаведнасці ва ўсх.-слав. і паўд.-слав. мовах. Гукапераймальнае (Бернекер, 101; Фасмер, 1, 241; Рудніцкі, 255–256).
Бо́нчка ’кольца, якім замацоўваецца каса на касільне’ (ДАБМ, 832). Запазычанне з польск. bączek ’кольца’ (паходжанне польск. слова, мабыць, гукапераймальнае, гл. Брукнер, 19).
Бор 1 ’хваёвы лес’. Рус. бор, укр. бір, польск. bór, чэш. bor, балг. бор ’сасна’, серб.-харв. бо̑р ’тс’. Прасл. borъ ’хваёвы лес; сасна’. Лічыцца роднасным з герм. словамі: ст.-ісл. bǫrr, ст.-англ. bearu ’лес’, ст.-ісл. barr ’шыпулька елкі’, далей ст.-інд. bhr̥ṣṭíṣ ’вастрыё’. І.‑е. *bher‑: *bhor‑ ’быць вострым’. Першапачатковае значэнне *borъ‑ ’хваёвае дрэва, дрэва з іголкамі’. Траўтман, 26; Брукнер, AfslPh, 39, 4, 42, 139; Бернекер, 76; Праабражэнскі, 1, 39; Фасмер, 1, 193; Слаўскі, 1, 40. Наўрад ці слав. borъ — запазычанне з герм. *baru (гл. вышэй); аб магчымасці адваротнага запазычання гл. Мартынаў, Лекс. взаим., 108–112. Брукнер (там жа), а таксама Махэк₂ (60–61) (услед за А. Матлам) хочуць бачыць сувязь з слав. *bara ’багна’. Падрабязна пра borъ у слав. мовах Талстой, Геогр., 22–41.
Бор 2 ’свердзел’. Рус. бор. Запазычанне з ням. Bohr ’тс’ (а гэта да bohren свідраваць’). З той жа ням. крыніцы паходзіць і бур ’свердзел’ (гл.). Розніца ў вакалізме можа тлумачыцца дыялектным нямецкім вымаўленнем.
Бо́раў ’непакладзены кабан’ (ДАБМ, 884), ’парсюк’ (Жд.). Рус. бо́ров, польск. browek ’адкормлены кабан’, чэш. brav ’дробная жывёла’, балг. брав, серб.-харв. бра̑в ’авечкі’ і г. д. Слав. *borvъ. Роднаснае: ст.-в.-ням. barug, barh, ст.-ісл. bǫrgr; Траўтман, 27; Бернекер, 75; Праабражэнскі, 1, 37; Фасмер, 1, 195. Слав. borvъ лічыцца зборным назоўнікам да і.-е. *bharu‑ (*bhoru‑?). Гл. Траўтман, 27. Далей, магчыма, да і.-е. *bher‑: *bhor‑ рэзаць’. БЕР, 1, 71–72; Бернекер, 75; падрабязна Трубачоў, Происх., 64–65. Таксама параўноўваюць з ст.-інд. bhárvati ’жуе, есць’ (Махэк, KZ, 64, 263; Махэк₂, 65). Ондруш (JČ, 14, 107) выводзіць borvъ ад *bhrū‑ ’брыво’ (*’шчаціна’); першапачаткова ’шчаціністая жывёла’ (параўн. паралель венг. serte, sertés ’шчаціна, шэрсць’, sertés свіння’). Вельмі няпэўнай з’яўляецца версія пра запазычанне з герм. моў (супраць гэтага Бернекер, 75; Фасмер, 1, 195).
Бо́рацца ’бароцца’ (Касп.), ’бадацца’ (Сцяшк. МГ), бо́рыцца (Нас.), бо́ріцца (Бяльк.). Гл. баро́цца. Формы тыпу бо́рацца маюць секундарны націск.
Борг ’доўг’ (Федар. VI). Ст.-бел. борґ, борг (гл. Булыка, Запазыч.). Укр. борг. Запазычанне з польск. borg ’тс’ (< ням. < borgen). Шалудзька, Нім., 22; Рудніцкі, 171–172; Брукнер, 36.
Бо́ргыцца ’бароцца’ (Бяльк.). Узнікла з бо́рацца (бо́рыцца). Зычны ‑г‑ неарганічны, устаўны.
Бо́рзды ’быстры, спрытны’. Траўтман (40) лічыў, што бел. слова прадстаўляе прасл. варыянт да bъrzъ ’тс’ і рэканструяваў прасл. bъrzъ (ва ўсіх слав. мовах, акрамя бел.) і bъrzdъ (бел. мова). Гэта апошняе стаіць вельмі блізка да літ. burzdùs, bruzdùs ’рухавы’, што дае магчымасць аднавіць балта-слав. праформу *burzdu‑. Форма bъrzdъ захоўваецца яшчэ ў серб.-харв. брздѝца ’быстрына ў ручая’. Параўн. таксама Трубачоў, Слав. языкозн., V, 176–177. Форму bъrzъ адлюстроўваюць, напр., рус. бо́рзый, бел. бо́рза, польск. bardzo ’вельмі’, barzy (ст.) ’хуткі’, чэш. brzý, серб.-харв. бр̂з ’хуткі’. Параўн. яшчэ Скок, 1, 222.