Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бон, бом ’выгаралая глыбокая яма ў тарфяным балоце, якая запоўнена вадой, глыбокая яма ў рацэ’ (усх.-палес.; Талстой, Геогр., 202). Талстой (там жа) параўноўвае з укр. (закарп.) бо́ня, бо́нище ’глыбокая яма ў балоце, запоўненая вадой’, укр. (бойк.) бо́ня ’стаячая вада’, кашуб. bonawa, bonawka ’дзёран, трава’, н.-луж. bon, bonk ’вільготны, мокры дзёран; луг, паляна’. Усё гэта, быццам, старое запазычанне з герм. (ням. Bonn ’мокрая лугавая трава’). Але зыходзячы з таго, што бон — гэта і ’месца, дзе рыбакі выцягваюць з вады сетку’ (Яшкін), магчыма, лепш лічыць, што бон, бом як тэрмін рэльефу звязаны з такімі словамі, як рус. бом, бон ’плавучы насціл у гавані’ < герм. (аб гэтых словах гл. Фасмер, 1, 191, 192).

Бо́нда1 ’бочка’ (Касп., Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Наўрад ці ёсць нейкая сувязь з бо́нда2 (гл.). Хутчэй таго ж паходжання, што і бо́ндар, бо́дня (гл.), бо́нда, мабыць, з бо́дня. Гл. Краўчук, БЛ, 1975 (7), 65.

Бо́нда2 ’бохан хлеба; круг каўбасы; булка, печаны хлеб; скаціна; скавароднік, перапечак; пасаг; закваска ў дзяжы і г. д.’ (шмат значэнняў, гл. Нас., Чач., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Інстр. II, Сцяшк., Сцяшк. МГ, Сцяц., Некр.). Падрабязна гл. Крывіч, 1923, 3, 51–52. Укр. бо́нда, польск. bonda. Запазычанне з літ. bandà (таксама шмат значэнняў). Гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 50–51. Падрабязна Непакупны, Мовознавство, 1969, (3); Сцяц., Нар., 22. У ст.-бел. мове бонда засведчана з XV ст. (Булыка, Запазыч.).

Бо́ндар. Рус. бо́ндарь, укр. бо́ндар, бо́днар, польск. bednarz, чэш. bednář. Утварэнне ад *bъdnʼa, *bъdьnь ’бочка’ (< герм. моў), усх.-слав. бо́дня. Першапачаткова боднарь. Праабражэнскі, 1, 36; Фасмер, 1, 192 (там і іншыя, менш пераканаўчыя версіі). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 163.

Бонк, бо́нка ’авадзень’ (Сцяшк. МГ). Таго ж паходжання, што і бомк (гл.), г. зн. запазычанне з польск. bąk ’тс’ (гукапераймальнае, ад bąkać, гл. Слаўскі, 1, 29; Брукнер, 19).

Бо́нна ’нянька, якая вучыла дзяцей замежным мовам’ (БРС). Рус. бо́нна, укр. бо́нна. Запазычанне з франц. (можа, і праз ням. Bonne < франц.; Фасмер, 1, 192) bonne ’няня’ (а гэта ад франц. bonne ’добрая’). Гл. Шанскі, 1, Б, 164. Ці не сюды бо́нка ’палюбоўніца’ (Нас.)?

Бонова́ты ’буяніць’ (палес., Клім., 22). Мяркуем, што гэта слова (праўда, крыху з іншай фанетыкай) таго ж паходжання, што і бунава́ць ’сварыцца, лаяць, шумець і г. д.’ (гл.), якое мае адпаведнасці ва ўсх.-слав. і паўд.-слав. мовах. Гукапераймальнае (Бернекер, 101; Фасмер, 1, 241; Рудніцкі, 255–256).

Бо́нчка ’кольца, якім замацоўваецца каса на касільне’ (ДАБМ, 832). Запазычанне з польск. bączek ’кольца’ (паходжанне польск. слова, мабыць, гукапераймальнае, гл. Брукнер, 19).