Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бо́хан, баха́нка, буха́нка. Рус. бо́ханец, буха́нка, бо́хон, укр. бо́хон, польск. bochen, ст.-чэш. bochnec. Здаецца, запазычанне з с.-в.-ням. vochenze, fochenze ’від пірага або белы хлеб’ (< лац. крыніцы). Запазычанне праз польск. і чэш. мовы. Некаторыя формы Праабражэнскі (1, 56), Ільінскі (ИОРЯС, 20, 3, 80) звязваюць з дзеясловам бу́хнуть, але гэта хутчэй за ўсё народная этымалогія (але параўн. Талстой, Зб. Крапіве, 274). Гл. Фасмер, 1 (пад бо́ханец, буханец, бухон); Бернекер, 67 і далей; Слаўскі, 1, 38. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 240; Сцяц., Нар., 24 (дзе тлумачыцца баха́нка). Ст.-бел. бохон, бохан, бохен (Булыка, Запазыч.).

Бо́хат ’самае глыбокае месца ў ручаі або ў невялікай рэчцы’ (Яшкін). Параўн. рус. бухото́к ’шум ад падводнай крыніцы ў завадзі’. Утварэнне (мадэль *boch‑ъtъ, ‑ъtь‑ — суфікс аддзеяслоўных імён) ад бох‑, бух‑ (параўн. бо́хаць, бу́хаць і да т. п.). Да назваў глыбокіх месц у вадзе гл. Безлай, SR, 5–7, 125 і наст.; Балецкі, SSlav, 5, 183–184 (аб гукапераймальных словах). Магчыма, сюды ж і рус. дыял. бо́хоть ’вада на паверхні лёду’ (аб рус. слове Куркіна, Этимология 1966, 106: сувязь з славен. bohôt дастатак, лішак’ і далей (з іншым вакалізмам) бу́хта ’вада са снегам на паверхні лёду’), падрабязней гл. пад бу́хта2 і Краўчук, БЛ, 1975, 7, 68.

Бохто́рыць. Гл. бухто́рыць, бухце́ць.