Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бор1 ’хваёвы лес’. Рус. бор, укр. бір, польск. bór, чэш. bor, балг. бор ’сасна’, серб.-харв. бо̑р ’тс’. Прасл. borъ ’хваёвы лес; сасна’. Лічыцца роднасным з герм. словамі: ст.-ісл. bǫrr, ст.-англ. bearu ’лес’, ст.-ісл. barr ’шыпулька елкі’, далей ст.-інд. bhr̥ṣṭíṣ ’вастрыё’. І.‑е. *bher‑: *bhor‑ ’быць вострым’. Першапачатковае значэнне *borъ‑ ’хваёвае дрэва, дрэва з іголкамі’. Траўтман, 26; Брукнер, AfslPh, 39, 4, 42, 139; Бернекер, 76; Праабражэнскі, 1, 39; Фасмер, 1, 193; Слаўскі, 1, 40. Наўрад ці слав. borъ — запазычанне з герм. *baru (гл. вышэй); аб магчымасці адваротнага запазычання гл. Мартынаў, Лекс. взаим., 108–112. Брукнер (там жа), а таксама Махэк₂ (60–61) (услед за А. Матлам) хочуць бачыць сувязь з слав. *bara ’багна’. Падрабязна пра borъ у слав. мовах Талстой, Геогр., 22–41.

Бор2 ’свердзел’. Рус. бор. Запазычанне з ням. Bohr ’тс’ (а гэта да bohren свідраваць’). З той жа ням. крыніцы паходзіць і бур ’свердзел’ (гл.). Розніца ў вакалізме можа тлумачыцца дыялектным нямецкім вымаўленнем.

Бо́раў ’непакладзены кабан’ (ДАБМ, 884), ’парсюк’ (Жд.). Рус. бо́ров, польск. browek ’адкормлены кабан’, чэш. brav ’дробная жывёла’, балг. брав, серб.-харв. бра̑в ’авечкі’ і г. д. Слав. *borvъ. Роднаснае: ст.-в.-ням. barug, barh, ст.-ісл. bǫrgr; Траўтман, 27; Бернекер, 75; Праабражэнскі, 1, 37; Фасмер, 1, 195. Слав. borvъ лічыцца зборным назоўнікам да і.-е. *bharu‑ (*bhoru‑?). Гл. Траўтман, 27. Далей, магчыма, да і.-е. *bher‑: *bhor‑ рэзаць’. БЕР, 1, 71–72; Бернекер, 75; падрабязна Трубачоў, Происх., 64–65. Таксама параўноўваюць з ст.-інд. bhárvati ’жуе, есць’ (Махэк, KZ, 64, 263; Махэк₂, 65). Ондруш (, 14, 107) выводзіць borvъ ад *bhrū‑ ’брыво’ (*’шчаціна’); першапачаткова ’шчаціністая жывёла’ (параўн. паралель венг. serte, sertés ’шчаціна, шэрсць’, sertés свіння’). Вельмі няпэўнай з’яўляецца версія пра запазычанне з герм. моў (супраць гэтага Бернекер, 75; Фасмер, 1, 195).

Бо́рацца ’бароцца’ (Касп.), ’бадацца’ (Сцяшк. МГ), бо́рыцца (Нас.), бо́ріцца (Бяльк.). Гл. баро́цца. Формы тыпу бо́рацца маюць секундарны націск.

Борг ’доўг’ (Федар. VI). Ст.-бел. борґ, борг (гл. Булыка, Запазыч.). Укр. борг. Запазычанне з польск. borg ’тс’ (< ням. < borgen). Шалудзька, Нім., 22; Рудніцкі, 171–172; Брукнер, 36.

Бо́ргыцца ’бароцца’ (Бяльк.). Узнікла з бо́рацца (бо́рыцца). Зычны ‑г‑ неарганічны, устаўны.

Бо́рзды ’быстры, спрытны’. Траўтман (40) лічыў, што бел. слова прадстаўляе прасл. варыянт да bъrzъ ’тс’ і рэканструяваў прасл. bъrzъ (ва ўсіх слав. мовах, акрамя бел.) і bъrzdъ (бел. мова). Гэта апошняе стаіць вельмі блізка да літ. burzdùs, bruzdùs ’рухавы’, што дае магчымасць аднавіць балта-слав. праформу *burzdu‑. Форма bъrzdъ захоўваецца яшчэ ў серб.-харв. брздѝца ’быстрына ў ручая’. Параўн. таксама Трубачоў, Слав. языкозн., V, 176–177. Форму bъrzъ адлюстроўваюць, напр., рус. бо́рзый, бел. бо́рза, польск. bardzo ’вельмі’, barzy (ст.) ’хуткі’, чэш. brzý, серб.-харв. бр̂з ’хуткі’. Параўн. яшчэ Скок, 1, 222.

Борт (карабля). Рус. борт, укр. борт. Запазычанне з ням. Bord (або гал. boord). Фасмер, 1, 198; Шанскі, 1, Б, 173. Падрабязна аб ням. слове гл. Клюге, 92.

Борць. Рус. борть, укр. борть, польск. barć, чэш. brť. Прасл. (дыял., бо няма ў паўдн. славян) bъrtь ’борць’; да і.-е. *bher‑ ’рэзаць’ (першапачаткова bъrtь ’дзюрка, выраз’). Параўн. лац. forāre свідраваць’, ст.-в.-ням. borōn (ням. bohren). Няпэўным застаецца параўнанне з літ. bùrtas жэрабя’, Бернекер, 109; Праабражэнскі, 1, 38; Фасмер, 1, 198; Слаўскі, 1, 28; Брукнер, 15–16.

Боршч ’ежа, суп’; таксама назва раслін. Рус. борщ, укр. борщ, польск. barszcz, чэш. bršť, славен. břšč. Прасл. bъrščь ’расліна Heracleum’ (< *bъrsti̯o‑). Параўн. ст.-інд. bhṭr̥ṣi‑ ’вастрыё’ і некаторыя іншыя і.-е. формы (першапачаткова ’расліна з вострымі лісцямі’). Іншыя версіі не пераконваюць. Бернекер, 109; Фасмер, 1, 198 (там і агляд літ-ры); Слаўскі, 1, 27–28. Махэк₂ (69) выводзіць з асновы *br̥sk‑ ’быць кіслым’ (а таксама думае пра «праеўрапейскае» слова). Версію Махэка падтрымлівае Мяркулава, Очерки, 60–62 (там і агляд форм і праблематыкі).