Бо́раў ’непакладзены кабан’ (ДАБМ, 884), ’парсюк’ (Жд.). Рус. бо́ров, польск. browek ’адкормлены кабан’, чэш. brav ’дробная жывёла’, балг. брав, серб.-харв. бра̑в ’авечкі’ і г. д. Слав. *borvъ. Роднаснае: ст.-в.-ням. barug, barh, ст.-ісл. bǫrgr; Траўтман, 27; Бернекер, 75; Праабражэнскі, 1, 37; Фасмер, 1, 195. Слав. borvъ лічыцца зборным назоўнікам да і.-е. *bharu‑ (*bhoru‑?). Гл. Траўтман, 27. Далей, магчыма, да і.-е. *bher‑: *bhor‑ рэзаць’. БЕР, 1, 71–72; Бернекер, 75; падрабязна Трубачоў, Происх., 64–65. Таксама параўноўваюць з ст.-інд. bhárvati ’жуе, есць’ (Махэк, KZ, 64, 263; Махэк₂, 65). Ондруш (JČ, 14, 107) выводзіць borvъ ад *bhrū‑ ’брыво’ (*’шчаціна’); першапачаткова ’шчаціністая жывёла’ (параўн. паралель венг. serte, sertés ’шчаціна, шэрсць’, sertés свіння’). Вельмі няпэўнай з’яўляецца версія пра запазычанне з герм. моў (супраць гэтага Бернекер, 75; Фасмер, 1, 195).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)