Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Боб. Рус. боб, укр. біб, польск. bób, чэш. bob, серб.-харв. бо̏б і г. д. Прасл. bobъ. Роднасныя формы: прус. babo, лац. faba. І.‑е. *bhab‑. Астатнія і.-е. формы стаяць фармальна значна далей (і тут няма пэўнасці): параўн. яшчэ грэч. φακός ’чачавіца’, ням. Bohne ’боб’. Думаюць таксама, што боб — слова «праеўрапейскай» культуры. Бернекер, 65; Траўтман, 23; Махэк, LP, II, 158; Махэк₂, 58; Слаўскі, 1, 40; Фасмер, 1, 180; Курыловіч, L’apophonie, 194 (тут адносна вакалізму). Ці сюды бо́бка ’зерне; гарошынка; шарык і да т. п.’?

Бо́бер ’божая кароўка’ (Інстр. лекс.). Параўн. укр. назвы: бабру́н, бабру́на, бабару́нка, бабри́ська, бобру́нка, бобору́нка, бобруни́ця і г. д., якія звычайна звязваюць з укр. дзеясловам ба́брати(ся) ’пэцкаць; вазіцца’ (Рудніцкі, 46; перад тым як паляцець, божая кароўка нібы доўга возіцца). Фанетычна немагчымая сувязь з бедр‑ ’божая кароўка’ (насуперак Махэк₂, 50, і Каламіец, Мовознавство, 1967 (3), 50–51). Паколькі сувязь з дзеясловам бабрати(ся) няпэўная (гл. Краўчук, ВЯ, 1968 (4), 124), то, магчыма, трэба зыходзіць з шырока вядомай асновы babr‑, bobr‑ і да т. п. (параўн. нават рум. buburúză ’божая кароўка’; падрабязней Краўчук, там жа). Параўн. яшчэ барбуха.

Бо́бік ’расліна Menyanthes trifoliata L.’ Гл. бабо́к.

Бо́брык1. Рус. бо́брик, укр. бо́брик. Гэты тэкстыльны тэрмін — вытворнае ад бабёр.

Бо́брык2 ’расліна Menyanthes trifoliata L.’ Гл. бабро́ўнік.