Бабок, бабоўнік, бобік ’расліна Menyanthes trifoliata L., бабок трохліставы’ (Шат., Кіс.); рус. бобки́, бобо́вник ’канюшына’, бобовник ’канюшына, Trifolium’, ’бабок, Menyanthes’, ’капытнік балотны, Calla palustris’, аналагічныя назвы ў польск. і ўкр. мовах (параўн. Мяркулава, Очерки, 36). Ад bobъ ’боб; штосьці круглае’. Першапачаткова назва адносілася да канюшыны, потым была перанесена на бабо́к (тры лісцікі, як у канюшыны) і капытнік (гл. Мяркулава, Очерки, 36–37). Такім чынам, сюды належаць і бабо́ўнік ’капытнік балотны, Calla palustris L.’ (Кіс., Інстр. II), ’Veronica beccabunga L.’ (Кіс.). Бел. слова бабоўнік ’Trifolium’ (Нас.) Кюнэ (Poln., 45) лічыць запазычаннем з польск. bobownik.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)