Боб. Рус. боб, укр. біб, польск. bób, чэш. bob, серб.-харв. бо̏б і г. д. Прасл. bobъ. Роднасныя формы: прус. babo, лац. faba. І.‑е. *bhab‑. Астатнія і.-е. формы стаяць фармальна значна далей (і тут няма пэўнасці): параўн. яшчэ грэч. φακός ’чачавіца’, ням. Bohne ’боб’. Думаюць таксама, што боб — слова «праеўрапейскай» культуры. Бернекер, 65; Траўтман, 23; Махэк, LP, II, 158; Махэк₂, 58; Слаўскі, 1, 40; Фасмер, 1, 180; Курыловіч, L’apophonie, 194 (тут адносна вакалізму). Ці сюды бо́бка ’зерне; гарошынка; шарык і да т. п.’?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)