Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Боўдзіла1 ’жэрдка, якой заганяюць рыбу ў сетку’ (З жыцця). Не вельмі ясны шлях утварэння гэтага слова. Няясна нават, ад якой асновы можна вывесці гэту назву. Паколькі ‑іла ўказвае на аддзеяслоўнае паходжанне слова, а адпаведнага дзеяслова няма, то, можа, трэба думаць пра зыходнае *боўціла (да боўт ’рыбалоўная прылада’, гл.). Але і ў гэтым выпадку марфалогія слова астаецца няяснай. Можна, праўда, думаць пра нейкі зыходны дзеяслоў тыпу *боўдзець, *баўдзець, *баўдзіць, які меў бы гукапераймальны характар. Параўн. рус. дыял. балди́ть гультайнічаць; часта паўтараць адно і тое ж’. Але параўн. і ўкр. бовдур ’комін; густы дым, хмара; жэрдка ў рыбаловаў (!); дурань’. Параўн. яшчэ літ. дзеяслоў báldyti ’стукаць’ (інтэнсіўная форма ад bélsti ’тс’, гл. Фрэнкель, 39). Версія пра зыходнае *боўціла, здаецца, падтрымліваецца словам бо́ўціла ’лаянкавае слова’. Параўн. баўдзі́ла.

Бо́ўдзіла2 ’дурань’. Гл. баўдзі́ла.

Боўдур ’комін’ (зах.-палес.; Бел.-укр. ізал.). Укр. бо́вдур ’тс’. Рудніцкі (157) лічыць, што ёсць сувязь з рус. дыял. словамі бо́лдырь, булды́рь ’тс’, якія Фасмер, 1, 187, 238 (услед за Расяненам, FUF, 26, 136), выводзіць з чув. pəl ’комін’, pəldər ’прыбудова, навес на двух слупах, летняя кухня’.

Бо́ўкаць гаварыць адрывіста, незразумела’ (Шат.), ’боўтнуць’ (Нас.). Гукапераймальнае, як і ба́ўкаць (гл.).

Боўт ’рыбацкая прылада боўтаць ваду’ (КЭС, лаг., Нас., Янк. I), таксама бо́ўтка (Касп., Мядзв.), бо́ўтала (Нас.). Рус. болт, укр. бовт ’тс’. Бернекер (118) лічыць, што слова звязана з bьlt‑ (гл. бо́ўтаць). Фасмер (1, 190) памылкова хоча бачыць тут сувязь з рус. і г. д. болт ’болт’, польск. bełt (< н.-ням. (bolt(e), гал. bout). Параўн. боўтаць.

Бо́ўтанка. Гл. баўто́нка.

Бо́ўтаць (у розных значэннях; БРС, Янк. II, Бір. Дзярж., Шат.). Рус. болта́ть, укр. бо́вта́ти, польск. bełtać. Слав. bъlt‑ або bьlt‑. Сюды таксама адносяцца баўта́ць ’боўтаць’ (Нас., Касп.), баўця́к ’рыбная сець’ (Касп.), а таксама балта́ць (Шат.), балты́ш ’палка, якою заганяюць рыбу ў сець’ (Шат.). Гэтыя апошнія формы маюць ‑л‑ (замест ‑ў‑), якое сустракаецца на ўсходзе Беларусі. Лічыцца гукапераймальным словам. Параўн. ням. poltern ’стукаць’, літ. bildė́ti ’шумець, грымець’ і г. д. Бернекер, 118; Праабражэнскі, 1, 35; Брукнер, 20; Слаўскі, 1, 30; Фасмер, 1, 190.

Бо́ўціла. Гл. баўдзі́ла.