Боўдзіла 1 ’жэрдка, якой заганяюць рыбу ў сетку’ (З жыцця). Не вельмі ясны шлях утварэння гэтага слова. Няясна нават, ад якой асновы можна вывесці гэту назву. Паколькі ‑іла ўказвае на аддзеяслоўнае паходжанне слова, а адпаведнага дзеяслова няма, то, можа, трэба думаць пра зыходнае *боўціла (да боўт ’рыбалоўная прылада’, гл.). Але і ў гэтым выпадку марфалогія слова астаецца няяснай. Можна, праўда, думаць пра нейкі зыходны дзеяслоў тыпу *боўдзець, *баўдзець, *баўдзіць, які меў бы гукапераймальны характар. Параўн. рус. дыял. балди́ть гультайнічаць; часта паўтараць адно і тое ж’. Але параўн. і ўкр. бовдур ’комін; густы дым, хмара; жэрдка ў рыбаловаў (!); дурань’. Параўн. яшчэ літ. дзеяслоў báldyti ’стукаць’ (інтэнсіўная форма ад bélsti ’тс’, гл. Фрэнкель, 39). Версія пра зыходнае *боўціла, здаецца, падтрымліваецца словам бо́ўціла ’лаянкавае слова’. Параўн. баўдзі́ла.
Бо́ўдзіла 2 ’дурань’. Гл. баўдзі́ла.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)