Баўто́нка ’баўтушка, пойла’ (Касп.), ’корм для коней’ (Інстр. III). Параўн. бо́ўтанка ’корм для цялят’ (Інстр. III). Форма баўто́нка — яўна гібрыдная. Калі ад боўтаць рэгулярна ўтвараецца боўтанка, то ад баўта́ць павінна быць баўта́нка. Баўто́нка, мабыць, узнікла метатэзай з боўтанка пад уплывам баўтаць або ж гэта гіперкарэктная форма (‑о‑ замест этымалагічнага ‑а‑) пры перанясенні націску (бо́ўтанка → (баўта́нка) → баўто́нка). Усё да баўтаць, боўтаць (гл.). Таксама гібрыдным здаецца і рус. дыял. (пск.) болтонка ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)