Бон, бом ’выгаралая глыбокая яма ў тарфяным балоце, якая запоўнена вадой, глыбокая яма ў рацэ’ (усх.-палес.; Талстой, Геогр., 202). Талстой (там жа) параўноўвае з укр. (закарп.) бо́ня, бо́нище ’глыбокая яма ў балоце, запоўненая вадой’, укр. (бойк.) бо́ня ’стаячая вада’, кашуб. bonawa, bonawka ’дзёран, трава’, н.-луж. bon, bonk ’вільготны, мокры дзёран; луг, паляна’. Усё гэта, быццам, старое запазычанне з герм. (ням. Bonn ’мокрая лугавая трава’). Але зыходзячы з таго, што бон — гэта і ’месца, дзе рыбакі выцягваюць з вады сетку’ (Яшкін), магчыма, лепш лічыць, што бон, бом як тэрмін рэльефу звязаны з такімі словамі, як рус. бом, бон ’плавучы насціл у гавані’ < герм. (аб гэтых словах гл. Фасмер, 1, 191, 192).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)