Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Басця́ць ’знеслаўляць каго-небудзь’ (докш., Янк. Мат.). Марфалагічнае новаўтварэнне да бэ́сціць ’тс’ (гл.; там і літ-ра), запазычанага з польскай мовы.

Басы́й ’рыбалоўная пастка ў выглядзе скрынкі ці рэшата з дзіркай у дне для заходу рыбы (ставіцца зімой у палонках)’ (Крыв.). Няяснае слова.

Бась-бась-бась. Гл. ба́шка.

Басэ́тля1 ’кантрабас, віяланчэль’ (Нас., Касп., Шат., БРС, Бяльк., Арх. Бяльк., слонім., Яруш., Гарэц., Мядзв.). Запазычанне з польск. basetla ’тс’ (< ням. Basset(t)el). Гл. Брукнер, 17; Кюнэ, Poln., 44.

Басэ́тля2 жарт. ’вялікая бочка’ (Сцяц.). Пераноснае ўжыванне слова басэ́тля ’кантрабас’ (адсюль, магчыма, скарачэннем ба́са ’бочка’, гл.).

Басэ́тля3 жарт., ’мажная жанчына’ (Сцяц.). Метафарычнае ўжыванне слова басэ́тля ’кантрабас’ (пераносна таксама ’вялікая бочка’).

Басэ́тля4 ’басота, басяк’ (Бяльк.). Магчыма, пераноснае ўжыванне слова басэ́тля ’кантрабас, віяланчэль’, якое метафарычна ўжываецца і як ’вялікая бочка’, і як ’мажная жанчына’. Такі перанос тым больш верагодны, што фанетычна пачатак слова вельмі блізкі да басо́та ’басякі’.

Басю́ры ’гулянка жней за кошт гаспадара’ (Хрэст. дыял., 333). Няяснае слова. Магчыма, ёсць сувязь з словамі тыпу рус. дыял. бу́са́ть ’піць, напівацца’, бусо́й ’п’яны’.

Бася́дла ’сабака’ (Не хадзі, сынок, да басядлы, укусіцьЖд.). Няяснае слова. Зыходзячы з канчатка (‑дла), можа, нейкае запазычанне з польскай мовы (параўн. суфікс ‑dło).