Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пазю́р ’ногаць’ (Выг., Дразд.). Гл. пазур.

Паі́ць ’даваць піць каму-н.; насычаць вільгаццю, вадой’. Рус. пои́ть, ст.-рус., ст.-слав. поити, польск. poić, чэш. pojiti, серб.-харв. по̀јити, славен. pojíti, pojim, балг. поя́ ’паю’. Праслав. pojiti. Фасмер (3, 304) асновай гэтага дзеяслова лічыць прасл. *pojь ’напітак’, які ад піць (гл.) з аблаутам у корані. Махэк (452) мяркуе, што ў прасл. была ўтворана дзеяслоўная аснова з poj‑, г. зн. не абавязкова ад назоўніка.

Пай1 ’доля, якая ўносіцца ў капітал якога-н. таварыства кожным яго ўдзельнікам’ (ТСБМ); у дыялектах часцей па́йка ’тс’, таксама ’надзел зямлі’ (Сл. ПЗБ), ’шчасце, удача’ (Бяльк.). Рус. пай, укр. пай ’тс’. Запазычанне з цюрк. моў: тур., крым.-тат., тат. pai ’частка, участак, пай’ (Радлаў, 4, 1118; Міклашыч, 230; Праабражэнскі, 2, 5; Фасмер, 3, 187).

Пай2 ’выбітае, вытаптанае месца (на лузе, у полі і інш.), паёваць ’талаваць, нішчыць’ (ТС). Няясна. Відаць, да пай1, праз значэнне ’ўчастак зямлі’.

Па́йда ’пляткарка’ (Жд. 2). Укр. по́йда ’жанчына, якая ўвесь час бегае з дому’. Бязафікснае ўтварэнне ад асновы буд. ч. пайду, пайсці (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 35). У словаўтваральных адносінах параўн. яшчэ знайда, пройда (гл.).

Па́йма ’пасма’ (Шат.), ’жменя’ (Нар. сл., віц.), паймачка ’пучок ільну’ (Сл. ПЗБ). Рус. сімб. пиймо ’звязка нітак’. Аддзеяслоўны назоўнік ад pojęti, pojьmę (гл. узяць, вазьму).

Пайса́ць ’паўторна малаціць каласы і дробную салому’ (Сцяшк. МГ, КЭС, гродз.). Гл. пойсаць.

Пайстком ’дэталёва, падрабязна (расказаць)’ (Шн. 2), ’шчыра’ (Нар. сл., ушацк.), па‑істачком (по‑источком) ’тс’ (Мядзв.). Цёмнае слова. Варыянт пайстком, мабыць, скарачэнне слова, прыведзенага Мядзведкам. Калі зыходзіць са словаўтваральнай структуры, то яно можа ўзыходзіць да рус. точно, неточно; але канчатак указвае на першапачатковы назоўнік, накшталт *істопак.

Пак ’стос або звязка пэўных прадметаў’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., ТС), ’скрыня, у якую ссыпаюць муку’ (Інстр. 1, Сл. ПЗБ), ’пенал’ (Шат.). Праз польск. pak, paka з ням. Packen, Pack ’пакет, звязка’, таксама як і рус. пак (аб апошнім гл. Фасмер, 3, 188). Пакава́ць з польск. pakować; дзеяслоў адзначаны ў ст.-бел.: паковати < ст.-польск. pakować (Булыка, Лекс. запазыч., 248).

Пакаёўка ’служанка, якая прыбірала пакоі і выконвала некаторыя іншыя работы’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). З польск. pokojówka ’тс’.

Па́калак ’невялікая палка, кусок ламачыны’ (ТСБМ, абл.; Бяльк.; Нар. сл., дзярж., ушацк.). Рус. наўг. па́колка ’жэрдка, кол, вакол якіх кладуць стог’, укр. пакі́л, родн. скл. поко́ла ’калок’. Суфіксальны дэрыват (з суф. ‑ак) ад дзеяслова пакалоць < калоць (гл.).