Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Віццё ’прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваюцца скручаныя (звітыя) бярозавыя (дубовыя, лазовыя) дубцы, што ўжываюцца пры звязванні чаго-небудзь’ (Янк. II, З нар. сл., Шатал.). Першапачаткова зборны назоўнік ад *віць; параўн. ст.-бел. вить, виць ’лаза, скрутак шнуроў’ (< польск. wić ’тс’, Булыка, Запазыч., 65).

Віць1 ’балота з вокнамі’ (Жучк., 14). Няясна. Магчыма, славянскага паходжання, ад віць2 з наступным мяркуемым развіццём значэння: *віць ’што-небудзь плеценае’ (параўн. рус. вить ’тс’) → ’праход з плятня праз балота → балота’. У семантычных адносінах параўн. гаць ’праход праз топкае месца, дарога праз гаць’ і гаць ’багна’. Не выключана балтыйскае паходжанне. Тапароў і Трубачоў (Лінгв. аналіз, 180) параўноўваюць таксама гідронімы Вить, Веть і інш. гэтага ж кораня з жэмайц. Витути, Витагола.

Віць2 (БРС, Нас., Бяльк., Шат., Гар.). Рус. вить, укр. ви́ти, польск. wić, в.-луж. wić, н.-луж. wiś, чэш. víti, vijt, славац. viť, серб.-харв. ви̏ти, ви̏је̑м, славен. víti, балг. ви́я. Роднасныя літ. výti ’віць’, лат. vît, ст.-інд. váyati ’пляце, тчэ’, лац. víeo, viēre ’плясці’, гоц. waddjus ’вал’ (Траўтман, 346; Вальца–Гофман, 2, 786 і наст.; Фасмер, 1, 322).

Ві́цязь (БРС). Рус. ви́тязь, укр. ви́тязь, ст.-рус. витязь, в.-луж. wićaz ’герой; селянін, арандатар’, чэш. vítěz, славац. víťaz, славен. vȋtez, серб.-ц.-слав. витѧѕь, серб.-харв. ви̏те̑з, балг. ви́тез, макед. витез. Ст.-прус. witing (з 1299 г.) ’служылае дваранства’ запазычана з польск. (Брукнер, AfslPh, 20, 485; ZfslPh, 2, 296). Большасць даследчыкаў лічаць славянскае слова запазычаным з герм., але канкрэтны шлях запазычання няясны. Фасмер (1, 322 і наст.) і інш. (Уленбек, AfslPh, 15, 492; Стэндэр–Петарсан, ZfslPh, 4, 44 і наст.; Шварц, ZfslPh, 2, 105; Янка, WuS, 1, 108 і наст.) узводзяць vitędzь да герм. *vikíng‑, ст.-ісл. víkíngr, якія звязаны са ст.-саксон. wîk ’жыллё’, ст.-в.-ням. wîch ’тс’; славянская форма ўзнікла ў выніку другой палаталізацыі і дысіміляцыі. Тлумачэнне слова як запазычання са ст.-ісл. hvítingr ’светлавалосы, знатны’ (Янка, там жа; Экблом, ZfslPh, 16, 272 і наст.) не пераконвае, таму што яно не ўлічвае распаўсюджання слова ў в.-луж. і серб.-харв. мовах. Маркварт (Festschrift. V. Thomsen, 104) атаясамлівае англа-сакс. Wicingas з эруламі, якія рабілі набегі з III ст. н. э. і былі адціснуты датчанамі толькі ў VI ст., і тым самым тлумачыць наяўнасць слова ў серб.-харв. Шварц (там жа) указвае на магчымасць распаўсюджання слова лангабардамі або варнамі. Мартынаў (Лекс. взаим., 105) выводзіць слав. vitędzь з прагерм. wīkinga*wīginga), якое ў сваю чаргу было ўтворана ад wīgan ’змагацца, забіваць’ пры дапамозе суф. Nomina agentis ‑inga, г. зн. wīginga ’пабеданосны воін’. Версіі славянскага паходжання ад *vit ’дабыча, трафеі’ з суф. ędzь (Брукнер, 658; AfslPh, 42, 139 і ZfslPh, 6, 64) і ад вітаць ’абітаць’ (Янка, Slavia, 9, 343; Младэнаў, 68) малаверагодныя. Падрабязна літаратуру гл. Фасмер, 1, 322 і наст. і Шанскі, 1, В, 111.

Ві́чанка ’вікавая салома’ (Мат. Гом.). Ад вічаны (вік + ян) пры дапамозе суф. ‑ка. Гл. віка.

Ві́чка ’мышыны гарох’ (Шатал.). Памяншальнае да віка, паколькі расліна гэта нагадвае віку.

Віччына́ ’вяндліна’ (Бяльк.), вітчына́, вычына́ ’тс’ (Вешт., дыс., палес.). Запазычанне з рус. ветчина́ ’тс’ (Гл. Вештарт, Бел.-рус. ізал., 18).

Віш1 ’зазімаваўшая (няскошаная) трава’ (Маш., Янк. I, З нар. сл., Мат. Гом., Шатал.), віша ’тс’ (Некр., Янк. I, Бір. Дзярж., З нар. сл.). Рус. дыял. кур. виш ’зараснікі кустоў, вялікая колькасць купін, леташняй травы ў паплавах’, ст.-рус. вишь ’зялёныя галінкі, хвораст’, польск. wisz ’тс’, н.-луж. wiš ’чарот, трава, якая расце на балоце’, чэш. viš, víš ’назва пэўнай расліны або парасткаў’, чэш. дыял. ’высокая лясная трава, якая расце на вільготных і балоцістых месцах’, серб.-харв. виш ’від балотнай травы’, славен. vȋš м. р., vȋš ж. р. ’асака, чарот’. Прасл. višь. Роднаснымі з’яўляюцца ст.-прус. wissene ’багун, Ledum palustre’, літ. viksvà ’асака’, vikšvà, vìkšris ’чарот, асака’, vizgà ’трава’ (Траўтман, 363; Брукнер, KZ, 44, 334; Фасмер, 1, 325; Махэк₂, 691). У якасці роднасных прыводзяцца таксама нарв. vîse ’мяцёлка, верхавіна расліны, сцябло’, vîs м. р. ’мяцёлка’, veis ’сакавітае сцябло’, veisa ’ціна’, ст.-в.-ням. wisa ’луг’ (Петэрсан, AfslPh, 36, 151; Хольтхаузен, IF, 32, 337). Магчыма, сюды ж рус. виша, вишь ’водная губка, Spongia fluviatilis’; параўн. нарв. veise ’ціна’. Гл. віс.

Віш2 м. р. ’іней’ (Мат. Гом.). Рус. арл., кур. вишь, ж. р., ви́шей, ви́шай, ви́шар ’тс’. Магчыма, да віш1, вішар (гл.) праз прамежкавую семантычную ступень ’вадзяная губка, Spongia fluviatilis, наплыў, рачная зеляніна’, якая ўтрымліваецца ў рус. вишь, виша; апошнія лексемы Махэк₂ (691) аб’ядноўвае з віш1. Фасмер (1, 326) пытанне аб сувязі рус. виша ’вадзяная губка’ з виш1 пакідае нявырашаным.

Вішава́ць ’заставацца няскошанай (аб сенажаці, канюшыне)’ (Янк. I). Палес. вишоват ’перастойвацца, перарастаць (аб траве)’ (Лысенко СПГ), польск. wiszowaty ’грубы, буйны (аб сене)’. Да віш (гл.).

Ві́шанка ’матрац’ (Мат. Гом.). Ад *вішаны пры дапамозе суф. ‑ка. *Вішаны ў сваю чаргу узыходзіць да віш1 (гл.). Параўн. заўвагу Махэка₂ (691), што ў Ходскай вобласці vyšovku (дэрыват ад *višь) ужываюць пасля сушкі для вырабу матрацаў і сеннікоў.

Ві́шар ’няскошаная трава, якая засталася зімаваць’ (Шат., Бес., Янк. I, Шатал.); ’топкае балота, дзе траву косяць толькі па лёдзе або яна там зазімоўвае’; ’трава ў выглядзе мурагу, якая не трэцца’, ’благое балотнае сена’ (Яшк.); ’гнілое сена’ (Шатал.); ’расліна пажарніца’ (Мат. Гом.). Укр. ви́шар ’леташняя трава’, польск. wiszar ’балотная трава, гушчар, мокры, зарослы травой луг’. Да віш1 (Махэк₂, 691). Непрымальная думка Рудніцкага (1, 404) ад шар з прэфіксам ви‑.