Віхля́ць (БРС, Нас., Бяльк., Гарэц., КТС), віхлі́ць ’віляць хвастом’; ’хітрыць’ (КЭС, лаг.), віхле́ць ’прагнуць’ (Юрч.); ’хітрыць’ (КТС). Рус. вихля́ть, укр. вихля́ти, польск. wichlać і wichlić, з XVII ст. wikłać (Брукнер, 612), чэш. vichlať ’інтрыгаваць’, viklati ’вагацца’, славен. vihljáti ’веяць, варушыць’. Відавочна, вытворнае ад віхаць (Фасмер, 1, 324). Махэк₂ (689) выводзіць непасрэдна ад віць пры дапамозе фарманта ‑chlati.
Віхор (БРС, Шат., Касп., Мядзв., Гарэц., КЭС, КТС) ’шчацінне на хрыбце ў свінні’ (Бяльк., Шатал.); ’дух-гаспадар ветру’ (Інстр. II); ’від танца’ (Інстр. IV), віхры́ ’пясчаныя ўзгоркі, нанесеныя ветрам’; ’кучаравыя валасы’ (Сцяшк. МГ). Рус. вихо́р, укр. вихор, польск. wicher, чэш. vicher ’капуста, якая не завілася ў качан’, славен. vicher ’завіток валасоў’. Да віць (Фасмер, 1, 324). Перанос націску адбыўся ў выніку ўздзеяння дэрыватаў тыпу бугор, тапор і г. д. (Шанскі, 1, В, 112). Міклашыч (388), Персан (322) параўноўваюць з вяха́, вехаць як ступені чаргавання. Гл. таксама віхар.
Ві́храва трава ’расліна астрагал, Astragalus glycyphyfllus’ (Кіс.). Рус. смал. вихрева трава ’тс’. Відавочна, да ві́хар, віхр, але канкрэтныя матывы намінацыі няясныя, магчыма, таму, што гэтыя расліны з тонкім сцяблом і складаным лісцем часта пераблытваюцца; параўн. рус. вихорево гнездо ’сплеценыя віхрам у клубок галінкі бярозы’.
Віхру́н ’рыжаваты голуб з каўняром з пер’я з абодвух бакоў шыі’ (БРС). Рус. вихру́н ’тс’. Да віхор. Гл. Фасмер, 1, 324.
Віхры́ць ’кружыць віхрам (аб пыле, снезе)’ (БРС, Нас., КТС). Рус. вихри́ть, укр. вихри́ти, польск. wichrzyć, чэш. дыял. vichriť ’тс’. Да віхар (гл.).
Віхта́ ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, 270). Няясна. Верагодна, аддзеяслоўнае ўтварэнне ад *віхтаць ’хістацца, качацца’, якое да віхаць з т устаўным у выніку экспрэсіўнага характару слова. Параўн. маг. віхто́вы ’скоры, рашучы, актыўны, энергічны’.
Віхтава́ць ’жывіць, карміць, даглядаць’ (астрав., маст., Весці АН БССР, 1969, № 4, 132). З польскага wikt, дыял. wicht ’сталаванне, штодзённая страва’, wlktować ’сталаваць, карміць, утрымліваць на сваіх харчах’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, № 4, 132). Параўн. таксама ст.-бел. виктъ ’харчы’ < польск. wikt < лац. victus (Булыка, Запазыч., 63).
Віху́ра (паэт.) ’віхар, завея, буран’ (БРС, Яруш., КТС). Польск. wichura ’тс’. Гл. віхар. У бел., калі меркаваць па месцы націску і па кніжным характары слова, відаць, запазычанне з польск.
Ві́ца ’прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваецца бярвенне з пакладзенымі на іх жэрдкамі’ (З нар. сл.). Рус. ви́ца ’дубец, галузка; скрутак дубцоў для звязвання чаго-небудзь’, польск. wić ’дубец, галузка’, серб.-харв. ви̏цкаст ’стройны, гібкі’, славен. vjȋǎ ’дубцы івы, якімі ўмацоўваецца саламяная страха’, балг. ви́ца ’гнуткі дубец’, макед. вица ’тс’. Да віць (Міклашыч, 390; Праабражэнскі, 1, 86; Фасмер, 1, 324; БЕР, 156). Літ. vycas, лат. vica ’івавая галузка’, эст. vits ’дубец’ запазычаны з слав. (Фрэнкель, 1237).
Віці́на 1 ’дубец, галінка’ (БРС, Др.-Падб.); ’кій, плыт’ (Гарэц.); ’прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваецца бярвенне з пакладзенымі на іх жэрдкамі’ (З нар. сл.), віці́ны ’перапляценне, на якое кладуць жэрдкі ў плоце’ (Шатал.). Рус. ви́тина ’дубец; кошык, пляцёнка’, серб.-харв. ви̏тина ’дубец, звычайна лазовы, для звязвання снапоў або перавязь з дубцоў’. Да віць (Праабражэнскі, 1, 86); (параўн. таксама ў словаўтваральных адносінах літ. vỳtinė ’дубец, галінка’ ад vỹtis ’тс’). Гл. віца.
Віці́на 2 ’вялікая барка або лодка, асаблівы від барак’ (Федар., 6, 106, 7, 254; Шн., 1; Дзмітр., Гарэц., Др.-Падб.). Рус. вити́на, вити́н, вити́ма ’хадавое пласкадоннае судна толькі на Нёмане і яго прытоках і на Прыляці’, польск. wicina ’тс’. Этымалогія застаецца няяснай. Брукнер (613) лічыць слова літоўска-беларускім. Скарджус (ZfslPh, 26, 1957, 150 і наст.) адносіць яго да запазычанняў з літ. (слав. витина, віціна < літ. vytìne ’пласкадоннае судна, барка’, якое з vytìs або výtas ’плецены’) і ў якасці аргумента на карысць запазычання ўказвае на геаграфію і ізаляванасць слова ў славянскіх мовах. Але з семантычнага і словаўтваральнага пунктаў погляду як літоўскае, так і славянскае паходжанне (ад віць, віты) роўнаверагодныя; параўн. польск. okręt ’карабель’ з *obkrǫntь ’пляцёнка’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 230 і наст.). Фасмер (1, 321) дапускае славянскае паходжанне і роднаснасць з ветвь, ви́твина.