Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Паза́ддзе ’адыходы, астаткі пры малацьбе або веянні’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), поза́дзье ’тс’ (ТС). Укр. поза́дь ’тс’. Да зад (гл.).

Паза́дкі ’адходы, астаткі пры малацьбе або сеянні’ (ТСБМ, Нас., Янк. 2, Інстр. I), поза́док ’тс’ (ТС), ’астаткі ад вадкай ежы на дне’ (Вешт. дыс.). Рус. поза́дки ’тс’. Да зад (гл.).

Паза́лкі ’шчолак; брудная вада пасля мыцця бялізны’ (Гарэц., Касп., Бяльк., Сцяшк. Сл., Мат. Гом., Інстр. I; КЭС, бых., шкл.), пазо́лкі (КЭС, мазыр.), пазо́лы (Клім., Влад.), позо́л, позо́лкі, позо́лье, позо́лінье (ТС) ’тс’. Рус. па́золки, укр. па́зілки, па́золки ’тс’. Бязафікснае і з суф. ‑к‑ утварэнне ад пазоліць < зала (гл.).

Пазатакро́к прысл. ’пазамінулы год’ (Сцяшк.), пазатакрак ’тры гады назад’ (Янк. 2) з па‑за‑так‑рок. Да рок ’год’ (гл.).

Пазвано́к ’састаўная частка пазваночніка чалавека і некаторых жывёл’ (ТСБМ). Рус. позвоно́к ’тс’. Паводле Фасмера (3, 303), звязана чаргаваннем галосных з звяно (гл.).

Пазвано́чнік ’асноўная частка шкілета ў чалавека і некаторых жывёл, якая складаецца з пазванкоў’ (ТСБМ). Рус. позвоно́чник ’тс’. Утварэнне ад пазваночны < пазванок.

Пазёмка1 ’замець’ (ТСБМ, Янк. 3., Інстр. I). Рус. позёмка. Суфіксальнае вытворнае ад словазлучэння па земі (параўн. корань zem‑ у словах пазём, чарназём і інш.).

Пазёмка2 звычайна толькі мн. пазёмкі ’суніцы’ (ТСБМ, Янк., Яруш., Гарэц., Сцяшк., Кіс., Бесс., Мат. Гом.), пазёмкі, пазю́мкі, позі́нкі ’тс’ (Сл. ПЗБ). Рус. пазе́мка, польск. poziomka ’тс’. Гл. пазёмка1, у бел., відаць, з польск.

Пазі́раваць ’быць натурай для фатографа або мастака; прымаць позу’ (ТСБМ). З рус. пози́ровать ’тс’, якое з ням. posieren, першакрыніцай якога ў сваю чаргу з’яўляецца франц. poser ’класці, ставіць’ (параўн. Фасмер, 3, 303).

Пазіты́ўны ’які заснаваны на фактах, на вопыце; дадатны’ (ТСБМ). З рус. позити́вный ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 78). Не выключана запазычанне і з польск. pozytywny. У рус. і польск. мовах праз зах.-еўрап. мовы з лац. positīvus (параўн. Фасмер, 3, 303).

Пазі́цыя ’месцазнаходжанне каго-, чаго-н., размяшчэнне; пункт погляду; думка’ (ТСБМ). З рус. пози́ция (Крукоўскі, Уплыў, 78), дзе праз зах.-еўрап. мовы з лац. positio ’становішча’.