Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Барано́ва ’баранеса’. Запазычанне з польск. baronowa (да baron ’барон’).

Бара́нчыкі ’ўключыны ў лодцы’ (Маслен.). Бясспрэчна, вытворнае (семантычна) да бара́н ’баран’. Бараном называюць розныя драўляныя прылады, не толькі вялікія, але пэўнай формы (калодкі і г. д.). Гл. падрабязна Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23.

Баранюхі ’брусніцы’ (Бесар.). Параўн. польск. baraniucha ’талакнянка, мядзведжая ягада, Arctostaphylos L.’ Ад бара́н1 (гл.), але матывіроўка назвы няясная. Для брусніц падобнае слова, здаецца, не сустракаецца ў іншых мовах. Таму можна меркаваць, што назва выпадковая і перанесеная з нейкай іншай расліны.

Барахло́ (БРС, Нас., Сакал., Сцяшк. МГ, Шат.). Рус. бара́хло́, укр. барахло́. Бел. і ўкр. словы, мабыць, запазычаныя з рус. мовы. Слова не вельмі яснага паходжання. Старая версія пра запазычанне з манг. мовы (ССРЛЯ, I, 275; Рудніцкі, 78; Аткупшчыкоў, ЭИРЯ, V, 73–79) не вельмі пераконвае. Шахматаў (ИОРЯС, 7 (2), 352 і наст.) прапанаваў звязаць з ст.-рус. і дыял. бо́рошень ’дарожныя пажыткі, запасы; скарб і г. д.’ Далей звязваюць з чэш. brašna ’сумка’. Гл. Шанскі, 1, Б, 41. Шавялоў, Prehistory (414) лічыць, што ў слове барахло́ — «а- паўнагалоссе» і параўноўвае з укр. бо́рошно ’мука’. Вельмі няпэўна.

Барахма́цца ’дужацца’. Гл. баро́хтацца.

Барахо́лка. Запазычанне з рус. барахо́лка (дзе з’яўляецца вытворным ад барахло́, гл.).

Барацьба́ (БРС, Касп.), укр. боротьба́. Крамко (Гіст. мовы, II, 141) лічыць, што прынамсі бел. слова з’яўляецца няпоўнай калькай (у дакастрычніцкі перыяд развіцця бел. літаратурнай мовы) з рус. (борьба́), якая ад рускага слова адрозніваецца словаўтваральным элементам. Вывад вельмі няпэўны. Хутчэй барацьба́, боротьба́бел.-укр. утварэнне (з новым суфіксам ‑тьба, які ўзнік на базе дэкампазіцыі такіх слоў, як малацьба́). Бел. барадзьба́ ’баранаванне’ (Касп.) < барацьба (кантамінацыя з словам бараньба ’баранаванне’). Да ўтварэнняў тыпу бел. барацьбі́т гл. Кіш, SSlav., 2, 365–371.

Ба́рбар ’варвар’, ба́рбарскі ’варварскі’. Укр. (ст.) барбарскый. Запазычанне (мабыць, праз польск. barbar ’варвар’; да польск. слова гл. Брукнер, 15) з лац. barbarus (< грэч. βάρβαρος), якое распаўсюджана і ў зах.-еўрап. мовах (ням. Barbar і г. д.). Да гісторыі слова гл. Клюге, 51 і асабліва падрабязна MESz, 1, 247–248. Таксама з польск. мовы ўзята барбары́нства ’варварства’, барбары́нскі (Нас.). Гл. Кюнэ, Poln., 43.

Ба́рбара ’рэвень’ (Жд.). Скарачэнне запазычанага з польск. мовы *рэбарбара, *рабарбара (< польск. rabarbara, rebarbara), якое паходзіць з лац. rhabarbarum, reubarbarum (падрабязней гл. Брукнер, 456; Махэк, Jména rostl., 86). Польск. barbara азначае зусім іншую расліну (Barbaraea) і не можа быць крыніцай бел. слова, нягледзячы на фанетычную блізкасць.

Барбара1 (ст.-бел.) ’прылада катавання’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 1967, 54). Чартко, там жа, бачыць тут запазычанне з ням. Barbarei ’варварства, дзікасць’. Этымалогія вельмі няпэўная. Хутчэй ст.-бел. слова трэба параўноўваць з укр. барба́ра, байба́ра́ ’бізун, пуга і г. д.’ Усё гэта запазычанні з польск. barbara ’тс’ < уласн. імя Barbara (матывацыю гл. Брукнер, 15). Параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 126 (параўн. яшчэ ўкр. ванда́ ’арапнік, доўгі бізун’ < Wanda). Аб называнні прадметаў уласнымі імёнамі людзей гл. падрабязна Банфантэ, RL, IV, 19–28. Параўн. барба́ра2.

Барба́ра2 ’кол у плытагонаў’ (нёманск., гродз., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.). Відаць, таго ж паходжання, што і барба́ра1 (гл.), г. зн. запазычанне з польск. Параўн. barbara ’доўгі, тоўсты канат’ (< уласн. імя Barbara); параўн. яшчэпольск. дыял. barbaro, jadwiga ’драўляны крук для падвешвання катла над агнём’. Гл. яшчэ Махэк₂, 46 (пад barbora, дзе прыводзяцца розныя назвы прадметаў ад жаночага імя).

Барбары́с ’расліна Berberis L.’ (Кіс.). Рус. барбари́с (ст. берберис), укр. байбари́с (дысіміляцыя р — р > й — р), барбари́с. Запазычанне з новалац. berberis (а гэта, магчыма, з араб. barbāris < ambar bāris < amīr bāris ’Berberis vulgaris’; Локач, 20). Фасмер, 1, 125; Праабражэнскі, 1, 16–17; Шанскі, 1, Б, 42.