Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

По́шта1 ’ўстанова для перасылкі пісем, грошай, лёгкіх грузаў’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ), по́чта ’паштальён’ (пруж., Сл. ПЗБ), ст.-бел. почта, почтовый, поштовый (1685), рус. по́чта, укр. по́шта. Запазычана з італ. posta ’пошта’ (< лац. positus, posita ’прыпынак, станцыя, дзе мяняюць коней’) ва ўсе еўрапейскія мовы. Лічыцца, што ва ўсходнеславянскія мовы трапіла праз пасрэдніцтва польскай, параўн. польск. poczta, ст.-польск. poszta (Булыка, Запазыч., 257; Фасмер, 3, 348; Брукнер, 424).

По́шта2 ’нашто’ (Нас.). Гл. пашто́.

По́шчак ’трэль, перарывісты дрыжачы гук’, ’рэха’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ), по́ушчак ’пошчак’, ’рэха’ (Сержп., 1911). Утворана з дапамогай прыстаўкі по- (*po‑) ад гукапераймальнага кораня *šček‑, вядомага толькі заходнім і ўсходнім славянам (Фасмер, 4, 499–500; Брукнер, 544; Чарных, 2, 431), параўн. ст.-бел. щекати ’брахаць’, рус. дыял. щёкот ’пра шчабятанне птушак’, щеко́тка ’сарока’, пощектать ’пабалбатать’, ще́кать, щечи́ть ’гаварыць голасна і хутка’, ’сварыцца’, стараж.-рус. щекотъ ’песня салаўя’ (“Слова пра паход Ігаравы”), польск. szczekać ’брахаць’, чэш. štěkati ’брахаць’, в.-луж. šćekać so ’кпіць, жартаваць’. Гл. шчакаць.

По́шчака ’сківіца’ (Сцяшк. МГ). Гл. пашчака.

По́шыбень ’кій, палка’ (Ян.); рус. пск., цвяр. гюшиоалки ’прадмет (камень, палка), якімі можна ў каго-небудзь кінуць’. Ад по- і шыбаць ’кідаць, шпурляць’ (гл.). Пра суфікс гл. Сцяцко, Афікс. наз., 39.

По́яс1, пая́с, по́іс, по́ес ’рэмень, шнур і пад., якімі падпяразваюць адзежу на таліі’, ’паясніца, талія’, ’што-небудзь разморанае паласой’, ’брус паміж кроквамі ці слупамі’, ’гарызантальныя планкі ў раме кроснаў’, ’спавівач’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк. Сл., Уладз., Шушк., Інстр. 1, Тарн., Маш., П. С., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС, Бяльк.), ’паясніца’ (жлоб., Мат. Гом.; ТС), петрык. ’падбрушнік’, талач. ’спавівач’, свісл. ’папярочная планка ў лаве’; лун. ’папярочная планка ў кроквах’ (Шатал.), ’вянок у калодзежным зрубе’, поесні́ца ’пояс ў штанах’, поесо́к ’выступ, карніз’ (ТС), ст.-бел. поясъ, поѣс, поесокъ, поясок ’рэмень, шнур’, ’паясніца, талія’, укр. по́яс, рус. по́яс, польск. pas, в.-луж., н.-луж. pas, чэш., славац. pás, славен. pojâs, серб.-харв. по̏јас, па̑с, pȃs, балг. по́яс, ст.-слав. поꙗсъ. Да прасл. *po‑jasъ, якое з’яўляецца адваротным дэрыватам ад *po‑jasati (< і.-е. *jōs‑ ’падпаясаць’ ’апаясаць’; літ. júosti ’апаясваць’, júosta ’пояс’, лат. júôsta ’пояс’, juôzt ’апаясваць’, грэч. ζῶμα ’пояс’, авест. yāsta‑ ’адперазаны’), дзе *ро‑ — дээтымалагізаваны прэфікс (ESSJ, 1, 187), гл. па‑, параўн. бел. апаясаць ’падперазаць’, і *jasati, адкуль ц.-слав. ꙗсало ’пояс’ (Фасмер, 3, 351; Глухак, 429), сюды ж по́вяс, по́вес (гл.).

По́яс2 ’вясёлка’ (іван., стол., ДАБМ, камент., 901–902), пая́с (брасл., шарк., ДАБМ, камент., 901–902), бо́жы паяс ’тс’ (брасл., там жа), укр. бо́жій по́йас, по́йас Бо́жойі матери, балг. поя́с, го́сподʼов по́яс, богородичен пояс, макед. појас, славен. svete Marije pȃsес, серб.-харв. bȏzji pasȉć, božji pȃs, hožji pojas, Marijin pas. Пра геаграфію распаўсюджання значэння по́яс ’вясёлка’ гл. Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 35–38. По́яс ’вясёлка’ на Браслаўшчыне лічаць славянскай калькай літоўска-латышскай назвы, параўн. літ. dievo juosta (літаральна ’божы пояс’), malonės juosta (літаральна ’добры пояс’), лат. dieva josta. Непакупны (Связи, 64–66), насуперак Талстому, палеска-паўночнаславянскую лексіка-семантычную ізаглосу адмяжоўвае ад літоўска-латышскай і лічыць іх прыкладам незалежнага семантычнага развіцця агульнай балта-славянскай лексемы (семантычная універсалія, параўн. франц. дыял. ceinture ’вясёлка’, літаральна — ’пояс’). Лічыцца, што асновай метафары ’пояс’ — ’вясёлка’ разам з формай пояса мог паслужыць звычай насіць шматколерныя паясы ў Латвіі, Літве і Балгарыі (Непакупны, тамсама; Чэкман, Baltistica, 8, 2, 155). Мяркуецца, што існаваў агульны міф на балта-славяна-грэчаскай і заходнееўрапейскай тэрыторыі, у якім вясёлка выступала ў якасці пояса жаночага бажаства (Алінеі, Зб. Івічу, 78).

По́яс3 ’Млечны Шлях’ (Мат. Гом.). Такая назва існуе і ў іншых народаў, параўн. рус. дыял. по́яс ’тс’, лац. Caeli Cingulum ’нябесны пояс’ і лагічна выцякае з гаспадарчай дзейнасці і побытавых рэалій гэтых народаў. У назве по́яс адлюстроўваецца форма Млечнага Шляху, які ўяўляе сабой серабрыстую туманную паласу, што апаясвае нябесную сферу (Карпенка, Назв., 14–23). Пра іншыя назвы і геаграфію іх распаўсюджання гл. таксама Гладышова, Wiedza, 77–89; Купішэўскі, Słown., 106.

По́- прыстаўка для абазначэння розных прасторавых, часавых і іншых адносінаў. Надае значэнні: назоўнікам — ’прадмет, падобны да таго, што названа ўтваральным словам, але не з’яўляецца ім у поўнай меры’: по́гуд ’невыразны гул’ (Сцяшк. Сл.), по́кут ’покуць’, по́кліть ’свіран, клець’ (Тарн.); прыметнікам і прыслоўям — ’некаторае ўзмацненне якасці’ ці ’прысутнасць яе ў малой меры’: по́даўна ’даволі даўно, даўнавата’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. ПЗБ, ТС), по́дыўна ’тс’ (Бяльк.), по́даўка, по́цесна ’цеснавата’, по́вісокі ’высакаваты’, по́малы ’малаваты’, по́цемна ’цемнавата’, по́весел ’пад чаркай’ (Нас.), по́велікі ’велікаваты’ (ТС). Паводле Цвяткова, по‑ ў апошніх формах генетычна суадносіцца з паказчыкам вышэйшай ступені параўнання ў балгарскай мове: по‑висок ’вышэйшы’ (Цвяткоў, Запіскі, 51); а таксама ў македонскай мове: помлад ’маладзейшы’. У тым жа значэнні вядома большасць славянскіх моў: укр. по́широкий ’трохі шырэйшы’, по́твердний ’цвердаваты’, польск. pobielawy ’белаваты’, чэш. posilný ’даволі моцны, трохі мацнейшы’, в.-луж. počorni ’чарнаваты’, н.-луж. pocarny ’тс’, славен. počrn ’тс’, серб.-харв. подобар ’даволі добры’; гэта дазваляе рэканструяваць праслав. *po‑ з адпаведным значэннем, параўн. лат. padargs ’задарагі, дарагаваты’, што выводзіцца са значэння ’пасля, за’ адпаведнага прыназоўніка (ESSJ, 1, 189; БЕР, 5, 395; Скок, 2, 692–693; ESJSt, 11, 667), гл. па1, па2.