Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Та́пкі ’пантофлі, лёгкія туфлі без абцасаў’, адз. л. та́пка (ТСБМ; карэліц., Дзіц. фальклор), адз. л. та́пак: пакласці ў тапак, насіць у тапку (мазыр., Нар. медыцына). Укр. та́почки, рус. та́пки. З рус. та́пкі ’тс’, параўн. тапачкі, тапці, гл. Параўн. таксама серб.-харв. то̀пук ’сялянскі абутак, пасталы’ (< тур. topyk ’пята’, Скок, 3, 483).

Тапкі́ ’гразкі, багністы’ (віл., Сл. ПЗБ). Гл. то́пкі1.

Таплёвачкі ’пупышкі на таполі’ (Барад.). Відаць, да топіль ’суквецце таполі’ (Расл. св.), ад таполя, топаль, гл.

Таплёнка ’топленае малако’ (Гіл.), ’кіпячонае малако’ (бых., ЖНС; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’парное малако’ (Касп.). Семантычны дэрыват ад таплёнае малако, параўн. таплёны ’кіпячоны’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Гл. тапі́ць2.

*Тапло́, топло́ ’гразкае месца’ (ТС). Гл. тапіла.

Та́пля1 ’пліта (кавалак шкла і пад.)’ (карэліц., З нар. сл.). З польск. tafla ’тс’ з заканамернай заменай ф на п у народнай мове, параўн. фасо́ля/пасо́ля і пад., польскае слова з ням. Tafel ’дошка, пліта, панель’, што ўрэшце ўзыходзіць да лац. tabula ’тс’ (Брукнер, 563; ЕСУМ, 5, 528).

Та́пля2 ’чапля’ (Мат. Гом.). Відаць, дэфармаванае чапля ’тс’ (гл.), збліжанае да тапі́ць ’акунаць у ваду’ (гл. тапіць1).

Тапля́к ’бервяно, якое доўгі час праляжала пад вадой’ (ТСБМ), ’дрэва, якое ляжала ў вадзе’ (віц., Нар. сл.; барыс., Сл. ПЗБ), ’патанулае дрэва’ (лельч., Расл. св.), топля́к ’патанулая калода’ (ТС, ПСл). Ад тапі́ць, тапі́цца, гл. тапі́ць1.

Тапне́ць ’змяншацца’: стог тапне́ў (Сцяшк.), тапне́е ’растае’ (воран., ЛА, 2). Дзеяслоў з польск. topnieć ’плавіцца, таяць’, перан. ’змяншацца, убываць’, роднасны да тапі́ць2, гл.

Тапо́ля ’дрэва сямейства вярбовых, Populus L.’ (ТСБМ, Некр. і Байк.; лях., Сл. ПЗБ; Кіс., Расл. св.), тапо́ля ’тс’ (ТС), тапо́ль ’тс’ (Ян., Кіс.; пруж., Сл. ПЗБ), топу͡оль ’тс’ (Вруб.), то́паль ’тс’ (Сцяшк., Кіс.), то́поль ’тс’ (ТС, Арх. Вяр.), то́мпель ’таполя’ (свісл., ЛА, 1), то́пель ’тс’ (Шат., Мат. Гом., Расл. св.), то́піліна ’тс’ (віц., ЛА, 1; віц., Расл. св.), топілы́на ’тс’ (дзярж., ЛА, 1), то́піль ’тс’ (кобр., ЛА, 1, Касп., Расл. св.), то́фель ’тс’ (лаг., Жд. 3), то́філь ’тс’ (мёрск., ЛА, 1), тофліна ’тс’ (Барад.), то́пля ’тс’ (ганц., ЛА, 1; Расл. св., Сл. ПЗБ). Укр. топо́ля, рус. то́поль, польск. topola, н.-луж. і в.-луж. topoł, чэш. topol, славац. topoľ, славен. topol, серб.-харв. топо̀ла, макед. топола, балг. топа́ла. Прасл. *topolъ, *topolь, а таксама *topolʼa, *topola; ёсць меркаванне, што гэтае найменне запазычана ў праславянскую мову з лац. pōpulus (с.-лац. populus) ’тс’, пры гэтым адбылася міжскладовая дысіміляцыя р : р > t : p. Літ. tapalas ’тс’ і алб. tupli ’тс’ лічацца запазычаннямі са славянскіх моў. З лацінскай выводзяцца і заходнееўрапейскія назвы расліны, напр. дац., швед. poppel, іт. pioppo, франц. peuplier, ням. Pappel; старое літ. túopa ’тс’ мае роднасныя сувязі з лац. pōpulus, паходжанне якога застаецца цьмяным (Махэк₂, 647: “праеўрапейскае”). Глухак (634) мяркуе, што спалучэнні гукаў р‑р‑l, t‑p‑l перадаюць трапятанне лісцяў, таму ў аснове бачыць анаматапею. Не пераконвае спроба Шустара–Шэўца (1518) звязаць славянскія назвы з коранем *tep‑, *top‑ (гл. топаць, тэпаць). Варыянтнасць гэтых назваў, у тым ліку і беларускіх, сведчыць пра запазычанасць. Гл. яшчэ Брукнер, 317; Фасмер, 4, 79; Борысь, 638; ЕСУМ, 5, 601. Спробай “каранёвай” этымалогіі з’яўляецца ўзвядзенне назвы да і.-е. *pel‑ ’шэры’ з-за з шэрага колеру кары таполі, тады на лацінскай глебе адбылося няпоўнае падваенне гэтага кораня (Покарны, 804); параўн. проціпастаўленую назву таполя чорная ’ясакар, Populus nigra L.’ (Кіс.), вядомую і іншым славянскім мовам, у тым ліку старапольскай (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 394), у гаворках у сцягнутай форме тапо́ля ’назва расліны Populus nigra’ (Янк. 2).

Тапо́р1 ’сякера’, ’старадаўняя баявая зброя’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’сякера’ (Касп., Сержп. Прымхі, Бяльк., Сл. ПЗБ; рагач., Рам. 3), ’сякера з шырокім лязом’ (беласт., Ніва, 1973, 11 лістап.; ЛА, 2), ’сякера з крывым лязом, склюд’ (Нік. Очерки; ЛА, 2), топи́р ’сякера калоць дровы’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Укр. то́пі́р ’сякера з доўгім дзяржаннем, якая выкарыстоўвалася ў якасці зброі’, рус. топо́р ’сякера’, польск. topór ’тс’, в.-луж. toporo ’тапарышча, дзяржанне сякеры’, старое н.-луж. topor ’тс’, чэш., славац. topor, старое славен. tópor ’дзяржанне сякеры’, старое балг. топо́р ’баявая сякера’. З прасл. *toporъ ’сякера’, наконт якога няма агульнапрынятай этымалогіі. Звязваюць з прасл. *teti (< *tepti), *tepǫ ’біць, выцінаць’, адпаведна ст.-слав. тети, тепѫ (Фасмер, 4, 79; Чарных, 2, 250–251; Борысь, 638 і інш.); з укр. тепо́рити ’цягнуць з цяжкасцю’, прасл. *top‑, гл. то́паць, тапта́ць (Шустар-Шэўц, 1518–1519), што малапераканальна. Іншыя лічаць старажытным запазычаннем з іранскіх моў і параўноўваюць са ст.-перс. *tapara‑ ’баявая сякера з доўгім дзяржаннем’, перс. teber, бялудж. tapar (адкуль арм. tapar ’тс’), курд. tefer (Трубачоў, Ремесл. терм., 152; Брукнер, 573; Махэк₂, 647; Голуб-Копечны, 387 і інш.). Паводле Мартынава (Балта-слав. иссл., 1980, 26), з іран. *tapara < *tarata ’тс’, асец. faeraet ’тс’ праз скіфскую ў славянскія мовы.

Тапо́р2 ’поле; былая надзельная сялянская зямля’ (мазыр., ГЧ). Няясна. Відавочна, нейкім чынам звязана з тапо́р1 (гл.), параўн. ст.-бел. топорище ’адзінка вымярэння даўжыні ў цяслярскай справе’ (Ст.-бел. лексікон), якая выкарыстоўвалася таксама для вымярэння зямлі, параўн.: по два сажни и по два топорища (Скурат, Меры, 25–26). Гл. тапарышча.

Тапо́рнік ’падлесак, які можна сячы сякерай’ (Юрч. Фраз. 2), ’дровы, для якіх піла не патрэбна, іх сякуць тапаром’ (Барад.; ст.-дар., Ск. нар. мовы), ’дровы, падрыхтаваныя для паліва’ (пух., Сл. ПЗБ), ’малады танкастволы лес, які высякаецца сякерай’ (шчуч., нясвіж., слаўг., Расл. св.), тапарня́к ’тс’ (Сл. ПЗБ). Ад тапо́р1, гл.