То́паць ’тупаць, ісці (пра малых дзяцей)’ (мёрск., Нар. лекс.), ’ісці; хадзіць’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’скакаць’ (Сцяшк. Сл.), сюды ж топ ’пра топанне, няўдалыя скокі’ (мсцісл., Нар. лекс.), ’тупат’ (Нар. Гом.), топоні́ць ’тупацець’ (ТС), ст.-бел. топотъ ’тупат’ (1518 г., КГС). Укр. то́пати ’ісці’, то́пкати ’таптаць’, рус. то́пать ’тупаць’, то́пот ’тупат’, польск. дыял. topotać się ’дрыжаць (ад страху, трывогі)’, в.-луж. topotać ’тупаць’, чэш. ťopati ’крочыць’, славен. topotáti, topótniti ’тупаць’, серб.-харв. топо̀тати ’тс’, то̏пот ’тупат’, балг. то́пот ’тупат’, макед. топоти, тупоти ’тупаць, моцна стукаць’. З прасл. *top‑, якое звязана з *tep‑, гл. цепаць, а таксама прасл. *topotъ (гл. тупат). Лічаць гукаперайманнем і параўноўваюць з лат. tapa, tapu ’туп-туп’, tapât ’крочыць, топаць’, літ. tapuoti ’тс’, фін.-угор. tap ’біць, штурхаць’, тат., казах., кыпч. taptamak ’таптаць’, tap‑tap ’туп- туп’. (Фасмер, 4, 78; Махэк₂, 647; ЕСУМ, 5, 598; Сной₂, 773). Да семантыкі параўн. то́пкаць ’штурхаць, біць’ (Мат. Гом.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)