Тала́нт ’самая вялікая адзінка вагі і грашовая адзінка ў Старажытнай Грэцыі і на Усходзе’ (ТСБМ), ст.-бел. талантъ ’тс’: два таланты (1616 г., Карскі 2-3, 334), талентъ, талантъ ’тс’ (Сл. Скар.). Праз ст.-слав. таланътъ ’тс’ з грэч. τάλαντον з індаеўрапейскім коранем *tel‑ ’падымаць (на вагі), узважваць’, што мела значэнні: ’адзінка вагі ў 26,2 кг’, ’грашова-разліковая, але не манетная адзінка, срэбная або залатая’, ’вагі’. З грэч. τάλαντον — лац. talentum (у значэнні грэчаскай меры). Усходнія славяне з XI–XII стст. ведаюць словы талантъ, таланто ў значэннях ’вага і манета ў старажытных грэкаў і рымлян’ і ’талент’ (Сразн., 3, 921; Чарных, 2, 226; Фасмер, 4, 14–15). Гл. та́лент.
Тала́нта ’другі крок у гульні ў цурку’ (ТС), тала́нты ’дзіцячая гульня: з круга большай палачкай падымаецца з зямлі і адбіваецца ўбок меншая палачка, якую другі ўдзельнік гульні павінен злавіць і ўкінуць у круг’ (слуц., Нар. словатв.). Няясна; відаць, не можа разглядацца асобна ад іншых падобных па структуры гульневых тэрмінаў, параўн. бала́нта ’дзіцячая гульня ў цурку’ (ТС), паля́нта ’від гульні, лапта’ (Скарбы). Магчыма, да лац. tālea ’дубец, кол’ аналагічна да іт. palla ’шар, мяч’ > польск. palant ’кій, якім б’юць па мячу’, параўн. палянт (гл.).
Таланы́ ’плямы’ (Чэрн.), талані́сты ’плямісты’ (Чэрн., Сл. рэг. лекс.). Няясна; магчыма, да талы (гл.), г. зн. ’з праталкам’.
Таласа́ ’дробныя хвалі на вадзе, зыб’ (слаўг., Яшкін, Слоўнік), ’дробныя зморшчыш, хвалі на вадзе’ (Ласт.), тало́сіцца ’злёгку хвалявацца, зыбацца (пра ваду)’, таласі́ць ’мігацець, мітусіцца (у вачах)’ (Ласт.). Нягледзечы на наяўнасць у гаворках некаторых міжземнаморскіх тэрмінаў (параўн. трымуктан, гл.), наўрад ці звязана з балканскім тэрмінам, параўн. макед. талас ’хваля, вал’, серб.-харв. та̏лас ’вал’, што ўзыходзіць да грэч. θάλασσα ’мора’ праз тур. talaz/talas/tales ’хваля, вал’, параўн. таксама харв. talàsati ’пералівацца (пра ваду, збожжа на полі)’, гл. Скок, 3, 438; Зайкоўскі, Слов. етим., 183; спец. пра грэчаскае слова гл. Ньюман, Arctos (Helsinki), 14, 51–78. Хутчэй звязана з наступным словам, гл.
Таласка́ць ’тузаць, цягаць’ (Юрч., Бяльк.), ’тармасіць’ (Растарг.), ’цягаць за валасы’ (Нас.), ’штурхаць і цягаць адначасова’ (Нас.), талы́скаць ’штурхаць з боку ў бок’ (Ян.), таласну́ць ’тузануць, пацягнуць рыўком’ (Бяльк., Юрч. Вытв.). Паводле Шустара–Шэўца (1509–1510), роднаснае чэш. мар. tláskať, славац. tloskať ’шчоўкаць’, балг. тласкам ’піхаць, штурхаць’, макед. тласка ’тс’ і звязана аблатыўнымі адносінамі з в.-луж. tłuskać ’ціснуць, прышчамляць, лавіць’, н.-луж. tłuskaś ’біць, трэсці’, што дазваляе рэканструяваць прасл. дыял. *tolskati, *tъlskati, хутчэй за ўсё, гукапераймальнага паходжання. Гл. таксама Махэк₂, 645.
Талато́ніць ’плявузгаць, гаварыць’ (ТС). Параўн. рус. талата́ ’хто невыразна гаворыць’. Звязана з талала́ (Фасмер, 4, 15), утварэнне ад гукапераймальнай асновы *талатаць з экспрэсіўным суф. ‑оні‑, параўн. польск. fafłonić ’гаварыць, плявузгаць’ (адносна словаўтварэння параўн. Борысь, Leksyka słów., 30).
Тала́хкаць ’стукаць, грукаць’ (ТС), толоха́ты ’балбатаць, малоць языком’ (бяроз., Шатал.), талахну́ти ’крутануць; узбоўтаць’ (Клім.), тало́хнуцца ’штурхануць, стукнуцца’ (Ласт.). Ад гукапераймальнага імітатыва *талах (гл. талых), аналагічнага тарах, тарарах (гл.), першапачаткова, відаць, з талала́хаць, гл. Сюды ж талахлі́вы ’паспешлівы, неразважлівы’, талахава́ты ’дураслівы, нявытрыманы’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. чэш. tlachati ’балбатаць, малоць языком’, славац. tláchať ’тс’, якія Махэк₂ (644) разглядае як “ch‑інтэнсівы” ад tlapati ’ступаць, крочыць’ (гл. толапень).
Талача́нін ’удзельнік талакі — калектыўнай дапамогі’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Тур.), талачані́н ’тс’ (Шымк. Собр., Касп.). Сюды ж талача́нка ’ўдзельніца талакі’ (Нас., Шымк. Собр.), талача́нік ’удзельнік талакі’ (Сл. ПЗБ), талача́не ’ўдзельнікі талакі’ (Касп.). Яшчэ Шымкевіч параўноўваў са славен. tlazhanin ’работнік’ (Шымк. Собр.), сучаснае tlačan ’прыгонны’, tlačanka ’прыгонная, нявольніца’, tłoczanie ’ўдзельнікі талакі’, што ад *tolka (гл. талака) з суф. ‑ěninъ/‑janinъ і ‑ěne/‑jane, параўн. Трубачоў, Этимология–1980, 11 і наст.
Талача́нка ’ружа, шыпшына, Rosa cinnamomea L.’ (маг., Кіс.), рус. смал. талача́нка ’тс’. Паводле Фасмера (4, 15), няяснага паходжання; магчыма, да талакно (гл.) пад уплывам вядомага на той жа тэрыторыі талача́ннік ’талакнянка’ (Кіс.), што звязана з падобнай кансістэнцыяй пладоў ці выкарыстаннем суквеццяў, параўн. навуковую назву ружа кары́чная, рус. роза кори́чная (ад карыца, гл.).
Талачня́ ’цісканіна, таўкатня’ (Ласт.). Гл. наступнае слова.