Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Слапо́к ‘пастка, мышалоўка’: мыш прынадзіць у слапок (Маладосць, 1973, 9, 73). Параўн. укр. слоп, сліп, слопе́ць ‘тс’, рус. слопе́ц ‘тс’, польск. słop, słap, słopiec, słopki, чэш., славац. slopec, в.-луж. slapać ‘лавіць, хапаць’, н.-луж. słapaś ‘тс’. Прасл. *slopъ ‘пастка’, анаматапеічнага паходжання, параўн. шлапаць (гл.), роднаснае англ. slap ‘лёгкі ўдар, пляскач’, н.-в.-ням. schlapp ‘хлоп’, тахар. B släpp‑ ‘упасці (на зямлю)’ (Шустар-Шэўц, 1302; Фасмер, 3, 675; Бязлай, 3, 255; ЕСУМ, 5, 303).

Сла́сты ‘прылада для адціскання сыру’ (Сцяшк. Сл.), ‘пастка’, ‘ціскі’, ‘прыстасаванне для сушкі травы’ (Сл. ПЗБ). З літ. slãstai ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 478).

Сласць ‘задавальненне’ (Нас.), сласно́та ‘сладастраснасць’ (Гарэц.), сла́сны ‘смашны’, сласные рэчы ‘ласункі’ (Нас., Арх. Федар., Растарг.), сюды ж сласцёны ‘аладкі, ляпёшкі’ (Нас., Шымк. Собр.). Таксама як і ўкр., рус. сласть запазычана з ц.-слав. сласть < ст.-слав. сласть ‘салодкая ежа, смак, асалода’ (гл. Фасмер, 3, 667). Прасл. *solstь ‘прыемны смак, слодыч’ < *sold‑tь ад *sold‑ъkъ (гл. салодкі) з адпаведнікам у літ. sãlsti (sãlsta, sãldo) ‘стаць салодкім’, гл. Слаўскі, SP, 2, 47. Параўн. ст.-бел. слодость ‘саладосць; прыемнасць’ (Альтбаўэр) — запазычанае з польск. słodość ‘тс’.

Слата́. Гл. слота.

Слаці́ць ‘жыць, перабіваючыся’ (Касп.). Няясна. Сюды ж, відавочна, і слоті́ты ‘надакучаць, часта турбаваць’ (драг., З нар. сл.). Магчыма, ад *слата, слота (гл.). Першапачаткова ‘надакучаць, як слата’.

Слаць1 ‘пасылаць, адпраўляць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Варл., ТС). Параўн. укр. сла́ти, рус. слать, ст.-рус. сълати, польск. słać, в.-луж. słać, н.-луж. słaś, чэш. posláti, славац. slať, серб.-харв. сла̏ти, славен. posláti, ст.-слав. сълати. Прасл. *sъlati роднаснае гоц. saljan ‘прыносіць, ахвяраваць’, ст.-ісл. selja ‘перапраўляць, пераносіць, прадаваць’ (Траўтман, 292; Мікала, Ursl. Gr, 1, 79) і, далей, алб. sūljem ‘кідаюся, бягу’, гал. hollen ‘бегчы рыссю’ (гл. Фасмер, 3, 667; там жа і іншыя, менш верагодныя, збліжэнні). Сной₁ (474) адзначае, што прымальнай этымалогіі *sъlati няма. Ондруш (Studia Slavica, 6, 1960, 193 і наст.) спрабуе звязаць яго з літ. setė́ti ‘прыйсці’, salti ‘цячы’, семантычна абгрунтоўваючы гэта на прыкладзе хец. piyami ‘пасылаю’ < paimi ‘іду’, г. зн. ‘пасылаць’ <— ‘загадаць ісці’. Гл. яшчэ Махэк₂ (552), які на іншых і.-е. прыкладах разглядае аналагічнае семантычнае развіццё. Борысь (557) узводзіць да і.-е. *sel‑/*sol‑/*sl‑ ‘узяць; хапаць’; праславянскае слова, на яго думку, развілося ад першаснага каузатыўнага дзеяслова са значэннем ‘рабіць так, што хто-небудзь штосьці бярэ’ → ‘пасылаць, каб нехта штосьці атрымаў’. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 296 з аглядам літ-ры.

Слаць2, сцялі́ць ‘класці, раскладваць, распасціраць, укладваць’ (ТСБМ, Нас., Сержп. Прымхі, ТС, Варл., Сцяшк., Сл. ПЗБ). Укр. сла́ти, стели́ти, рус. стлать, стели́ть, стараж.-рус. стьлати, польск. słać, ścielić, в.-луж. słać ‘сцяліць’, н.-луж. słaś, stłaś, чэш. stlát, славац. stlať, славен. stláli, балг. сте́ля, ст.-слав. стьлати. Прасл. *stьlati, *steljǫ роднаснае лат. slāt, slāju ‘накладваць, упакоўваць’, грэч. στέλλω “рыхтую, пасылаю’, лац. lātus ‘шырокі’ (< stlatus); да і.-е. *stel‑ ‘расцілаць’; гл. Траўтман, 286; Мюленбах-Эндзелін, 3, 924; Фасмер, 3, 753–754; Сной₁, 609; Борысь, 557; ЕСУМ, 5, 296–297; Міклашыч, 324; Покарны, 1018–1019; Махэк₂, 578. Фасмер (там жа) адзначае, што побач з і.-е. коранем *stel‑ прадстаўлены і *stern‑: лац. sternā, ‑ere, strātum ‘расцілаць, насыпаць’, грэч. στόρνῡμι ‘тс’ (параўн. прасл. *storna, гл. старана); Шустар-Шэўц, 1301–1302; Глухак, 558; Бязлай, 3, 317–318.