Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Наваропіць ’многа наліць’ (Грыг.), нываропіць ’накласці шмат [наварочаць]’ (Бяльк.). Параўнанне са ст.-рус. наворопъ ’налёт, нападзенне, аграбленне’, польск. nawropieć ’бурчаць, гневацца’, макед. наврапито ’паспешна, абы-як’ дае падставы для рэканструкцыі прасл. *na‑vorpiti са значэннем ’зрабіць нешта раптоўна, хутка, абы-як’. Гл. варапай, ворагі (і асабліва лац. паралель reperis, ‑ntis ’раптоўны, нечаканы’, Фасмер, 1, 354), параўн. макед. врапит ’праворны, шустры’ і інш.

Наварот ’вяртанне, зварот’ (Др.-Падб.), наворот ’заход’: < гУжэ другім наворотом грыбы несуць» (ТС, 3, 115); на́варатам ’у першы, другі, трэці прыём’ (Некр.). Калі першае слова з пэўнымі падставамі можна разглядаць як фанетычна адаптаваны паланізм, параўн. польск. nawrót (гл. Вячорка, БЛ, 30, 1986, 51), то астатнія несумненна ўяўляюць мясцовыя ўтварэнні ад варочаць, варочацца, вядомыя і іншым славянскім мовам. Параўн. наварачацца ’заходзіць час ад часу’ (Мат. Гом.), серб.-харв. на́врат: у вище наврата ’шматразова’ і пад.

На́ват, часціца і злучнік, на́вет (пух., З нар. сл., ТС), на́вэт (Мал.), на́выт (Бяльк.), на́віт (маладз., Янк. Мат.), на́вець (ТС), на́вэцца (пінск., Нар. лекс.). Разам з укр. на́вет, на́віт, на́віть запазычана з польск. nawet (Карскі, 1, 337), першапачаткова na wet, дзе wet значыла ’заканчэнне справы’, а з XVI ст. ’апошняе блюда на стале’ (Брукнер, 607; ESSJ SG, 2, 441); формы з ‑ц‑, магчыма, у выніку ўплыву канчаткаў інфінітыву.

Навата́жыць (наватижытсь) ’нагрузіць, загрузіць’ (Шпіл.). Відаць, нельга разглядаць асобна ад укр. навантажити ’наўючыць, нагрузіць’, якое звязваюць з вантаж ’цяжар, груз’, што ў сваю чаргу з франц. avantager ’садзейнічаць; павялічваць долю’ або з ватига ’атрад, натоўп; чарада’. Беларускае слова, магчыма, сведчыць на карысць другой версіі. Гл. ЕСУМ, 1, 329. Параўн. вантижыцца.

Наве́даць ’зайсці, адведаць’ (ТСБМ, Сцяшк.), наве́дываць ’адведваць’, наве́дчык ’наведвальнік’ (Бяльк.). Рус. дыял. наведать, укр. наві́дати, польск. nawiedzić, nawiedzać, ц.-слав. навѣждати да *vědati ’знаць, ведаць’, гістарычна звязанага з *viděti ’бачыць’, што часам знаходзіць адлюстраванне і ў збліжэнні сучасных форм, параўн. навіды ’наведванне парадзіхі’ (віц., Падлужны, вусн. паведамл.), рус. дыял. на́веды ’зачын, зачацце’ і інш.

Наве́й ’хвароба ў выніку чараў’ (Машынскі, Kultura, II, 1, 180), ’падвей шыракалісты’ (міёр., Жыв. сл.). Ад навеяць ’нанесці ветрам’, параўн. палес. щоб щось не навіяло — засцерагальная формула ў адносінах да наванароджанага і парадзіхі (Полесский этнолингвистический сб. М., 1983, 38); назва расліны ў выніку пераносу назвы хваробы на сродак лячэння, параўн.: Навеім вушы заклікаюць, яг гълъва баліць (Жыв. сл., 203). Параўн. надвей ’тс’.

На́вертам ’мімаходам, між іншым’ (Гарэц.). Параўн. укр. на́вертом ’мімаходам (зайсці), у першы раз’, што ад вертатися ’заходзіць, заязджаць’. Да вяртиць, вяртицца.

Наве́ц ’мярцвяк, нябожчык’: не чалавек нават — як бы жывы навец (Васючэнка, зб. Тутэйшыя. Мн., 1989, 161). Адсутнасць дакладнай дыялектнай лакалізацыі слова, што ўзыходзіць да прасл. *navь, ц.-слав. навь ’мярцвяк’ і пад., не выключае яго запазычанне з іншых, не народных крыніц ці штучнае ўтварэнне. Параўн., аднак, на́ўскі (гл.).

Навод1 ’навучэнне, падвучванне’ (Бяльк.), ст.-бел. наводъ ’настаўленне’ (Скарына), укр. навід ’указанне, падвучванне’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад навесці (гл. весці), якое яшчэ ў прасл. мела значэнне ’накіраваць, навесці (на што-н.)’, параўн. бел. навесці на дарогу, навесці на думку, ст.-слав. навести на пжть, польск. nawieść na dobrą drogę і інш. (Герай–Шыманьска, БЕ, 31, 1, 49); у сувязі з гэтым беспадстаўна Булыка (Лекс. запазыч., 205, 208) лічыць яго «лексічным чэхізмам» у Скарыны або запазычаннем з польск. мовы.

Навод2 ’самастрэл на мядзведзя’ (Маш.). Ад навесці (гл. весці) ’нацэліць’, параўн. навесці стрэльбу на каго‑н. ’прыцэліцца’ або ’настроіць наладзіць’, параўн. навесці пілу, касу і інш.

Наводліў ’наводмаш’ (ТСБМ), навотліў ’тс’ (калінк., З нар. сл.), наўотліў: «паганымі рукамі рву [завітку] наўотліў — направа ці налева, толькі не ўверх» (хойн., Полес. этнолингвист. сб. М., 1983, 100), навотляў ’наводліў, наводмаш’ (карэл., Нар. лекс.), навотляй (лях., Янк. Мат.), навотля, наотля ’наводмаш; наадварот, не так, як трэба; ад сябе’ (гродз., Сцяшк. Сл.), навотля, навотлю ’наводмаш; на адлегласці’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, навотвіль, наотвіль ’наводмаш’ (ТС), навотляг (стаўбц., Жыв. сл.), навотлях (слонім., Нар. лекс.), na wodlach ’тс’ (Федар. II, 159). Параўн. укр. навідлі, навідлів, навідліг, наодлів ’наводмаш’, польск. naodlew, na odlew ’з левага боку, левай рукой’. Існуе некалькі версій паходжання названага слова: ад ле́вы, параўн. польск. odlew ’з левай рукі, левай рукой; перан. махнуўшы рукой ад сябе, адным замахам’ (Варш. сл.), такой версіі адносна бел. навотліў, навотлю прытрымліваецца Шуба (Прыслоўе, 114), які лічыць іх прыставачна-суфіксальнымі; або ад ліць, як лічыць Брукнер (289), для польск. слова, г. зн. на‑(в)од‑ліў, як на‑(в)од‑маш (ад махаць), на‑(в)од‑шыб (ад шыбаць) і г. д. Не выключае, што тут мы маем справу з узаемаўплывам розных па паходжанні слоў, пра што можа сведчыць спецыфічнае для польск. odlew значэнне ’ад сябе, праз руку’, зафіксаванае ў слоўніку Ольгебранта (у т. зв. Віленскім слоўніку): lać do szklanki na odlew, што, відаць, адлюстроўвае праз т. зв. пальшчызну крэсову ўплыў беларускай мовы. У такім выпадку частка аднесеных сюды слоў можа мець іншае паходжанне: наводлег, навотлях ад легчы, ляжаць (< на‑од‑лег), навотвіль, наотвіль ад віляць і г. д. Улічваючы магічны сэнс розных кірункаў дзеяння (параўн., напрыклад, адліванне, адкідванне хваробы ў знахарскай практыцы), перш за ўсё з мэтай засцярогі («Серпа, косу откідалі от себе, ек грымело», ТС, 3, 280), а таксама недапушчальнасць з пункту погляду народнай этыкі наліваць каму-небудзь ад сябе (што павінна сведчыць пра злыя намеры), можна прыняць для наводліў другую версію. Параўн. таксама Журэк, JP, 57, 1977, 36–38 (польск. na odlew — пра замах шабляй з левага боку).