Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Марга́ць, моргаць, морга́ць ’міжвольна падымаць і апускаць векі’, ’падморгваць’, ’міргаць, мігцець’, (перан.) ’упускаць зручны момант’ (ТСБМ, ТС; беласт., Сл. ПЗБ), маргаце́ць ’мігацець, ззяць (аб зорках)’ (Сцяшк.), морготі́ты ’дваіцца, мітусіцца ў вачах’ (Клім.), маргану́ць (Яруш.), маргу́нь! ’пра аднаразовае марганне’ (мсцісл., Нар. лекс.), маргу́н, маргу́ха ’хто часта маргае вачыма’, узор у маргухі ’узор, пры разгляданні якога міргаціць у вачах’ (слуц., КЭС). Укр. морга́ти, рус. моргать, польск. mrugać, чэш. mrkati, мар. mrk(ot)ať, в.-луж. měrkotać ’тс’. Роднаснымі да прасл. mъrg‑ati (а пазней mъrk‑) з’яўляюцца літ. mérkti, лат. mirgt ’міргаць, жмурыць’ (Махэк₂, 379), літ. murgai, лат. mùrgi ’трызненне’, літ. mirgė́ti ’мігцець’, mar̃guoti ’тс’, ’пералівацца’, márgas ’стракаты’, лат. mir̂dzêt ’мігацець’ (Фасмер, 2, 652). Няма падстаў лічыць балтызмам палес. морготі́ты (Лаўчутэ, Балтызмы, 48).

Марге́лка, марке́лка ’сялянская белая лямцавая шапка канічнай формы без брыля’ (віц., Шн. 3; Грыг., Дэмб. 2, Малч., Нас., Бяльк., Растарг.; Мат. Маг.; Нар. Гом.). Да магерка (гл.).

Ма́ргель1, ма́рґель, ма́рґэль, ме́рґель, мэргель, маргуль ’вапняковы камень, які трапляецца ў гліне’ (Нас., Нар. словатв.). З польск. margiel ’тс’ (Кюнэ, 76), якое з новав.-ням. Mergel ’тс’. Насовіч (280) гэту лексему памылкова выводзіць з літ. marga.

Ма́ргель2, марґель, ма́ргі(с) ’мянушка рабога (стракатага) быка’ (лід., ашм., Кар.; мін., КЭС), гродз. ’рабы (пра масць жывёлы)’, шальч. ’брудны, мурзаты’ (Сл. ПЗБ), ма́рга ’мянушка каровы’ (Калоссе, 4), маргі(с) ’стракаты вол, сабака’ (Кар. 1; LKK, 16), польск. margiel ’стракаты бык’, margiala, margiałka ’стракатая карова’. Балтызм. Параўн. літ. margẽlis, margẽlė, mar̃gis ’жывёла’, бык (карова) пярэстай масці’ (Карскі, Труды, 393; Вяржб. дыс., 510–512), літ. márgais ’стракаты’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 3, 32; Урбуціс, Baltistica, 5, 160 і 65, Лаўчутэ, Балтизмы, 47–48).

*Маргоўніца, морго́ўніца ’межавая броўка паміж загонамі’ (ТС). Да морг2 (гл.).

Маргу́ля ’газоўка’, маргу́лька ’тс’ (Ян.). Да маргаць ’мігацець’ (гл.).

Ма́ргун іржавая гліна’ (жлоб., Нар. словатв.), рэч. ’камяні чорнага колеру, якія непажадана для ганчароў сустракаюцца ў гліне’ (Нар. словатв.). Да ма́ргель1 (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 173.

Марґень, маргіня ’тканіна ў клетку’ (ігн., Сл. ПЗБ), польск. marginia, ст.-польск. morginia, morgienia ’рабая спадніца’. Балтызм. Параўн. літ. marginė ’рабая тканіна’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 3, 32), літ. marginỹs ’тканіна з ляной пражы, перамешаная з воўнай і бавоўнай’, якое да márgas ’стракаты, рабы’ (Вяржб. дыс., 510–512; Лаўчутэ, Балтызмы, 80).

Мардава́цца1, мардува́цца, мырдава́цца ’выбівацца з сіл, стамляцца, знясільвацца’, ’мучыцца, пакутаваць’ (ТСБМ, Мядзв., Бяльк., Шат., Касп.; усх.-гом., КЭС), ’кідацца чым-небудзь, свавольнічаць’ (Клім., Мат. Маг.), ’жартаваць, балавацца, дурыцца’ (паўд.-усх., КЭС), мардава́ць ’знясільваць цяжкай працай, мучыць, прыносіць пакуты’ (ТСБМ, Нас.; паўд.-усх., КЭС), мардава́нье ’мучанне, непрыемнасць, буянства’, ’працяглае порканне’ (Юрч., Нас., Бяльк.), мардоўны ’які знясільвае’, мардуй ’мучыцель, назола’ (Нас.), ст.-бел. мордеръ ’забойца’ (Гарб.), мордъ ’забойства, разбой’ (XVI ст.), мордовати ’мучыць, мардаваць’ (XV ст.) са ст.-польск. mordować, mord, якія з с.-в.-ням. mort: ’смерць’, morden (Булыка, Лекс. запазыч., 41; Кюнэ, 78; Жураўскі, Бел. мова, 63 і Зб. Крапіве, 144), суч. ням. Mord ’забойства’ > morden ’забіваць гвалтам’, mörder ’забойца’; параўн. лац. mors ’смерць’, morior ’паміраць’, ст.-грэч. βροτός (< μροτός) ’смяротны’, літ. mirtìs ’смерць’.

Марда́сы, мырда́сы ’нос і губы’, ’твар’, ’хара’ (Нік., Оч., Растарг., Нас., Шат.), марда́сты ’таўстагубы’ (Нас.), ’мардаты, таўстаморды’ (ТСБМ, Нас.), ’вялікагаловы (пра саву)’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Укр. морда́с ’аплявуха’, рус. перм. морда́с ’твар’, смал., пск. мордасина ’морда, хара’, паўн.-каўк., раст. морда́сы ’шчокі’, кубан., пск., смал. ’скулы’, ’вушы’, паўд. морда́сить ’біць па твары’. Да морда (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 195.

*Марда́ч, морда́ч ’пад’язік, Leuciscus idus’ (ТС). Рус. пск. мо́рда ’гусцера, Blicca bjoerkna Art.’, морда́к (Чудское і Анежскае воз.) ’сіг, Coregonus bararetus maraenoides’. Да морда (гл.).