Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лю́бка1 — ласкавы зварот да жанчыны, дзяўчыны, да любімага чалавека, лю́бачка ’мілачка’ (Нас., Бес., Яруш., Шат., ТСБМ, Нар. Гом.). Укр., рус. лю́бка, польск., луж. lubka, чэш. lǐbka, славен. ljȗbka. Прасл. lʼubъka (Трубачоў, Эт. сл., 15, 183). Да лю́бы (гл.) — ж. род лю́ба (адсюль імя Люба, якое пасля набыло афіцыйную форму Любоў). Сюды ж лю́бачка ’мілая, любімая’, ’дзіцятка’ (ТСБМ, Жд. 1, Шат.), любчы́на ’мілая, дарагая’ (Нар. Гом.) — пад уплывам лексемы дзяўчы́на.

Любка2 ’чараўнік, Platanthera bifolia (L.) L. C. Rich.’ (паўн.-усх., Кіс.). Укр. любки́ ’ятрашнік шлеманосны’, лю́бка ’ятрашнік шыракалісты’, рус. кур. лю́бка ’ятрашнік шлеманосны’. Усх.-слав. Бел. лексема прымыкае да рус. моўнай тэрыторыі. Да лю́бы (гл.).

Любкі ’частка дзяльбы на дзве долі, якую адзін з удзельнікаў падзелу выбірае сабе’ (Цясл.). З рус. любки́ ў спалучэннях по любка́м, на любки́, любка́ ’добраахвотна, паводле свайго жадання, на выбар’.

Любовы ’любы, выбраны з любоўю’, ’шаноўны’ (Нас.), ’даспадобы’ (Нар. Гом.), любовенькі ’тс’ (Нас.), ’дарагі, па сэрцу’ (Нар. Гом.). Рус. вяц. любово́й. Адыменны прыметнік. Да любоў (гл.).

Любоў ’пачуццё глыбокай прыхільнасці, адданасці’, ’каханне’, ’схільнасць, цяга да чаго-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Яруш.). Укр. любов, рус. любовь, ст.-рус. любовь, любы, славен. ljubȋ, ljubȃv, серб.-харв. љу́би, љу́бав, макед. љубов, балг. любо́в, либо́в, ст.-слав. любы. Прасл. lʼuby, lʼubъve ўтвораны ад прыметніка lʼubъ (Бернекер, 756; Фасмер, 2, 544; Младэнаў, 283; Скок, 2, 338; БЕР, 3, 573–574). Паводле Бірнбаўма (VII Međunar. Slavistički kongres, Knjiga refer., 1, Zagreb, 1978), словы з коранем lʼub‑ першапачаткова азначалі ’актыўнае каханне’, а з коранем mil‑ — ’пасіўнае, жаданае каханне’. Іншыя словы (lask‑, koxa‑) атрымалі значэнне ’каханне’ на працягу развіцця слав. моў. Гл. таксама Трубачоў (Эт. сл., 15, 185–186).

Любоўства ’каханне’ (Нар. Гом.). Рэгіяналізм. Адпрыметнікавае ўтварэнне з суфіксам ‑ств‑а (аб ім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 139–140). Да любовы (гл.).

Любоцце, любоцця, любоценне ’тое, што люба, прывабнае, прыгожае’ (Крыў., Дзіс.; ТС). Утворана ад любата́ (гл.) пры дапамозе суфікса ‑ьje, з адцягненым значэннем.

Любошчы, лю́бошчы, любошч (ж.), любошчі́ ’любоўныя адносіны’, ’каханне, заляцанне, мілаванне’ (ТСБМ, Шат., Бес., Клім., Жд. 1, Мат. Гом.; лях., кам., Сл. ПЗБ). Да любі́ць (гл.). Аб суфіксе ў бел. мове гл. Сцяцко (Афікс. наз., 90). Аднак гэты суфікс (які ўзыходзіць да прасл. ‑ostь + ja у мн. л. ‑ost‑ji) больш характэрны для ўкраінскай мовы. (Вступ, 152).

Лю́бчык ’любіста, Levisticum officinale Koch.’ (Кіс., Бел. зельн.), зэльв. лю́пчыкі ’тс’ (Жыв. сл.). Запазычана з польск. lubczyk, якое разам з блізкімі lubszczek, lubieszczek, lubieszczyk і інш. узыходзіць да с.-в.-ням. lübestecke, lobistek. Гл. любі́ста. Больш новым з’яўляецца тураў. лю́бчык ’палюбоўнік’ (ТС).

Лю́бы, лю́бый ’які выклікае пачуццё любві; блізкі, дарагі, мілы сэрцу, каханы’ (Нас., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Шат., Касп., Бяльк., ТСБМ, ТС; мядз., Сл. ПЗБ), ’той, каго любяць, шкадуюць’ (КЭС, лаг.). Укр. лю́бий ’тс’, люб ’мілы’, лю́ба ’каханая’; рус. люб, любый (люба ’каханая’); польск. устар. luby, н.- і в.-луж. luby (прыметнік і назоўнік), палаб. lʼaibě (< ljubъjь); чэш. libý, ст.-чэш. ľubý, ľub, ľúb, славац. ľúby (ľúba ’каханая’); славен. ljȗb, ljúba ’мілы, каханы, дарагі’ (ljúbi ’каханы’, ljȗba ’каханая’), серб.-харв. паўн.-зах. љуб (з XVII ст. і як назоўнік), љу́ба ’жонка’, макед. љуба ’каханая’, ’жонка’, балг. люба ’любка, каханая’, ст.-слав. любъ ’мілы, прыемны’. Прасл. lubъ ’мілы, прыемны, каханы’ (Слаўскі, 4, 360–362), роднаснымі да якога з’яўляюцца літ. liaupsė́ ’пашана’, ’хвалебная песня’, liáupsinti ’ўсхваляваць’, ст.-інд. lúbhayati ’моцна жадае’, lōbhas ’жаданне, прага’, lōbháyati ’ўзбуджае жаданне’, гоц. liufs, ст.-в.-ням. liob, н.-в.-ням. lieb, ст.-грэч. λυπτά ’юрлівая’, ’каханка’, лац. lubet (libet) ’мне падабаецца’, ’я жадаю, маю ахвоту’, lubīdō, libīdō ’страснае жаданне’, алб. laps ’жадаю, прагну’ — і.-е. *leubhos (Фасмер, 2, 544; Слаўскі, 4, 360–362; Скок, 2, 337–339; Бязлай, 2, 146; Шустар-Шэўц, 12, 864; БЕР, 3, 572; Трубачоў, Эт. сл., 15, 181–182). Сюды ж лю́бенькі, любе́нькі, лю́бінькі, любу́нка — ветлівы зварот да людзей, любе́й ’мілей’, любе́йшы ’мілейшы’ (Бяльк., Шат., Нас., Мікуц., Рам. 8–9; КЭС, лаг.), лю́ба, лю́бо ’міла, з любоўю’, ’падабаецца’, ’па сэрцу’, ’добра’ (ТСБМ, Бяльк., Растарг., ТС; калінк., З нар. сл.; воран., Сл. ПЗБ), любя ’даспадобы’ (мядз., Жыв. сл.)

Любы́ ’кожны, усякі’, ’які хочаш (на выбар)’, ’абы-хто’ (ТСБМ, ТС; КЭС, лаг.; брасл., Сл. ПЗБ), рус. любой, ст.-рус. любой ’які хочаш’ (XVI ст.), славен. poljúben, чэш. libovolný, славац. ľubovolný ’тс’. Да лю́бы (гл.).

Лю́бя ’нятлустае мяса’ (смарг., Сл. ПЗБ). Відаць, паходзіць са зборнага назоўніка лю́бʼе < прасл. lib‑ьje. Да любі́вы (гл.).