Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лаге́рня ’рыбалоўная снасць’ (Мат. Гом.). Няясна.

Лаге́сь ’капытнік, Calla L.’ (паст., Сл. паўн.-зах.). Запазычана з літ. legėsys ’тс’ (там жа, 2, 604).

Лагі́за ’гультай, абібок, прайдзісвет’, ’няскладны, непаваротлівы чалавек, жанчына’ (Некр., Шат., КЭС), ц.-палес. локіза ’неахайная, дрэнна апранутая жанчына’ (ТС), укр. лаки́за, лаки́зка (грэбл.) ’лёкай’. Запазычана з літ. lokỹs ’мядзведзь’ (Выгонная, Бел.-укр. ізал., 17). Тое ж і антрапонімы Локіс, Лакіза, Лагеза (Бірыла, Бел. антр., 2). Сюды ж і рус. раз. лаги́за ’ласун’, лаги́зи́ть ’ласавацца’, ’смачна, салодка піць і есці’. Гл. таксама лакі́за.

Лагізон ’легіянер’ (нар. этымалогія). Так сяляне называлі ў 1918 г. польскіх легіянераў корпуса Доўбар–Мусніцкага, збліжаючы легіянер з лагіза ’гультай, абібок, прайдзісвет’ (Некр.), лагізон ’тс’ (Сцяцко, Афікс. наз., 61).

Лагода ’прыемны спакой, хараство’, ’згода, дружба, прыязнь’ (ТСБМ), лагодзіць ’ладзіць, улагоджваць, дагаджаць’, ’мірыць’ (Нас.), ’лашчыць, прывабліваць’ (ТСБМ), дзярж. ’майстраваць’ (Нар. сл.), лагодзіцца ’мірыцца’, ’рабіцца паблажлівым, літасцівіцца’ (Нас.). Укр. ла́года, ла́гід ’лагода’, ла́годження ’рамонт, выпраўленне’, ’рыхтаванне’, рус. ла́годить ’ладзіць, мірна ўлагоджваць’, ла́года ’лагода, парадак’, ст.-рус. лагодити ’рабіць прыемнае’, ’патакаць’ (XI ст.), ст.-польск. łagoda (XVI ст.), каш. łagoda, польск. łagodność, н.-луж. łagoda, в.-луж. lahoda, чэш., славац. lahoda ’прывабнасць, хараство, чароўнасць’, славен. lágoda ’зло, гарэзлівасць, свавольства, слабасць, нізасць’, lágod, серб.-харв. ла̏года ’прыемнасць, задаволенасць’, ’выгода’. Прасл. lagoda ’парадак, гарманічнасць, згода’, ’выгода, зручнасць, дабрата, прыязны прыемнасць’, якое паходзіць ад < *laga, што мае адпаведнікі ў літ. lóga, logà ’куча’, ’рад, кратнасць’, ’чарга’, logúoti ’складаць, прыводзіць у парадак’, лат. lãga, lãgs ’слой’, ’парадак’, ’здатнасць, здольнасць’. Утворана пры дапамозе суф. ‑oda, напр., свабода, ягада (Буга, Rink., 1, 450; Зубаты, AfslPh, 16, 397; Эндзелін–Мюленбах, 2, 436–437; Фрэнкель, IF, 69, 136; Фасмер, 2, 446). Беспадстаўныя сумненні Бернекера (1, 684), калі ён суадносіць lagoda, прымаючы ў якасці асноўнага значэння ’слабасць, падатлівасць’, з і.-е. *(s)lēg ’слабы’, лац. laxus ’свабодны, які вольна звісае’, ’лагодны’, ст.-ісл. lākr ’благі, малакаштоўны’, ст.-в.-ням. slah ’слабы’. Таксама Младэнаў (268); Махэк₂ (317–318) мяркуе, што lagoda з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем ад lagoditi.

Лагоднік ’ліслівец’ (Нас., Бяльк.). Утварылася пры дапамозе суф. ‑нік (як і рус. угодник) пад уплывам народнай этымалогіі (блізкасць семантыкі). Гэта асабліва відаць у песні …святый Юрый за павознічка, святая Мікола за лагоднічка… (Бяс. 3), калі параўнаць з бытуючай на Беларусі назвай іконы св. Міколы Мікола‑ўгоднік.

Лагожы, лаґожы, лагошы, лого́шы, лоґошы́, лаґошы, лагяшы́ ’сані-развалкі для перавозкі грузаў, розвальні’ (ТС, ТСБМ, Нар. сл., Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’вялікі воз для возкі сена, снапоў’ (Касп.), ’лёгкія сані’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), бярэз. ’выязныя сані’ (Сл. паўн.-зах.), ’сані з надбудаванай скрыняй або возам для перавозу тавараў’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), ’доўгія палкі, якія ўстаўляюцца ў драбіны воза, каб больш палажыць снапоў’ (Сіг.), ’прыстасаванне для пашырэння саней’ (Нар. сл., З нар. сл.), ’рама для воза, саней’ (Сл. паўн.-зах.), ’старыя, паламаныя сані’ (Нар. сл.), лагоша ’воз з бакавымі дошкамі замест драбін’, лаґажы́ ’драўлянае прыстасаванне з палазамі для транспарціроўкі сельскагаспадарчых прылад’ (Сл. паўн.-зах.). З такой семантыкай толькі беларускае. Pluralia tantum пад уплывам сані. Узыходзіць да венг. lógós ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’свабодны, які свабодна звісае’, lógó ’тс’, ’дышаль, да якога запрагаюць дадатковага каня’. З тымі ж значэннямі ўжываецца гэта слова ў серб.-харв. (ло́гов), балг. (ло́гой) і славац. (logoš) мовах. У ст.-польск. łogosz (з XVII ст.) азначае ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’лаўка ззаду воза, саней для гайдука’. Апошняе значэнне і ў ст.-бел. лагошъ, локгошъ. Паводле гэтага Булыка (Запазыч., 191) выводзіць бел. лексему са ст.-польск. Гл. таксама Міклашыч, 172; Бернекер, 727; Брукнер, 310; Скок, 2, 313; MNy, 2, 60, 370. Балтыйскі адпаведнікі, дадзеныя А. Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 604) да лагошы, а іменна літ. lùgės ’благія сані ці воз з кузавам’, lùgnios ’прыгожыя сані’, супадаюць толькі семантычна, таму што нельга растлумачыць агульнасць вакалізму кораня. Фрэнкель (1, 388) суадносіць іх з lubà ’стальнічына’.

Лагоўе ’логава, месца, дзе знаходзіцца воўчы вывадак’ (Сцяшк.), лагоуя ’лежыва’ (Сл. паўн.-зах.). Да логава (гл.), трансфармаванае суфіксам ‑ьje.

Лагу́н1 ’нейкая расліна’ (Гарэц.). Магчыма, гэта лагунец ’ястрабок парасоністы, Hieracium umbellatum L.’ (Кіс.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ун ад лог ’луг, лагчына’ — расліна любіць вільготныя дугі. Суфікс прадуктыўны для ўтварэння назваў раслін: паўзун, плывун, блішчун, бялун (Сцяцко, Афікс. наз., 69, 123).

Лагу́н2 ’палеглы лён’ (іўеў., Сл. паўн.-зах.). Да лажьіцца (гл.). Аб суф. ‑ун гл. Сцяцко, Афікс. наз., 168. Параўн. таксама лягу́н ’лежабок, той, хто ляжыць’ (Бірыла, Бел. антр., 2, 263).

Лагу́н3 ’падваліна пад падлогай’ (кобр., Нар. сл.; беласт., Сл. паўн.-зах.), малар. ’папярочная калода, якая кладзецца на сані пры перавозцы доўгага бярвення’ (Нар. словатв.). Укр. лагун ’ствол дрэва ў гаці на гразкім месцы’, польск. lagun ’кладка’, ’падваліна’, laguny ’ачасаныя падкладзіны з бярвення пад карабель’, магчыма, і серб.-харв. lagun ’кладка?’. Сюды ж рус. маск. лага ’папярочнае бервяно ў будынку’. Найбольш імаверна да прасл. lagali ’ставіць, класці’ (Слаўскі, 4, 430), якое з’яўляецца ітэратывам да ložiti (Бернекер, 683).

Лагу́н4 ’посуд на льняное семя’ (староб., Мат. дыял. канф.), палес. лагун, лагунныя ’роўная бочка невялікіх памераў, заднёная з двух бакоў, з адтулінай у дне, якая закрываецца драўлянай затычкай’ (З нар. сл., Шатал.), саліг. лагун ’бочка з двума днамі і квадратнай дзіркай у баку — для насыпання або налівання’ (Нар. словатв.). Укр. лагун ’посуд для дзёгцю’, рус. лагун, лагуна, лагушок, лагунай, лагушка, лагут, лагунок, лагунец, лагунь(я) ’бочка для квасу, піва, малака, дзёгцю’, ’бочка для збожжа’, паўсюдна рус. ’сасуд (вядро) для дзёгцю’, ’гаршчок, чыгун’, ’збан’, ’карыта, жолаб’, ’калода’, ’цэбар’. Усх.-слав. утварэнне ад прасл. lagati ’класці, ставіць’ (< ložiti) і суф. Nomina instrumenti-wnz» (аб дэрыватах з ім гл. Слаўскі, SP, 1, 134–135; Мартынаў, Дерив., 38–39).

Лагу́н5 ’чалавек, які любіць добра і шмат паесці вадкай ежы’ (полац., М. Р. Суднік, вусн. паведамі). Лексема складае адзіны арэал з рус. пск., цвяр. ’жывот, бруха’, кастр. ’гультай, пражора’. Узнікла ў выніку пераносу з лагуну (гл.).

Лагу́н6 ’месца, дзе засталася вада пасля патопу’ (Сержп. Прымхі), ’частка лугу каля рэчкі, затопленая паводкавай вадой, якая летам высыхае’ (КТС, Колас, 4). Да лог ’нізкае месца, лагчына’, ’гразкая частка дарогі праз луг’ (гл.). Аб суф. ‑ун гл. Сцяцко, Афікс. наз., 174.

Лагу́на ’мелкаводны заліў, аддзелены ад мора пясчанай касой’ (ТСБМ). Запазычана, відавочна, з рус. лагуна ’тс’, якое праз ням. мову запазычана з іт. laguna < лац. lacūna ’паглыбленне, яма’, ’лужа’, ’багна’ (Клюге₁₇, 418; Фасмер, 2, 447; Слаўскі, 4, 27).