Лагода ’прыемны спакой, хараство’, ’згода, дружба, прыязнь’ (ТСБМ), лагодзіць ’ладзіць, улагоджваць, дагаджаць’, ’мірыць’ (Нас.), ’лашчыць, прывабліваць’ (ТСБМ), дзярж. ’майстраваць’ (Нар. сл.), лагодзіцца ’мірыцца’, ’рабіцца паблажлівым, літасцівіцца’ (Нас.). Укр. ла́года, ла́гід ’лагода’, ла́годження ’рамонт, выпраўленне’, ’рыхтаванне’, рус. ла́годить ’ладзіць, мірна ўлагоджваць’, ла́года ’лагода, парадак’, ст.-рус. лагодити ’рабіць прыемнае’, ’патакаць’ (XI ст.), ст.-польск. łagoda (XVI ст.), каш. łagoda, польск. łagodność, н.-луж. łagoda, в.-луж. lahoda, чэш., славац. lahoda ’прывабнасць, хараство, чароўнасць’, славен. lágoda ’зло, гарэзлівасць, свавольства, слабасць, нізасць’, lágod, серб.-харв. ла̏года ’прыемнасць, задаволенасць’, ’выгода’. Прасл. lagoda ’парадак, гарманічнасць, згода’, ’выгода, зручнасць, дабрата, прыязны прыемнасць’, якое паходзіць ад < *laga, што мае адпаведнікі ў літ. lóga, logà ’куча’, ’рад, кратнасць’, ’чарга’, logúoti ’складаць, прыводзіць у парадак’, лат. lãga, lãgs ’слой’, ’парадак’, ’здатнасць, здольнасць’. Утворана пры дапамозе суф. ‑oda, напр., свабода, ягада (Буга, Rink., 1, 450; Зубаты, AfslPh, 16, 397; Эндзелін–Мюленбах, 2, 436–437; Фрэнкель, IF, 69, 136; Фасмер, 2, 446). Беспадстаўныя сумненні Бернекера (1, 684), калі ён суадносіць lagoda, прымаючы ў якасці асноўнага значэння ’слабасць, падатлівасць’, з і.-е. *(s)lēg ’слабы’, лац. laxus ’свабодны, які вольна звісае’, ’лагодны’, ст.-ісл. lākr ’благі, малакаштоўны’, ст.-в.-ням. slah ’слабы’. Таксама Младэнаў (268); Махэк₂ (317–318) мяркуе, што lagoda з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем ад lagoditi.